Учорашняя залева ператварыла глебу ў балота. Вячка рэзка тармазнуў, пусціўшы з-пад колаў няшчаснага “Рэно” ніягары бруднай вады. Пасажырка выскачыла з машыны, як верабей з падпаленай адрыны, і панеслася да былой царквы, расплюхваючы цяжкімі “камэлотамі” гразь.
Смурод пад бляшаным дахам стаяў неверагодны, нібыта там захоўвалі не бульбу, а гной. І цёмна зусім… Пад нагамі хрумсцелі аскалёпкі бутэлек. Пустая яміна, апрацаваная па баках цэментам, зеўрала пасярэдзіне, а з краёў яшчэ заставалася пляцоўка, метры тры, якая з таго моманту, як бульбу перасталі сюды засыпаць, працвітала як клуб мясцовых алканаўтаў і заклапочаных падлеткаў. Калісьці ўніз вёў з’езд для грузавікоў, але ад яго засталіся толькі дзве іржавыя сагнутыя рэйкі, насціл увесь згніў. Цікава, няшчасных выпадкаў тут не здаралася? Ніхто не ўвальваўся ў яміну? Наколькі там глыбока? Ася захісталася на краі каменнай кладкі, углядаючыся ў прорву…
Нехта моцна тузануў яе назад за куртку.
– Зусім здурэла! Зноў хочаш упасці? Мала нам няшчасцяў?
Вячка запаліў ліхтар, пасвяціў вакол. Да дна было метры чатыры, там царавала цемра. Можна было разгледзець толькі бляск лужынаў, горы смецця і ўсялякае ламачча, ад старых унітазаў да выкарыстаных шын.
А ўніз як жа спусціцца? Ася гатовая была хоць скокнуць… Скрыніч цярпліва пайшоў па перыметры яміны, падсвечваючы ліхтарыкам:
– Дзесьці павінна ж быць лесвіца…
Сапраўды, злева выявіліся жалезныя скобкі, увагнаныя ў камень, абмазаныя цэментам. Арсенія адштурхнула Вячку і пачала жвава спускацца ўніз, як праўдзівая спартоўка – хаця насамрэч вышэй тройкі па фізкультуры атрымаць была няздольная. Вячка, лаючыся, падсвечваў ёй ліхтарыкам. Пару разоў нага саслізнула, напэўна, і пальцы паабдзірала… Пляваць, не да таго.
Пад нагамі хлюпнула твань, смурод забіў горла слізкім камяком… Яшчэ на ваніты час траціць! Не ўжо… Не да сантыментаў, як сказаў праглынуты акулай боцман, калі ўспорваў нажом жывот беднай рыбіне, занесенай у Чырвоную кнігу.
Пакуль Вячка спускаўся з ліхтаром, Арсенія дадумалася ўключыць свой мабільнік на рэжым падсветкі. Агледзелася… Безнайдзейнасць скруціла на імгненне душу: ды ў гэтай сметніцы за год нічога не адшукаеш!
Значыць, няма чаго марудзіць. І зараз жа ледзь не на каленях пачала аглядаць падлогу з каменных плітаў, адкідваючы нагамі смецце. Вячка саскочыў з лесвіцы ціха, як рысь, вылаяўся і таксама пачаў абшукваць былое сутарэнне царквы. У сценах віднеліся нішы, закладзеныя цэглай: падобна, там знаходзіліся пахаванні Корб-Варановічаў, пакуль рабоча-сялянская ўлада не вычысціла парэшткі эксплуататараў з патрэбнага ў гаспадарцы памяшкання. Не хацелася думаць пра лёс тых парэшткаў… Ася шчыра спадзявалася, што іх хаця б закапалі ў зямлю, а не ўчынілі, як са свінцовай труной пані Ядвігі Любанскай з капліцы Лошыцкага парку: пусцілі на пераплаўку для вырабу дэталяў для электрастанцыі. Над нішамі па ўсёй сцяне красаваліся іржавыя краты, якія прыкрывалі круглыя адтуліны памерам з кулак, магчыма, сярэднявечныя галаснікі, якія спрыялі акустыцы. Але думкі пра гэта віліся побач са свядомасцю, як леныя восеньскія мухі. У свядомасці было іншае. Пайшлі пятыя суткі, як Даніла апынуўся пад завалам. Сто з лішнім гадзінаў.
Пачуўся грукат, нешта павалілася, разбілася, пакацілася… Ася нават трохі адарвалася ад пошукаў, каб азірнуцца: Вячка, не цырымонячыся, расчышчаў падлогу ад непатрэбшчыны, падфутбольваў, пхаў…
– Падобна, тут каналізацыя блізка праходзіць… Як пісаў Максім Гарэцкі пра няздольнасць тубыльцаў пакласці праз гной кладку, так і цяпер актуальна… Свінні…
Ася ліхаманкава абмацвала кожную пліту падлогі, на якіх калісьці стаялі на каленях вернікі. Ва ўяўленні яна проста бачыла, як на яве, патрэбную выбоіну… Госпадзе, ну падкажы! Ну скіруй, куды належыць!
Наперадзе, у куце, пачуўся ціхі шоргат. Вячка быў у другім баку, таму ясна, што шаргаталі самыя натуральныя жыхары падобнага месца. Пацукі, у лепшым выпадку – каты… Ася з бояззю ўгледзелася ў той бок, дзе шаргатала, падсвечваючы ліхтарыкам… Здаецца, нічога… Але намечаны ёю маршрут расчысткі вёў менавіта туды – абмінаючы вялікія завалы, якія Асі было не адолець.
Ага, зараз яна спалохаецца пацукоў, завішчыць, усё кіне, збочыць… Размарыліся! – злосна адказала Ася ў думках невядомаму апаненту і рушыла наперад, рассоўваючы бруд дошкай, прыстасаванай замест шуфліка…