Чаму? Лепей не пытайцеся. Яна ня любіць спавядацца. Затое сваімі заўвагамі змусіць вас адчуць на сабе, што беларуская прымаўка “душа — не кажух, ня вывернеш” ня мае вялікага практычнага сэнсу.
Знаёмыя за вочы называюць Далілу “наша кобра” ці проста “кобра”.
Альбарутэнію Даліла знайшла на цьвінтары. Яшчэ б яна не была некрафілкай… Цэнтр, дзе Даліла працавала, месьціўся ўшчыльную да старажытных могілак, з брамай, падобнай да выбеленага дажджамі чэрапа з прагаламі вачніцаў. Прыхільніца Оскара Уайльда кожны дзень па некалькі разоў праходзіла пад цёмнымі шатамі велізарных ліпаў, стараючыся не наступаць на паваленыя камяні з выбітымі на іх нетутэйшымі прозьвішчамі: Агінскія… Дарбут-Зампольскія… Паэт-дэмакрат, дырэктар гімназіі, пробашч… Урэшце яны сталі як бы яе знаёмцамі, усе тыя, хто жыў раней у яе горадзе, магчыма, на месцы яе дому… Тыя, хто лічыў за гонар загінуць за Альбарутэнію. Хто ведае, як і калі ў яго сэрца пастукаецца радзіма? Выпадкова прачытаны артыкул у самай важнай газеце краіны — пра мастака, які калісьці размалёўваў капліцы на гэтых могілках… Пачутая радыёперадача пра паэта, які выдаваў першую ў горадзе беларускую газету, і таксама тут пахаваны разам з продкамі... Маленькі фотаздымак у сямейным фотаальбоме — матчына бабуля ў цёмнай сукенцы з белым каўняром пад горла, з гладка зачасанымі, на прабор, валасамі, з насьцярожаным поглядам дачкі “буржуазнага элемента”… Даліла пачала шукаць зьвесткі пра гісторыю свайго гораду — скупыя, раскіданыя, перакручаныя ў памяці сьведкаў, усё збольшага на польскай мове. Ад яе прапрадзеда, колішняга менскага аптэкара, не засталося ні фотаздымкаў, ні ўцямных успамінаў. Толькі што пасьля рэвалюцыі ў пана фармацэўта ўсё адабралі да апошняй мікстуры ды саслалі, а яго дачку не прынялі з-за паходжаньня ў тэхнікум — пайшла на завод сарціроўшчыцай.
Даліла няшмат ведала пра свой род. Якое там сёмае калена… Нават да пятага не сягае памяць. Але ў адрозьненьне ад іншых ёй не было на гэта напляваць. Аднойчы яна пабілася з падлеткамі, што згіналі на помніках жалезныя крыжы. Будучыя мужчыны — чаго ад іх чакаць? У лепшым выпадку — сінякоў ды драпінаў. Цяпер з ёю ветліва вітаюцца ўсе хлапчукі раёну. Увогуле, Даліла цудоўна ладзіць з мужчынамі — калі яны ў якасьці сяброў. Але як толькі пяройдуць рысу павагі…
І ня дзіўна, што Даліла трапіла ў Гульню. Альбарутэнія — жанчына. Гордая і самотная, як Плачка з аповедаў Яна Баршчэўскага. Даліла часта ўяўляе падчас сваіх начных дзяжурстваў яе побач з сабой…
Удзельнік другі. Генусь.
Мячык быў сіня-чырвоны. З брудна-белым паскам, які разьмяжоўваў сінюю і чырвоную паловы.
А яшчэ ён быў чужы, гэты мячык.
Генусь у свае тры гады гэтага не разумеў. “Дайдайдайдай”…
Гаспадыня цацкі, вялізная пяцігадовая дзяўчынка ў вязанай шэрай кофтачцы – турэмнага колеру, як цяпер сказаў бы Генусь – забірае свой сіня-чырвона-круглы скарб і моцна штурхае нахабніка, які на гэты скарб спакусіўся. Генусь падае… Дзеці падаюць мякка – кажуць, іх падтрымліваюць анёлы. Але ён усё роўна плача.. Ён хоча чырвона-сіні мячык.
“Гэта дзяўчынка… Яе нельга крыўдзіць, нельга адбіраць…” хуткі нярвовы шэпт над вухам. Твар Той-каго-нельга-крыўдзіць крывіцца: “Ён стласны, як Баба Юга!”
І галасы, галасы: “Навошта вы прыводзіце яго да нармальных дзяцей? Яны палохаюцца.”
“Мама, заечая губа – гэта таму, што я – зайчык?”
Генусь на ўсё жыцьцё ўсьвядоміў, што ён – вылюдак. Дарэмна яму даводзілі, што ў тры гады чалавек яшчэ мала што помніць.
Ён – памятаў. Нават тое, што гузікі на шэрай кофтачцы дзяўчынкі, якая яго спалохалася, былі ў выглядзе маленькіх пластмасавых машынак.
Ён рос сярод нармальных дзяцей. Маці ўпарта адмаўлялася ад нейкіх сьпецыяльных умоваў, школаў-інтэрнатаў — яе дзіця ня горш за іншых! Настаўнікі ставілі чацьвёркі там, дзе трэба было – тры… Цярпліва выслухоўвалі яго гугнявае мармытаньне (воўчае паднябеньне – у ім жыў яшчэ і воўк!) Часам ён зьдзіўляў нечаканымі думкамі – зусім як дарослы! Часам палохаў выбухамі нянавісьці. З яго баяліся сьмяяцца. Ён глядзеў цёмнымі вачыма, як зьверанё, скрозь чорныя пасмы валасоў, якія амаль закрывалі твар: настаўнікі не наважваліся змушаць яго коратка стрыгчы грыўку. Вядома, няшчаснае дзіця хоча прыкрыць сваё калецтва. Гардыня ня высьпела ў ім, але не зьявілася і прыніжанасьці. Толькі ільдзяная самота. Ён увесь унутры адчуваў сябе ільдзяным.