Выбрать главу

Апошні раз зірнуўшы на нябожчыка, які ляжаў тварам у чырвонай лужыне, архівіст выйшаў на вуліцу. Паветра якое чыстае… Як у вёсцы. Але дыхаць цяжка, нібыта грудзі сьцягнутыя жалезнымі абручамі. Бедныя дзяўчаты, што насілі гарсэты… Цікава, ці працягвае нехта насіць гарсэты тут? Наўрад… Тут ужо амаль два дзесяцігоддзі пануе вайсковы стыль. Фрэнчы, гімнасцёркі, шынялі… Але не, людзі, амаль усе — у шэрым, ня ў хакі… Макс успомніў, што ў трыццаць трэцім годзе быў аддадзены загад, які забараняў нашэньне вайсковай формы тым, хто ня служыць у Чырвонай Арміі… І гэтыя, у шэрым, ідуць міма, не зважаючы, не дзівуючыся. Ды ці бачаць прыхадня? І на дамах — ні шыльдаў, ні назваў…

— Гэй! Дзе… тут… вуліца Леніна? Таварыш… Таварыш… не… падкажаш, дзе універсітэт?

Голас хрыпіць, як прабіты гармонік. Застаецца спадзявацца, што ўзбу­джальнікі сухотаў такім… неверагодным шляхам не перадаюцца.

Твары — усьмешлівыя, сярдзітыя, стамлёныя. Вось жанчына (вылінялая чырвоная кофтачка, саматканая спадніца, белая хустка) прыпынілася, угледзелася… Ня ў Макса — у тое месца, дзе ён стаяў. Макс падышоў ушчыльную.

— Не… падкажаце, дзе… універсітэт?

У вачах жанчыны мільганула зьдзіўленьне. Рука мімаволі паправіла хустку. Ды што, хіба госьця з будучыні ня бачна? Ён — прывід, ці ўсе тут — прывіды? Макс асьцярожна, з заміраньнем сэрца, крануў кабету за рукаў. І з палёгкай адчуў пад пальцамі шурпатую тканіну.

— Чаго табе трэба? — жанчына нават трохі адскочыла, нібыта шырокаплечы хлопец праявіўся перад ёю проста з паветра.

— Універсітэт… — прахрыпеў Макс, баючыся, што яго зараз званітуе. Цікава, гэта будзе лічыцца ўмяшальніцтвам у гісторыю — ваніты з іншага часу на брукаванцы?

Кабета махнула рукою кудысьці ўправа і хутка пайшла, азіраючыся… Цікава, якім ёй бачыўся Макс? Плыткім, у зьменьлівым мігценьні? Прывідаў, кажуць, нельга пабачыць проста — толькі бакавым зрокам.

Макс ішоў па вуліцы таго часу, калі ён яшчэ не нарадзіўся. Вось і маеш унікальную магчымасьць для збору матэрыялаў… Але як яе выкарыстаць, калі ты — паўмёртвы ад болю, і вывучаныя да драбніцаў фотаздымкі і карты ніяк не супадаюць, не сумяшчаюцца з гэтымі краявідамі, і сам ты — нібыта ўнутры фотаздымку, і табе не хапае нейкага аднаго вымярэньня… Скрасьці б што-небудзь з гэтага часу — як і належыць прафесійнаму злодзею. Знайсьці Янку Купалу… Папярэдзіць Максіма Гарэцкага аб сьмяротнай небясьпецы… Прачытаць хоць чый-небудзь рукапіс з тых, што канфіскаваныя і спаленыя ва ўнутраным двары “Жоўтага Дому” НКУС…

Цела бязьлітасна сьціснула нейкая сіла, як быццам апусьціўся глыбока пад ваду… І Макс вярнуўся. Як і Едрусь — зваліўся на падлогу ля сьцяны, абклеенай зялёнымі ў ружы шпалерамі.

Даліла адразу ўшпіліла яму ўкол глюкозы — ужо ведала, чаго чакаць.

Першае, што сказаў наш архівіст, калі змог гаварыць:

— Як, схуднеў я трохі?

— Прыдурак! — адказала за ўсіх Даліла і ледзь ня ляснула яму па твары. Зьбялелым, але ўсё гэтак жа паўнаватым.

Мабільнік, фотаапараты і “маланка” на джынсах вярнуліся да ранейшага выгляду. Але не працавалі. А “маланка” нібыта пабывала пад прэсам. Давялося распорваць.

Што ж — кожны з нас, пабываўшы Там, таксама ня быў ранейшым.

Настаў час асэнсоўваць чарговую “здабычу”. Генусь прыцягнуў ноутбук, Макс раскінуў свае тэчкі…

Крэчата ў энцыклапедыі не аказалася. Затое Міхаіл Дармідонтавіч Трусік згадваўся — у “Энцыклапедыі БССР”. Родам з Магілёву. Адукацыя — царкоўна-прыходская школа плюс незакончаная семінарыя. Дзяржаўны дзеяч, камуніст, спрычыніўся да стварэньня сістэмы аховы ўнутранага парадку на Беларусі. Пахаваны на Вайсковых могілках.

На наступны дзень Даліла і Макс нават адшукалі ягоную магілу, праўда, з цяжкасьцю. Невялікі чорны помнік урос у зямлю. Трава, палын, крапіва, ніводнай кветкі — нават сатлелай штучнай… Надпіс ледзь прачытваецца. Прозьвішча згодна энцыклапедыі. Трусік.

Потым была доўгая спрэчка. Едрусь адмоўчваўся, а Генусь-Тэрмінатар упёрся: навошта ТУДЫ хадзіць? Паглядзіце на сябе… Разалія Іванаўна да інсульту давандравалася. У пяцьдзясят два гады выглядала на семдзесят. Мы ж нічога ня зьменім. Ці зробім яшчэ горш. Ні адтуль нічога ня вынесьці, ні адсюль… Вы што, сапраўды зьбіраецеся ігрушы пілаваць у 1933 годзе?