я ў адзіноце
Сканаю, страціўшы
сваю зямную вось.
РУКУ ДА НАГІ
Прывязалі мне руку да нагі,
Але вельмі добрыя людзі.
Не каб нехта благі!
А ад добрых - няхай ужо будзе!
ВАСЬМІ-З-ПАЛОВАЙ-ПАВЯРХОВЫ ПАДЦЭНЗУРНЫ ВЕРШ
Я бачу, як шматпавярхова
Размаўляе паэт з сусьветам:
Шасьціпавярховай актавай,
Чатырнаццаціпавярховым
санэтам.
Сусьвет той шматпавярховы
На маю дзявочую памяць
Прыводзіць нейкія словы,
Якіх мне, на жаль, ня ўцяміць.
САНЭТ З ПРЫЧЭПАМ
Санэт ёсьць форма вершаваных твораў
Дакладна з чатырнаццаці радкоў:
Катрэнаў двух (казаў Міхась Лынькоў),
Тэрцэтаў двух (казаў Філіп Кіркораў).
Ня менш за форму тут істотны зьмест,
Звычайна філязофскі і глыбокі.
Спачатку ўсе ягоныя вытокі,
А потым вынік, і - let's have a rest.
У нас заўсёды гонар і дарога
Тым, у каго санэтаў вельмі многа,
Пішэце ж іх, чаго вам не стае?
Тых, у каго ніводнага санэта,
Ўсіх праглыне марудлівая Лета
Або, наадварот, яны - яе,
Што нават горш нашмат, няма размовы,
Бо чалавек жа не гумовы!
ТРЫЯЛЕТ З ХВОСЬЦІКАМ
У двох дамоў паехаў дах,
У бок які - ня ў гэтым справа.
Суседнім двом ужо цікава.
У двох дамоў паехаў дах
Наступных, нахіліўся гмах
Суседні зьлева, потым справа...
Ва ўсіх дамоў паехаў дах,
У бок які - ня ў гэтым справа.
Або камусьці шчэ цікава?
БЕЛАРУСКАЯ БАТАЛЬНАЯ БАСЭТЛЯ
Бяскрыўдна, бясхмарна, бяскроўна
Бандыты бамбілі бліндаж.
Бліскуча бялела бавоўна -
Бялізнавы бацькаў багаж.
Бы баба, бабахала бойка
Блажэючых бронемашын.
Брыгада бэтоншчыкаў бойка,
Бязгучна бухала бэнзын.
Барбосам брахала балёнка,
Барашкам бляяў бегемот.
Бандыцкая боегалоўка
Бяз болю брукуе банкнот.
Бравурны брандмайстар бязвухі
Бяз бою бярэ бастыён.
Бы бачыць басэйн барматухі,
Бяжыць баявы батальён.
Бяжэце, браточкі-бандыты,
Бязглузды будынак бамбіць.
Бяз бруду буржуйскага быту
Будуйце бясхмарнае “БЫЦЬ”!
ЗЯМЛЯ
Закувала зязюля
Званары загулі
Земляробы зрабілі
Заваліся зямлі
Засінелі засосы
З-за завалаў зямлі
Зыкам звонкагалосым:
“Задзяўблі! Задзяўблі!”
(Зіга Зюзінскі)
СПАЖЫЎЦЫ ЛІТАР
Ходзіць дзед-літараед
З хлопчыкам-літаралопчыкам,
Са стажорам-літаражорам
І баксёрам-літарасёрам.
***
Я заблукала ў кніжнай краме
Паміж паліц са старадрукамі.
Я зачапілася рукамі
За крылы вокладак, цьвікамі
Гатычных літар да радку
Мяне прыбіў анёл зь віньеткі.
А год праз сто ў тваю руку
Я ў выглядзе засохлай кветкі
Неспадзяваным падарункам
Зьлячу і раптам апяку
Цябе балючым пацалункам.
Ты скажаш мацернае слова,
І я сканаю канчаткова.
***
Ён кахаў яе сярод поля
За квітнеючымі садамі,
І аблокі плылі паволі
Па-над вышкамі з правадамі.
А паветра гуло і пела
Тагасьветным таемным гукам.
Выгіналася ў хлопца цела
Ўжо гатовым да стрэлу лукам.
І здавалася поўным шчасьце,
Быццам зьдзейсьніліся ўсе мары:
Ён шаптаў ёй замовы жарсьці,
Цалаваў радзімкі і шнары,
Прагнуў целам і прагнуў вокам,
Прыціскаў да яе свой рот.
А дзяўчына білася токам
І была халоднай, як лёд.
ЛЕТА
Абудзіся, калі раскіне ногі вясна,
Абрасьце валасамі кветак поплаў
І стары ясакар замарудзіць аблокі на
Перакуленым дагары небам цёплым
Дзённым сьвятле,
А сэрцайка б’ецца,
Толькі недзе справа,
І мне здаецца,
Я волас
Паміж ног сусьвету,
І дурной галаве
Ці ёсьць да мяне справа,
Калі нагамі
Надышло лета?