Выбрать главу

Калі маці выйшла замуж за майго бацьку, нават помнік Сталіну на Кастрычніцкай плошчы пасьпелі зьнесьці. Таварыш Касіянаў вырашыў ратавацца… Вядома, чужымі пакутамі. Вынаходзіць новыя справы. Ён адсачыў сваіх былых “кліентаў”… Мой бацька быў вайсковец. У вайну застаўся сіратой, служыў сувязным у партызанскім атрадзе. Скончыў артылерыйскую вучэльню. Вядома, сувязь з сям’ёй ворага народа даказвала, што ён — шпіён. Маіх дзеда і бабулю яшчэ не пасьпелі рэабілітаваць… Бацька ня вытрымаў ганьбы арышту. Седзячы ў камеры, загнаў у горла алюмініевую лыжку. Так я і вырасла — пад ненавісныя спрэчкі двух пакрыўджаных лёсам кабетаў аб тым, ці шмат дала нам савецкая ўлада і хто вінаваты ў сьмерці мужчынаў з роду. А потым зьявіўся Сева…

Бабулька ўзяла фотаздымак, заклеены плёнкай, і беражліва схавала між старонак альбому, нібыта зачыніла ў шафу знакаміты шкілет, які мусіць мецца ў кожнай сям’і.

— І чаму ён уздумаў засіліцца на ігрушы? — цяпер Разалія Іванаўна не гаварыла, а шаптала. — Гэта лёс? Ці ён даведаўся? Калі б ня тая ігруша… Чаму я ні разу не знайшла яе… Можа быць, дастаткова было б адламаць адну галінку… Многімі і разнастайнымі чынамі прыносяць людзі ахвяры нескароным анёлам, казаў блажэнны Аўгустын, які так любіў сваю маці, што адрокся ад маці свайго сына. А я?

Голас старой стаў зусім нягучны. Едрусь зірнуў на Далілу і пакруціў пальцам ля скроні. Даліла спачувальна прыўзьняла бровы. Хвораму і дурнап’яну есьці ня трэба…

Аднойчы яны зайшлі да бабулі ўтрох. Чарнявая Даліла ў чорным (туніка з матузамі), бялявы Едрусь таксама ў чорным (майка з выявай пражскага габрэя Кафкі), а чарнявы Генусь, арыгінал такі, у марынарцы. Падобна, чорнае хутка стане фірмовым адзеньнем нашай каманды.

— Ну, дзе твая бабулька?

— Ціха, не шуміце, сьпіць яна, відаць.

Аднак на ложку, пад коўдрай з гарэзнымі надпісамі “Чыкага” — о, вялікі сэканд-хэнд, ты зьядноўваеш народы! — старой не было.

— Ды куды ж яна падзелася? Запалі сьвятло, Едрусь…

— Ляжыць! Тут, у куце, пад абразамі… Памажы…

— Разалія Іванаўна! Спадарыня Разалія! Чуеце?

— Зараз… Як жа... Пачуе… Яна… яна… не цалкам… Яна разрэзаная…

— Не гарадзі абы-што, Тэрмінатар.

— Каб я здох! Дзе ейная галава? І плечы? У сьценцы, ці што?

— А кроў тады дзе? Ой, халера… Праўда, нібы ў сьценку ўвайшла…

— Давайце паспрабуем адцягнуць яе…

— Не чапай! Міліцыю трэба!...

— Пасьпееш… Лепей цягні… Вось... Галава… проста са сьценкі выходзіць… І рукі…

— Цэлая твая старая. Але… Матка Боска… Усё роўна…

— Можа, укол які трэба зрабіць? Даліла, у цябе ж ёсьць…

Але ніякія ўколы Разаліі не былі патрэбныя. Нават корань мандрагоры ня мог разбудзіць сваім несамавітым крыкам гэтае цела. Старая глядзела ў чорную столь вачыма такімі нерухомымі, што здавалася, па іх можна пастукаць, як па шкле.

І тады Едрусь падышоў да сьцяны і паспрабаваў дакрануцца да шпалераў з выцьвілымі ружамі…

Гульня №1

Пасьля мы спрабавалі адзін аднаму пераказаць, што адбываецца па той бок сьцяны. Словы падалі, як цьмяныя штучныя перліны, ня здольныя адлюстраваць нічога. Вядома, мы шукалі адказы, чаму менавіта ў хаце Разаліі Іванаўны ўтварыліся дзьверы ў іншы час, і як такое ўвогуле магчыма. Яшчэ да таго, як да Гульні далучылі мяне, Макс адкапаў у Інтэрнеце зьвесткі пра Чорны Камень на ірландскай ферме, ля якога час ад часу зьнікалі жывёлы і нават людзі, пра зялёную калону з жоўтымі прожылкамі ў левым куце мячэці маленькага гарадка Саудаўскай Аравіі, ля якой ніколі ня моляцца, бо аднойчы раніцай убачылі, што з каменю высоўваецца рука… Рука немаладога мужчыны, спрацаваная, з чорнымі пазногцямі, аголеная па локаць… Руку сузіралі цікаўныя цягам часу між дзвюма ранішнімі сьпевамі пеўняў, глядзелі, як б’ецца жылка на запясьці, а потым рука варухнулася і ўцягнулася ў калону, як сьлімак у сваю ракавінку. Самае страшнае, казалі сьведкі — менавіта кантраст паміж будзёным, нехлямяжым, прафанным выглядам канечнасьці — і неверагодным, звышчалавечым яе месцазнаходжаньнем.

На лонданскай Канон-стрыт, насупраць Кітайскага банку, у закратаванай нішы захоўваецца камень Брута. Саксонскі кароль Этэльстан распавёў летапісцу, як ён праз гэты камень хадзіў па сваю карону. Вытанчаная срэбная карона нагадвала ўпрыгожаньні піктаў у часы росквіту іх цывілі­зацыі, якая пры Этельстане заняпала да людажэрства і касьцяных упрыгожваньняў. Паўстанец Джэк Кэйд нібыта пры дапамозе каменю Брута зайшоў у Лондан і спаліў яго, і абвесьціў сябе каралём Мантгомеры… Хаця які сэнс абвяшчаць сябе каралём пажарышча — ведае толькі егіпецкі бог Гор, адказны за самалюбства.