***
Могілкі. Цёмна. Крыжы. Камяні.
Ствол ён наводзіў і ў сэрца цаляў.
Нехта праехаў на белым кані -
зноў зараджаў і са злосьцю страляў.
Лёгка працуе рыдлёўка ў зямлі,
вось і застаўся апошні патрон.
Гэта па небе прайшлі караблі...
Цяжка заўсёды ўздымацца на трон!
***
Ні цыгарэт, ні наркаты...
Туман сьцяліўся па зямлі,
а за вакном раўлі каты.
I я сказаў: “Ну вось, прыйшлі”.
Няма каго цягнуць за хвост,
таму гуляла ўсё сяло,
таму за гэта - першы тост.
Але мяне там не было!
***
Гэты горад, марудны, як трактар,
гераічна вісеў на бярозе.
Праляталі талеркі над трактам,
хоць сказаць гэта лепей бы ў прозе.
“Прывітаньне! - крычалі нам зоры, -
Не патрэбны ні оды, ні гімны”.
Па якімсьці касьмічным узоры
ты - мураш, а сусьвет - неабдымны.
***
Мне кахаць бы вас, дзяўчаты,
па гары вясёла бегчы!
Мой паход да вас пачаты -
я кручуся, нібы ў сьмерчы!
3 вэнэрычнаю хваробай
несьціся, дзе носяць чэрці,
каб размотвала вантробы!..
I спыніцца. I памерці.
***
Расталі ў зімовай лядоўні
на гэтай вясёлай плянэце
маленькія промні-далоні:
катаўся бландын на брунэце.
І плавіцца тоўстая корка,
гайдаюцца доўгія ногі
і хутка зьбягаюць з пагорка.
Ніхто не саступіць дарогі...
***
Чатыры маленькія рыбкі
Срабрыста-сьцюдзёнай зімою
Ля помніка Янкі Купалы
3 палеглым у бітве героем
Гулялі ў футбол на траве,
Каб памяць людзкая ня згасла,
А іх распранулі прылюдна,
На булку намазалі масла.