Раней семя вісельніка каштавала вялізныя грошы. Калі ня кат яго зьбіраў — дык існаваў адмысловы клан жабракоў і зельнікаў, якія пільнавалі, каб пасьпець абабраць павешанага, і жылі з тае здабычы. Цудадзейным лічылася ўсё — валасы шыбеніка, ягоныя адрэзаныя пальцы...
Чалавек, па сутнасьці, сьцярвятнік. Падлаед. Толькі рэвалюцыя можа пазбавіць яго жывёльнасьці, абудзіць у ім чысты дух.
І ўсё-ткі ён, Крэчат, ня можа забыцца на гэта жахлівае відовішча, якое ён бачыў, на шчасьце, толькі ў думках — Сяргей і Сонечка гайдаюцца ў петлях, тузаюцца, выконваючы “танец вісельніка”, які так любілі сузіраць жыхары сярэднявечных гарадоў. Сінія языкі зьвешваюцца, па нагах сьцякае…
Не, ён не павінен пра гэта нават думаць — гэта абражае памяць нябожчыкаў.
Галоўнае, цяпер ён, ацалелы, бачыць, як паўстае магутная дзяржава, у якой кіруюць таварышы, людзі з народу, сумленныя, адданыя рэвалюцыі! Не, ну калі самому быць сумленным — сярод іх таксама ня ўсе вартыя… Гэты… таварыш Мадэст Касіянаў… Ён, Крэчат, ня можа адобрыць ягоныя метады. З паэтам Апіевічам, напрыклад, відавочна перагнута палка. Чалавек быў ня страчаны для рэвалюцыі. Прынамсі, на небясьпечную справу ў сваё эсэрскае мінулае Крэчат яго б узяў, не вагаючыся. Сорак дзён пазбаўляць чалавека сну… Нават інквізіцыя лічыла, што скрайні тэрмін такога катаваньня — шэсьць дзён. Пасьля чалавек лічыўся звар’яцелым. Вядома, у рэвалюцыі вакол — ворагі… Трэба змагацца… Але ці не сумленьней адразу — кулю ў лоб здрадніку? Вось Скаловіча — не шкада. Нягоднік заслужыў усё, што зараз мае. Не хацеў бы ён, Крэчат, быць на ягоным месцы. Гэта папы няхай на споведзі грахі адпускаюць. А рэвалюцыя за ўсё спаганяе напоўніцу, бязьлітасна, бяз скідкі на час і абставіны. І гэта правільна.
— Ты таксама палезеш у пятлю, Скаловіч, рана ці позна! — хрыпіць Крэчат са злавеснай радасьцю.
Але… надта ўжо Касіянаў ад таго, што робіць, атрымлівае насалоду. Надта падводзіць пад усё… навуковую базу. Нібыта такая навука спатрэбіцца ў той будучыні, якую яны рыхтуюць, дзеля якой гатовы памерці. Катаваньняў у савецкай краіне няма.
І… Вось жахлівая думка… Ці гатовы таварыш Касіянаў за тую будучыню памерці?
Крэчат схіляе галаву — чорныя валасы шчодра перавітыя сівізною. Чамусьці ўсплыў яшчэ ўспамін — месяц таму выпадкова праходзіў па вакзале і бачыў, як з вагона-цялятніка выкідаюць нешта пачварнае. Людзей-клёцак. У рызманах, якія разышліся пад напорам хворай бледнай плоці. Вочы-шчыліны. Чорныя пазногці. Нехта патлумачыў шэптам, што гэта — хахлы. Спухлі ад голаду. Там, на Украіне, выміраюць цэлымі вёскамі. Ураджай багаты — а людзям не даюць ні каласка. Таму што хахлы ўсе кулакі і людажэры.
Кажуць, цяпер — і праўда — там-сям людажэры.
Людзей-клёцак выгружалі на брудны асфальт, як мяхі. Нібыта яны ўжо не былі людзьмі. Нехта з іх, яшчэ не зусім страціўшы падабенства са стварэньнем божым, цягнуў руку, нешта прасіў нячутным голасам. Відаць, хлеба…
Крэчат сышоў тады, і ня ведаў, куды падзеліся прыезджыя. Не хацеў ведаць. Баяўся глядзець. Цяпер баіцца нават думаць.
А ў камісарыят паступаюць усё новыя зьвесткі і пра голад на Беларусі. Лісты… Допісы… У калгасе “Перамога” Менскага раёну чацьвёра калгасьнікаў памерлі “ад недахопу харчаваньня”. У людзей пухнуць рукі і ногі, што перашкаджае ім выходзіць зарабляць “трудадні”. У калгасе “Вольная праца” на Гомельшчыне таксама некалькі калгасьнікаў, спухшы, памерла. Сярод людзей паніка, прыезджых упрошваюць забраць дзяцей, каб выратавалі ад галоднай сьмерці. У Нараўлянскім раёне ўвогуле, калі верыць тым падмётным лістам, сотні паміраюць, у Жыткавіцкім таксама… Крэчат уласнаручна падпісваў паперу з загадам, каб знайсьці і арыштаваць аўтара антысавецкага ліста, што прысланы ў Сеньненскую газету “Камунар”: «Самі ходзім голыя, паелі ўсю траву, ліпавы ліст, а з нас патрабуюць малака, мяса... Ня ведаю, як перадаць, як вы зьдзекуецеся над намі, пісаць ёсьць чаго, ды няма каму чытаць гэта. Падумаць, ізгалілі Украіну, цяпер узяліся за Беларусію… Сьмерць Сталіну, далоў сацыялізм!”
Што ж гэта?
— Шкодніцтва! Наркамат земляробства расстраляць! — вырываецца з пасінелых вуснаў.
Страшныя сумнівы паляць душу… Няўжо нешта ідзе ня так, як задумвалі бальшавікі? І як з ім, народным камісарам, апошнім часам некаторыя пачалі размаўляць? Паблажліва, ледзь не пагардліва… А гэтае шыпеньне Касіянава: “Радуйся, што хворы!” Хутчэй, хутчэй адагнаць гэтае блюзьнерства, гэты блёкат!