— Дзед ніколі не шкадаваў ігруш для мінакоў! — пакрыўдзілася хворая. — Проста галіна сьцебанула таварыша навукоўца па твары. Моцна, да крыві… Можа быць, гасподзь падаў яму знак спыніцца на той крывавай дарозе, на якую ён стаў? Але каты ніколі не спыняюцца, каты нават паміраюць катамі. І чаго так блізка да плоту пад’ехалі? І чаму гэты нягоднік не адхіліўся? Як сьпецыяльна… Касіянаў раскрычаўся — кантррэвалюцыйны замах. А дзед яшчэ пачаў пярэчыць, што ня трэба сьсякаць дрэва.
— А што той, навуковец?
— Нібыта ціха сядзеў… Нават супакойваў сябрука-ката: маўляў, нічога. Добранькім хацеў падацца, сволач. Мне пра яго пасьля расказалі: палову універсітэту свайго перасадзіў, гад. Скаловіч ягонае прозьвішча… Нават у энцыклапедыях дасюль ёсьць. Геній, ці ж бачыце, у хіміі. Нічога, самога праз год разам з ахвярамі расстралялі. А дзеда забралі тым жа вечарам. Ён і хавацца ня стаў – навошта? Людзей нават у Казахстане, у Сібіры знаходзілі. Бабуля насіла перадачы ў турму. Яна была цяжарная маёй маці і чакала гадзінамі кожны дзень у чарзе такіх жа сваякоў арыштаваных — няшчасныя кабеты з клуначкамі... Год хадзіла… А пасьля ў яе аднойчы не прынялі перадачу. А ў трыццаць сёмым забралі і бабулю. Маці выхоўвалася ў дзіцячым доме. Гэта цуд, што бабуля выжыла ў лагеры для жонак ворагаў народу. Называўся ён экзатычна — “АЛЖИР”, “Акмолинский лагерь жен изменников родины”. Другі цуд — што выйшаўшы на волю, пасьля вайны, яшчэ да пачатку “рэабілітансу”, знайшла сваю дачку, тады ўжо трынаццацігадовую дзяўчынку, худую, як запалка, і апантаную піянерку… Якая пасьля спрабавала атруціць злачынную маці.
— Як гэта? — разгубілася Даліла. — Дзіця?
— А што — дзіця? — прабурчэла старая. — Дзеці — яны і ёсьць найлепшымі катамі, бязьлітаснымі, вынаходлівымі… Што Аркадзь Гайдар, які ў пятнаццаць гадоў уласнаручна расстрэльваў белагвардзейцаў, што кітайскія хунвэйбіны, якія абмазвалі смалой сваіх школьных настаўнікаў і клалі на сонца… І праз кожныя некалькі гадзінаў — пакуль няшчасныя варушыліся — падмазвалі яшчэ… А высакародная ідэя, каб апраўдаць дзіця-забойцу, знойдзецца заўсёды. Маёй маці было трынаццаць гадоў, яна пакутвала, што жыве з ворагам савецкай улады… Вось тут, у гэтым дамку ля могілак… Ды яшчэ пасьля лагероў мая бабуля не была надта прыветнай ды ласкавай. Піянерка аблупіла галоўкі ад серніцаў — цэлую пушку ўзяла — і натрушчыла ў каву… Яны тады пілі жытнюю каву — з перасмажаных зерняў.
— І што? Вашая бабуля заўважыла? — зацікавіўся Едрусь. Разалія Іванаўна няўхвальна паглядзела на ягоную фрызуру — валасы забраныя ў хвост, ды яшчэ бялявая коска таўшчынёй з лазіну зьвісае над вухам, пераплеценая чорнай ніткай.
— Выпіла мая бабуля тую каву… Але арганізм, відаць, загартаваны быў да любой атруты. Паванітавала — і нічога.
— А потым — як жа? — жаласьліва спытала Даліла, падумаўшы пра сваю зеленавокую дачушку Віку, што зараз адрывае лялькам парэпаныя пластыкавыя ногі ў гульнявым пакоі групы нумар дзесяць дзіцячага садка завода ацяпляльнага абсталяваньня.
Галава Разаліі Іванаўны трэслася, нібыта старая адмаўляла тое, што гаворыць.
— А потым — мая маці прызналася… Бабуля даравала… Хаця да канца яны адна адну так і не прынялі.
Разалія Іванаўна памаўчала.
— Калі мая маці падрасла, здаецца, тое-сёе зразумела… Прынамсі, чаму ў гэтай хаце піянеры б’юць вокны. А яшчэ пачытала запісы сваёй маці пра тое, што давялося перажыць у турме і ў лагерах. Я таксама пасьпела пачытаць… І прозьвішча Касіянаў было там на кожнай старонцы. Сёньня сказалі б — садыст… Хаця сам ён ніколі нікога ня біў. Нават пальцам, казалі, не крануў. Але што ён вытвараў з людзьмі! Быццам хацеў сьцьвердзіцца ў думцы, што любога чалавека можна давесьці да стану жывёлы. Вызваліць з ягонае душы зьвера, а потым — ператварыць зьвера ў казюрку… Нікчэмнасьць… Сапраўдную навуковую сістэму распрацаваў.
Разалія Іванаўна перарывіста ўздыхнула, і Даліла пасьпяшалася падаць ёй вады ў кубачку з застарэлымі пісягамі ад густой заваркі ўнутры і намаляванымі вішанькамі звонку. Старая прагна выпіла.
— Дзякую… Гэта называецца — ёсьць каму вады падаць… Мая бабуля ўсё паўтарала — што ёй не падасьць перад сьмерцю ніхто. А мая маці страшэнна злавалася. Яна ж была студэнткай медвучылішча, марыла ратаваць параненых на полі бою. Усё роўна, дзе тое поле бою — ясная справа, “нашы” будуць ваяваць за высокую справу. І бацьку майго яна сустрэла падчас гэткіх “вучэньняў”. Уключалі сірэну, усе, хто ішоў у гэты момант па вуліцы ці гуляў па прысадах парку, абвяшчаліся ў зоне паразы хімічнай зброяй… Вось бацька мой, курсант, і патрапіўся — рупная дзяўчынка-сандружыньніца ўпарта пераконвала яго, што ён цяжка атручаны, і мусіць легчы на насілкі.