Выбрать главу

Дваццаць гадоў таму і сам Налецкі мог кінуць падобнае ў твар нават жандарам… Тады ён ня быў баязьліўцам. А цяпер… Ён жа вымушаны… У яго жонка… Дачка… Не за гарэлы блін душу аддаць… Ня ён — дык іншыя напішуць. Ды што крывіць? Колькі пер’яў рыпяць у гэты ж самы час, апіс­ваючы застольле ў Нічыпаровіча! І, напэўна, тыя, што старанна выводзяць літару за літарай, не вярэдзяцца, яшчэ й перакананыя, што робяць добрую справу… Асабліва – той, чарнявы мярзотнік Валяр’ян Скаловіч, што сядзеў за сталом насупраць. Нездарма ж сябруе з галоўным катам горада, Касіянавым. Налецкі сам бачыў, як ехалі яны разам у шыкоўным чорным “Фор­дзе”. Дзіва што – хто з такім тыпам, як Скаловіч, будзе яшчэ сябраваць? Скура белая, быццам з сутарэньняў ніколі на сонца не выпаўзаў. Неахайныя цёмныя валасы, нібыта ніколі не прычэсваецца. І гэта на пятым дзясятку, прафесар! Вочы зьедлівыя, нос вялікі, кручком. Але зьнешнасьць нічога ў параўнаньні з характарам. Кажан. Не зразумела, чаму Нічыпаровіч яго так любіць. Глядзіць — нібыта бацька на хворага сына. Не адымеш, Скаловіч — геній у хіміі. Каб хацеў — даўно апынуўся б зноў у якой Сарбоне… Грахі не пушчаюць, ці што? Успомніць толькі гісторыі з закаханымі студэнткамі… Што яны знаходзілі ў гэтым мярзотніку? Ён жа ўсьміхацца нармальна ня ўмее. Выгляд, нібыта з жанчынай ні разу ў жыцьці не цалаваўся.

Так, гэты ня будзе вагацца — даносіць або не. Кажуць, нават студэнтаў сваіх не шкадуе, пасылае на перавыхаваньне ў ГПУ.

Ён, Налецкі, ніколі ня будзе перакананы ў тым, што данос можа быць добрай справай.

Апіевіч павесіўся б усё роўна — пісаў пра яго, не пісаў… Акрамя таго — ён жа, у адрозьненьне ад некаторых, не падлюга.

…Ён — узважвае — кожнае — слова.

З фотаздымкаў у зялёных рамках на гаспадара пакоя глядзелі добрыя ўсьмешлівыя вочы. Зьезд славістаў… Гадавіна вясельля з Ганнай… Дачка — на лецішчы ў Ліфляндыі, у матросцы, на трохколавым роварчыку…

Пяро ізноў кранула паперу, нейкім рыўком, нібыта ўпілося ў яе сваёй жалезнай дзюбай.

“Акрамя мяне, сярод гасьцей знаходзіліся загадчык кафедры неарга­нічнай хіміі БДУ Валяр’ян Скаловіч, выкладчык педтэхнікума літаратуразнаўца Пятро Замоцкі, паэт Зьмітрок Кадура і яшчэ два чалавекі, якіх я асабіста ня ведаю. Аднаго звалі Андрэем, другога Антонам. Апошні быў у суправаджэньні жонкі. Яе імя я не запомніў.”

Запомніў, яшчэ як запомніў! Антаніна. Антон і Антаніна… Абодва студэнты. Ён — вучань Нічыпаровіча, будучы філолаг, камсорг універсітэту, яна — хімік. Прыгожыя, маладыя… Асабліва адметныя ў яе вочы: зялёныя, як смарагд, і з разрэзам, быццам у Неферціці…. Як Антаніна пагардліва зірнула на яго, Паўла Налецкага, старога, сьсівелага навукоўца з сусьветным імем, калі ён сказаў, што ня варта трымацца за старыя ілюзіі, хіба мала — сумленна працаваць, рабіць сваю справу. Каб захаваць хоць нешта для нашчадкаў, для тых, хто захоча адкапаць гэтую Трою, засыпаную палітычнымі пяскамі…

Пра тое, што яна яму сказала, ён не напіша.

“Беларусь разадралі напалам, вынішчаюць яе лепшых сыноў, дасылаюць кіраваць ёю чужынцаў… Катаў з іншых краёў, малаадукаваных, без сумленьня, без чалавечнасьці. Але Беларусь моцная. Яна не памрэ. А вось дзеля яе варта памерці”.

Застаецца спадзявацца, што Скаловіч тых словаў ня чуў. Вось ужо ад гэтай студэнткі любоўных цыдулак мярзотнік не дачакаецца.

Налецкі і сам калісьці думаў, як Антаніна. А цяпер… Хто ён цяпер? Ён усё яшчэ верыць, што можна збалансаваць паміж подласьцю і сумленнасьцю?

Можа быць, варта выкрасьліць сказ пра буржуазна-ліберальныя ўхілы? Але ж пра гэта пісалі ў “Звязьдзе”… Не было б Рымшы — дык быў бы чорт іншы… Калі не напісаць — атрымаецца, што ён замоўчвае, альбо — барані Божа! — падзяляе погляды Нічыпаровіча…

Насамрэч, вядома, падзяляе. Нічыпаровіч — ня тое каб душэўны сябра, але калега самы паважаны, высакародны па-старасьвецку, да наіўнасьці…

“Мы пілі віно партвейн, а яшчэ гарэлку, якую прынёс паэт Зьмітрок Кадура. Я выпіў таксама, таму мала памятаю, што гаварылі за сталом. Размова насіла бытавы характар. Памятаю, што Кадура чытаў свой верш, у якім давалася апісаньне буры. Магчыма, тут быў нейкі палітычны намёк, але, паколькі я быў п’яны, я гэтага дакладна не зразумеў”.