Хлапчукі ўсё не пакідалі дражніцца. Уіль, скачучы, прысядаў і высоўваў язык,
Нарэшце, Джоні ня вытрымаў, ён моцна штурхануў Уіля, зьбіў яго з ног, а потым схапіў і штурхнуў тварам у гразь.
Усе дзеці перапалохаліся і закрычалі.
На крык выбегла маці.
— Чаго ён чэпіцца да мяне, — адказаў на яе папрокі Джоні.—Хіба ён ня бачыць, што я змарыўся.
— Я такі-ж вялікі, як і ты, — злосна сказаў Уіль, заплаканы твар якога быў запэцканы гразёю і крывёю. — Я цяпер такі-ж як і ты, а вырасту яшчэ большым, пакажу табе… вось убачыш, што я жыў ня буду, калі не адплачу табе…
— Ты павінен хадзіць на работу, калі ты такі вялікі,—прамармытаў Джоні.—Гэта будзе справядліва. Ты павінен працаваць.
— Але-ж ён яшчэ вельмі малады, — адказала маці.—Ён яшчэ зусім маленькі хлопчык.
— Я быў меншым і маладзеншым за яго, калі пачаў хадзіць на работу…
Джоні хацеў быў сказаць яшчэ некалькі слоў пра несправядлівасьць да яго, але перадумаў і, адвярнуўшыся са злосьцю, пашоў дахаты. Дзьверы яго пакою засталіся адчыненымі для таго, каб праз іх праходзіла цяпло з кухні. Калі ён разьдзяваўся папацёмку, дык чуў, як маці гаварыла з суседкаю, што прышла да яе.
— Ня ведаю, што сталася з Джоні,—пачуў ён голас з кухні.—Ён раней ніколі ня быў такім. Ён быў надзіва цярплівы… Але ўсё-ж ён добры хлопчык, — сьпяшалася нібы апраўдаць сябе матка. — Ён працуе шчыра і потым ён вельмі зарана пачаў працаваць. Але я ў гэтым не вінавата. Я раблю ўсё, што магу.
З кухні Джоні пачуў плач маткі і прамармытаў сам сабе, плюшчачы вочы: «Так, я ўсё сваё жыцьцё працаваў шчыра». На другі дзень Джоні зноў змагаўся з маткаю, калі япа будзіла. Потым мізэрнае сьнеданьне, хада папацёмку і слабы прамень сьвятла з-за стрэхаў будынкаў, калі ён уваходзіў праз контрольныя дзьверы на фабрыку. Так міналі дні за днямі, і ўсе яны былі падобнымі адзін да аднаго.
Але ўсё-ткі здараліся і зьмены ў такім жыцьці,—гэта, калі ён мяняў адну работу на другую, або калі быў хворы. Калі Джоні было шэсьць гадоў, ён ужо замяняў бацьку і матку для Уіля і другіх меншых дзяцей. З сямі год ён пачаў хадзіць на джутавую фабрыку матаць шпулькі. Калі яму мінула восем год, ён перайшоў працаваць на другую фабрыку. Тут Джоні зарабляў па два даляры на тыдзень, а два даляры гэта столькі, колькі трэба мець, каб не памерці з голаду.
Але калі яму было дзесяць год, ён страціў работу: прычынай гэтаму была шнарлятына. Калі ён ачуняў, дык знайшоў сабе работу на гуце. Плацілі тут крыху лепш і работа патрабавала спрыту. Гэта была зьдзельная работа і чым лепш ён рабіў, тым больш зарабляў.
Работа была вельмі простая: трэба была прывязваць коркі да шкляных пузыркоў. На папружцы ўяго вісеў жмуцік для вязкі. Ён клаў пузыркі на падлогу каля яго так, каб можна было працаваць абедзьвюма рукамі.
Седзячы, сагнуўшыся, над пузыркамі і перагінаючыся цераз калені так, што яго вузкія плечы выдаваліся ўперад, ён працаваў па дзесяць гадзін на дзень, не разгінаючы сьпіны. Гэта было вельмі шкодна для лёгкіх, але затое ён пасьпяваў зрабіць трыста тузінаў пузышкоў за дзень.
Кіраўнік фабрыкі ганарыўся ім і ўсім стараўся паказаць яго. За дзесяць гадзін трыста пузыркоў праходзіла праз яго рукі. Джоні працаваў гэтак-жа скора і дакладна, як машына. Ад такой працы ён стаў нэрвовым, назат у сьне пачаў калаціцца і шавяліць пальцамі; твар яго зьбялеў і кашаль павялічыўся. Потым дастаў запаленьне лёгкіх, і страціў работу ў гуце.
Ачуняўшы, Джоні вярнуўся на джутавую фабрыку. З таго часу нічога ўжо не мянялася, і на другі дзень пачыналася ўсё тое-ж самае, што было ўчора.
Джоні вельмі рана стаў дарослым. З сямі гадоў, калі ён атрымаў першую плату за работу, пачалося яго юнацтва. У ім абудзілася жаданьне быць самастойным, і цяпер ён глядзеў на матку ўжо іншымі вачыма. Ён абыходзіўся з маткаю скарэй за ўсё як роўны. Мужчынская сталасьць выявілася ў Джоні, калі яму мінула адзінаццаць год, калі ён залічыўся на шасьцімесячную працу ў начную зьмену.