ЭЛЕГІЯ № 1
Я зусім яшчэ маладая,
Але ўпала на галаву
I нікога больш не кахаю
I наогул больш не жыву.
* * *
Яны ад’язджалі па альфабэце
І па годзе нараджэньня.
Гэтыя пасьлядоўнасьці супадалі.
Апошнім зьехаў самы малодшы на “я”.
* * *
Мой голас лунае ў прыгожай магільні
У цемрадзі, што касуе час.
Вы можаце слухаць старанна і пільна,
Ды я ўсё адно не пачую вас.
* * *
Яна ведала, чым усё скончыцца.
Рамантычныя казачнікі пішуць ману.
Яна памылася, апранулася, заплюшчыла вочы
І паклалася ў труну.
І прыйшоў Голад. І прыйшла Смага.
Захацелася “Прымы”. Захацелася каньяку.
І прыйшлі дзеці: “Ма, табе блага?”
А муж усьміхнуўся і паціснуў руку.
У яго за сьпінай даўно былі крылы,
З нагавіцы раз-пораз вызіраў белы край...
І яны жылі яшчэ доўга і міла,
І ён штоночы вадзіў яе ў рай.
***
Навошта мне маё жыцьцё бяз
Слова,
Калі Яно і ёсьць маё жыцьцё?
Вазьмі жыцьцё. Пакінь мне
толькі Слова.
Яго я буду мёртвая казаць.
***
Калі было мне тры гады -
я браў з налёту гарады.
А з тых часоў, як пасталеў,
ніяк не заваюю хлеў.
НА МАСТАЦКАЙ ВЫСТАВЕ
Разьбягаюцца вочы -
я хутка зраблюся
касым.
Разьбягаюцца вочы -
баюся,
каб ня зьбеглі зусім.
***
на дне
дня
асадак
згадак
***
Ёсьць людзі блізкія,
а ёсьць і проста недалёкія.
Але найгорш -
калі два ў адным.
***
У цяжкім змаганьні зь лянотай
перамагло сяброўства.
* * *
Думаў: зараз прыляціць натхненьне,
а яно прыпёрлася на мыліцах.
Атрымаць хацеў задавальненьне,
а задавальненьня не атрымліваецца.
* * *
Рэчаіснасьць мне заткнула рот,
загадала тэрмінова ўніз ісьці
(А магло б жа здарыцца наадварот:
пайшоў бы ўверх,
сам заткнуў бы пашчу Рэчаіснасьці!)...
АБ МЕСЦЫ ЧАЛАВЕКА Ў СУСЬВЕЦЕ
Кожны павінен займаць сваю нішу:
Машыну - Маша, а Мішаву - Міша.
Жора і Лора, Галя і Толя -
кожны сваю адыграць мусіць ролю.
Толькі ня блытайце нішы, бо можа
ў Грышу тады закахацца Сярожа.
Дзіма з Антонам і Таня са Сьветай
разам парушаць законы сусьвету...
Вой, паглядзеце: Сёма і Гога
лаюцца матам адзін на аднога,
лупяць адзін аднаго і мяцеляць -
нішу, напэўна, ніяк не падзеляць.
ТРЫ ПЭДАЛІ ДЛЯ ГОНШЧЫКА
* * *
Яна чытала Гумілёва.
Ён слухаў і казаў: “А клёва!”
ЛЕБЯДЗІНАЯ ПЕСЬНЯ РЭАЛІСТА
Як чытаем верш бяз рыфмы -
бы наскокваем на рыф мы.
Трохі меншу вершах ям бы!
Значна лепш - харэі, ямбы...
Калі вершы маюць рытмы -
адчуваем калярыт мы.
Ну а ў вершах новай формы
чуем бразгат аб фарфор мы
***
- Чаму ты прамаўляеш хорам?
- Адному - сорам.
НЯ ЎСЁ TOE ЗОЛАТА, ШТО 3 ВОЗУ ЎПАЛА
- Чаму вада
не цячэ пад камень,
што на сэрцы тваім? -
пытаеце вы.
- Я чалавек
з залатымі рукамі,
толькі без галавы.
***
Я штатная Муза Саюзу пісьменьнікаў.
Назоўнікаў ведаю шмат і займеньнікаў.
Валодаю ўсімі памерамі й рымамі
I марамі масаў усімі магчымымі.
Я сэрцы мільёнаў ціхутка памацаю
I зь іх павыцягваю ўсю інфармацыю,
Каб гутарку весьці з народам карысную
Пра існае ў сьвеце або пра няіснае.
Нарэшце, калі мы такія крутыя,
Навошта нам, Музам, пісьменьнікі тыя?
Мы можам што хочаш даволі прыстойна
Пісаць, друкаваць і чытаць самастойна!