Выбрать главу

І гэтак далей, далей… І паспрабуй адрозьніць, дзе спрацавала фантазія затурканага начальствам журналіста, якому абавязкова — дайд-лайн праз гадзіну — трэба скінуць у ленту навінаў сем сенсацыйных паведамленьняў, а дзе — рэальныя падставы паўтараць словы Гамлета да Гарацыя… Ёсьць, маўляў, многае на сьвеце…

Сьвет нагадвае скамечаны ліст паперы, таму нам у ім няўтульна, і мы ўвесь час сасьлізгваем з абранага шляху. А тут патрапілі на самы згін, сьцерты так, што ўтварылася невялікая дзірачка…

Куды можна выйсьці праз такое выпадковае вакенца?

Запісы Разаліі Іванаўны ў зялёным нататнічку з залатым надпісам “Ле­нинград” пачыналіся: “Менск, 1933 год”.

Лагічна было падумаць, што ты трапіш на тое самае месца, дзе цяпер знаходзішся, толькі ў іншым часе, і першае, што ўбачыш — яшчэ не зруйнаваныя могілкі, касьцёл, капліцы, расьпісаныя знакамітым мастаком Янам Дамелем…

Але ня ўсё так проста… Ня ў госьці схадзіць да бабулі Ганны на бліны ці да суседа Радаслава на каньяк. Ты прабіраешся Туды, у чужы асяродак, нібыта спрабуеш скрозь поліэтыленавую плёнку дакрануцца да чужога аголенага цела. Кагосьці часткова замяшчаеш, выціскаючы яго таксама некуды… І прыцягвае цябе абавязкова яна, Сьмерць.

І плата за знаходжаньне Там была высокая. Як за знаходжаньне ў любым чужародным асяродку — у вадзе, агні, на лютым марозе ці страшэннай вышыні. Стан трохі падобны на ліхаманку пры высокай тэмпературы… Хвіліны забіралі гады. Гэта на прыкладзе Разаліі Іванаўны было відно.

З таго, што запісала Разалія, вынікала: яна ўпарта спрабавала выправіць лёс свайго роду, скручаны, як жалезны крыж, у які ўдарыла маланка… Абрэзаць галінку дзедавай ігрушы…

Мы, цынікі-маргіналы, пасьмейваліся: няшчасная Беларусь зацыкленая на пладовых дрэвах. Ігруша на беразе Дняпра з прэлюдыі “Каласоў пад сярпом тваім”… Ігруша з постмадэрновага раману гомельскага літаратара Балахонава, у ствале якой кінутая кабета пахавала труп забітага каханка… І зноў “Імя ігрушы”.

Бабулька ўсур’ёз спадзявалася, што як толькі галінка зьнікне — павінен зьнікнуць і высокі жалезны крыж з бляшаным вяночкам на ўскрайку могілак. Дзе ляжыць ейны Сева.

Даліла, вядома, узяла да галавы. Выканае, маўляў, запавет…

Але сьмерць кожнаму прапаноўвае сваю галінку.

І кожны сам выбірае, ці гуляць яму са сьмерцю…

Чаму дасюль вінавацяць ангельскага мастака-дэкадэнта Обры Бердсьлея ў распусьце? Ён быў прававерны каталік… Але хварэў з васьмі гадоў на сухоты. Кажуць, хворы на сухоты ў пэўны момант свае хваробы перажывае павышаную сэксуальнасьць.

Багдановіч, таксама хворы на сухоты, пакінуў дзёньнік, дакладней, некалькі алоўкавых запісаў на аркушах паперы пра адносіны з замужняй жанчынай Клавай. Бердсьлей, які ненадоўга перажыў Багдановіча, маляваў падоўжаныя, як у блёкаце, белыя жаночыя целы з чорнымі кветкамі граху.

Перад сьмерцю пакаяўся. Папрасіў спаліць грахоўныя малюнкі, асабліва ілюстрацыі да “Лісістраты” — неверагодна вялізныя напружаныя чэлесы, белыя жаночыя сьцёгны, як узьбітыя вяршкі…

Менавіта хвароба спараджае падвышаную пачуцьцёвасьць ды эмацыйнасьць. Здаровы, па-прыроднаму здаровы чалавек ураўнаважаны і ня стане засільвацца з-за таго, што самка адмовіла яму ў спарваньні альбо чужая бабулька папрасіла сьпілаваць галінку ігрушы коштам у некалькі гадоў твайго жыцьця.

Але ніхто з нас ураўнаважаным ад пачатку ня быў.

Першым Туды пайшоў Едрусь.

Мой Едрусь. Худы бялявы рокер з блакітнымі вачыма, няспраўджаны млынар…

…Чалавек, на якога глядзіць Едрусь, крануў пяром аркуш. Маленькая кропачка атраманту… Быццам першая ракавая клетка. З яе можа вырасьці літара, потым — метастазы словаў… сказаў… Сьмяротная пухліна.

“Я, Павал Глебавіч Налецкі, 15 красавіка быў запрошаны на невялікі банкет у дом прафесара гісторыі Люцыяна Нічыпаровіча з нагоды дня народзінаў гаспадара. Паколькі я працую з прафесарам у адной установе (Бел. універсітэт), і паколькі я ведаў, што сярод гасьцей будуць комуніс­ты і комсамольцы, я вырашыў пайсьці. Хаця да мяне даходзілі чуткі, што прафесар Нічыпаровіч яшчэ не да канца пераадолеў у сабе буржуазна-ліберальныя ўхілы…”

Пяро затрымалася… Павал Глебавіч асьцярожна паклаў яго. Нібыта яно магло выстраліць… Па вялікім рахунку, можа. Налецкі незаўважна для сябе пачаў разважаць услых. Не, не, гэта невыносна… За што такое на старасьці гадоў… Калі яго змусілі напісаць “адчот” пра тую злашчасную вечарынку ў педтэхнікуме, ён жа не напісаў нічога кепскага... Выбіраў кожнае слова… Але як, як ён мог не згадаць пра выбрык гэтага ненармальнага шляхцюка з Камароўкі Апіевіча! Гарлаць пры сьведках пра тое, што няшчасную Беларусь падзялілі між Усходам і Захадам, і топчуцца, і разрываюць яе жывое цела…