Выбрать главу

Рэвалюцыя гукнула голасам колішняга суседа: “Бач, панам зрабіўся! А да обчаства вяртайся, у гной!”

Было невыносна цяжка… Але з крыві і гразі паўстала Беларусь. Тое, пра што ня марылася ў самых сьмелых мроях. Такія ж сялянскія сыны задумалі стварэньне акадэміі і універсітэту — у якіх гаварылася б на мове тутэйшага люду. Ён прыняў запрашэньне, не разважаючы.

А потым…. А потым былі гады волі і веры, якія паступова зьмяніліся на адчуваньне, што сядзіш у палонцы, вада ў якой паволі замярзае, ператвараецца ў лёд, і вось-вось абхопіць цябе цьвёрдымі халоднымі абцугамі, і згасіць апошнюю жарынку жыцьця… Маленькія саступкі новай уладзе — добра, я звольню гэтага асістэнта… Галоўнае — не чапайце кафедру. Добра, мы аб’яднаем нашы кафедры… Але дайце магчымасьць выкладаць надалей. Добра, я ня буду называць у лекцыі тыя імёны — пакіньце гэтыя… Яны таксама вартыя. Добра, далучу да шэрагу вартых прозьвішча аднаго патрэбнага і важнага пустазвона… Ну хаця б у такім выглядзе гэта надрукуецца?

Ён падпісваў паперы, згаджаўся — вядома, з агаворкамі, з адваёвамі нечага ўзамен на нешта… Але ад душы адкусвалі кавалачак за кавалкам, і яна сьцякала сумленьнем… Першым ня вытрымала не душа — сэрца.

Павал Глебавіч устае… Пяро падае на стол з цёмнага дрэва, кроплі атраманту на пашарпанай паверхні амаль ня бачныя. Як кроў на крыві. За што? Як жыць далей з гэтым на душы? Дрыжачая рука імкнецца скамечыць ліст… Боль, які перапаўняе сэрца, раптам выплюхваецца, ахоплівае ўсё цела… Налецкаму здаецца, што над ім нахілілася тая амаль незнаёмая дзяўчына Антаніна, чужая жонка, і шэпча: “Так будзе лепей…”

Едрусь, задыхаючыся, глядзеў на чалавека, які ўпаў на падлогу. Які боль… Нібыта спыняецца сэрца. Але ж увесь гэты час госьця з будучыні як бы тут не было — не варухнуцца, не ўмяшацца ў падзеі. Блёкат? Сон? Але ж госьць сачыў, як гаспадар пісаў свой “адчот”, запомніў кожнае слова… І пры гэтым — не адчуваў уласнага цела. Ён што, таксама памёр? Едрусь амаль у жаху паспрабаваў варухнуцца. Дзякуй Богу, цяпер можа рухацца. Правёў рукой па твары... Хістаючыся, нахіліўся над гаспадаром… Павал Глебавіч Налецкі глядзеў у столь шырока адкрытымі, нібыта зьдзіўленымі, вачыма, у кутках якіх блішчэлі сьлёзы. Рокер асьцярожна дакрануўся да рукі гаспадара… Адчуваньне — нібыта спрабуеш нешта ўхапіць пад хуткай плыньню… Пульса няма. Можа, трэба зрабіць нейкі масаж сэрца?

Але Сьмерць паставіла тут ужо сваё кляйно. Едрусь нібыта адчуваў яе нялюдскі, цяжкі гнеў на недазволенага сьведку ейнай працы.

Трэба адсюль сыходзіць…

Перад тым, як выйсьці з пакою, упрыгожанага пажаўцелымі фота­здымкамі ў зялёных рамках, госьць скамечыў і сунуў у кішэню сьпісаную няроўным старэчым почыркам паперу.

Вядома, першы раз Едрусь не пасьпеў нічога толкам ні разгледзець, ні паспрабаваць зьмяніць — гэта пасьля мы адзін за адным пачнем тузаць за ніты ня намі сатканага сувою.

Наш рокер цьмяна памятаў, што было потым. Ішоў праз нейкія дзьверы, спускаўся па лесьвіцы… Нібыта бачыў іншых людзей. Ці бачылі яны яго? Ніхто не загаварыў, не спрабаваў затрымаць. Так, выйшаў і на вулі­цу. Шэрае неба, як мёртвае вока. Менск… Але непазнавальны. Драўляныя дамы, незнаёмая цэркаўка за імі — як сьветлы анёл за сьпінамі сагнутых старэчаў, што рыхтуюцца ў апошні шлях. Што яшчэ? Прысмак медзі ў роце. Такі бывае, калі прыкладзешся да старога крыжа. Незвычайная лёгкасьць — і туга ад усьведамленьня, што гэты сьвет толькі цень.

Едрусь не шукаў шляху назад — дый у тым сваім стане і ня мог бы знайсьці. Дзе тыя могілкі, дом Разаліі, злашчасная ігруша? Яго проста нейкая неадольная сіла выціснула назад, бы кроплю алею з халоднай вады.

У кішэні Едруся, які вываліўся проста са сьцяны на драўляную падлогу дома Разаліі, хапаючы паветра ротам, быццам выцягнутая з вады рыбіна, ніякай паперкі не засталося. Але й у сакрэтных архіўных тэчках даносу Налецкага Макс не знайшоў. Хаця праверыў, як мог, па архівах, а Генусь па Сеціве “прабіў”. Высьветлілася, амаль усе, хто названы ў незакончаным даносе, былі неўзабаве пасьля “банкету” арыштаваныя і асуджаныя. Скаловіч, аднак, праз паўгода адпушчаны. Выслужыўся, зразумела. Шкада, у энцыклапедыях не прынята дадаваць да навуковых званьняў слова “даносчык”. Значылася толькі: “Нарадзіўся ў 1890 г. у г. Менску. З сям’і артыстаў. У 1911 г. скончыў хімічнае аддзяленьне фізіка-матэматычнага факультэту Юр’еўскага універсітэту, у 1913-м – Вышэйшыя педагагічныя курсы (аддзяленьне фізікі, матэматыкі і касмаграфіі), абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 1913-1923 г. працаваў у Сарбонскім універсітэце. У 1923-1933-м прафесар і загадчык кафедры неарганічнай хіміі БДУ, дэкан хімічнага ф-ту (з 1931). Неаднаразова арыштоўваўся органамі НКУС. У 1934-м абвінавачаны ў “шпіёнска-дыверсійнай дзейнасьці” і асуджаны да вышэйшай меры пакараньня. Час і месца сьмерці невядомыя.”