Яшчэ былі сьпіс навуковых працаў ды падрабязнасьці ўкладу ў разьвіцьцё каардынацыйнай хіміі і нейкіх там пераксідных злучэньняў.
Тады ўдзельнікам Гульні здавалася, што калі яны сутыкаюцца з кімсьці па той бок сьцяны, гэта выпадковасьць. Наіўныя!
І яшчэ вырашылі: хаця папера са стала прафесара ў нашым часе не зьявілася, але ж і ў тым, здаецца, не засталася. Значыць, можна нешта зьмяніць! І варта спрабаваць! Усе гэтыя сантыменты пра матыля на дарозе — тыпу, раздушыш у іншым часе, а ў тваім настане апакаліпсіс, — лухта. Гэта ня крылы матыля — гэта млын. Пачварна цяжкія каменныя жорны — кшталту тых, на якіх волат Мянеск перамолваў валуны на месцы будучага гораду свайго імя. Усё замесіцца з аднаго цеста, усё пройдзе праз адну печ… А ці памятае той, хто спажывае хлеб, імя кожнага зерня?
Гульня №2
Другім Туды пайшоў Макс.
Вядома, сам напрасіўся: аж рукі трэсьліся, як у скнары над халяўным гаршчком з дынарамі. Гістарычныя сенсацыі! Вернутыя імёны і рукапісы! Разгадка таямніцаў! Усё пралічыў: і карту тагачаснага Менску вывучыў, і старыя фотаздымкі, і падзеі… Адкрыты тэатр оперы і балета, архітэктар Лангбард хапаецца за сэрца, бо замест падабенства антычнага тэатру — з каланадай, скульптурамі і трыма ярусамі — дзьве шэрыя “бляшанкі”, пастаўленыя адна на адну… Не хапіла сродкаў, дый не Афіны тут, спадар. Затое Дом ураду паўстаў, як мае быць… І помнік Леніну перад ім. Менскі аэрапорт адкрыўся – з першым і адзіным самалётам К-5. Маршрут — вядома, які… На Маскву. У трамвайным парку – 43 трамваі… А яшчэ — забаронены царкоўны перазвон, і ў Екацярынінскай царкве захоўваюцца селядцы. Надпіс на фасадзе “Дом мой домам малітвы нарачэцца” замазваюць фарбай, а ён ізноў праступае. У турме памёр ад тыфу менскі япіскап Мікалай. Уведзеная “наркомаўка” – плаўнае, сьпеўнае, натуральнае гучаньне мовы скасаванае, беларускі правапіс павінен быць як мага больш набліжаны да расейскага… Каб пасьля мовам лягчэй было зьліцца. У камуністычным, так бы мовіць, экстазе, на імперыялістычных прасьцінах. А яшчэ — лютаўскі хапун па справе “Беларускай народнай грамады” і паралельна арышт татарскай інтэлігенцыі. У красавіку — арышты па справе “контррэвалюцыйнай дыверсійна-шпіёнскай арганізацыі ў жывёлагадоўчай галіне БССР”. У жніўні — па справе “Беларускага нацыянальнага цэнтра”… У кастрычніку “вылазкай кантрэвалюцыйнай агентуры беларускага кулачаства і буржуазіі” на ўсебеларускай нарадзе па драматургіі названы п’есы Янкі Купалы, Васіля Шашалевіча, Міколы Грамыкі ды іншых — дзе хоць трохі жыла Беларусь. Крэацівілі чыноўнічкі, каб не прастойваць, фантазія працавала. Маладыя паэты напханыя ў “амерыканку”, камеру ў двары дыхтоўнага будынку НКВД… Катаваньняў нібыта яшчэ няма. Афіцыйна яны зьявяцца потым, у 1937-м… Але насамрэч метады тыя самыя. Толькі ў вязьняў ёсьць яшчэ рэальны шанец на жыцьцё.
Макс у адну кішэню — лічбавую камеру, у другую — стары “Кодак” з плёнкай, хто яго ведае, як ТАМ лепей…
І — у сьцяну, дзе абраз “Маленьне аб Чашы”.
З ложку падаў голас Едрусь.
— Паслухай, можа, ня варта…
Макс са зьдзіўленьнем зірнуў на яго. Едрусь сядзеў на ложку, засланым посьцілкай з цвыркунамі, сагнуўшыся ў крук.
— Нічога, я вунь які здаровы, пару кіль з задавальненьнем там пакіну, магу й дзесяць кіль. А наконт сувязі — дык я мабільнік узяў! — зблазнаваў Макс і зьнік за бляклымі шпалерамі.
…Крэчат адняў ад вуснаў насоўку. Можна не правяраць: у чырвоных плямах. Ну і што? Яму, старому рэвалюцыянеру, выпаў найвялікшы гонар і шчасьце: дажыць да зьдзяйсьненьня сваіх мар. Упэўніцца, што барацьба, сьмерць сяброў і ягоная ўласная сьмерць былі не дарэмныя. Гады ў падпольлі, голад, пагардлівыя позіркі мяшчукоў ды арыстакратаў, палахлівыя — тых, з-за каго ішоў на пакуты. Прывід вісельні, з-пад якога цудам удалося зьнікнуць… Пакінуўшы там дарагіх, лепшых за сябе. Сяргей, Сонечка — і іх бязвольныя целы на шыбеніцы. Гэта непрыгожая сьмерць — у пятлі. Язык высоўваецца, і яшчэ… Паміраючы спраўляе натуральную патрэбу. А ў мужчынаў адбываецца выкід семя.