Зноў нешта валяецца наперадзе… Куча смецця, шыны… Нешта ў гэтым завале паварушылася…
Ася на нягнуткіх нагах наблізілася. Кроў запульсавала ў скронях…
Адна з каменных плітаў у самым куце была ссунута, там зеўрала акуратная простакутная прорва, а на яе краі ляжаў…
З чалавекам падабенства было аддаленае – істота спрэс у гліне і глеі, у мокрых лахманах, і смярдзіць нялітасціва… Хто гэта – Асі не трэба было здагадвацца, бо сусвет звузіўся да маленькай кропкі… Дзяўчына ўпала на калені, спрабуючы перавярнуць цяжкое цела. Здаецца, нешта крычала. Твар аднойдзенага быў увесь у гразі, у прыцемку сутарэння – проста чорны…
Жывы? Ён жывы? Анёлы Божыя, зрабіце так, каб ён быў жывы! Ася гладзіла упэцканае аблічча, адціраючы бруд, вызваляючы знаёмыя рысы, спрабавала расчуць, ці б’ецца сэрца, прыкладаючыся да грудзей, але ўвушшу толькі шалёна шумела яе ўласная кроў.
Зрабілася светла – нехта скіроўваў сюды промні адразу некалькіх ліхтарыкаў. Раптам на брудным да непазнавальнасці твары расплюшчыліся такія знаёмыя шэрыя вочы.
– Даніла Раманавіч, як вы? – нехта з археолагаў, якія паспелі сюды спусціцца, вядома, не мог прыдумаць больш разумнага пытання.
А хрыплы, глухі голас прыхадня з таго свету прамовіў амаль мройна.
– Ну што вам адказаць, калега… Жэ не манж па амаль сіс жур, як сцвярджаў Кіса Вараб’янінаў.
І дадаў з адценнем фірмовай графскай фанабэрыі:
– А ўласна кажучы, з чаго б то столькі панікі?
Пасля некаторага анямення вакол загулі галасы, замітусіліся людзі, пачалі назвоньваць мабільнікі наконт хуткай дапамогі і матэрыялізоўвацца тэрмасы з гарбатай і нечым яшчэ, што, як вынікала з кароткіх энергічных дыскусіяў, можна спажыць пасля доўгай галадоўкі. А Арсенія, як шалёная, заліваючыся слязьмі, быццам кандовая гераіня мыльнай оперы, цалавала свайго мужчыну, які адмыслова дзеля яе вярнуўся з Аіду, які дзеля яе прабіўся скрозь каменні, зямлю і ваду, неверагодна бруднага, смярдзючага, згаладалага, зняможанага і каханага.
– Калі пасыпаліся каменні са столі, раздумваць асабліва не было як. Тут толькі па-звярынаму, інстынкты ды цягліцы… У мяне ў руках быў кубак, злева знаходзіліся каменныя дзверы… Там не круціць трэба, а добра націснуць. Ну і… націснуў, мабыць, як след. Старажытныя механізмы, яны ж на стагоддзі разлічаныя, не тое, што сёння: кніга максімум праз семдзесят гадоў спарахнее, мэбля з ДСП – праз паўстагоддзя рассыпецца, замкі кітайскія з металёвага прэсаванага друзу кожны год мяняй… А тут каменная пліта раз, і сама ўбок пайшла. Як у ліфце. Толькі выскачыў у падземны ход, за маёй спінай усё і абвалілася… І, галоўнае, пліта тая пахілілася, з-за яе камяні пакаціліся... Ну і ўсё, назад, значыць, ніяк.
Корб-Варановіч ляжаў на бальнічным ложку, у бэжавым махровым халаце, прывезеным Асяй з ягонай кватэры, ад левай рукі цягнулася празрыстая таненькая трубачка да кропельніцы, у правай руцэ быў свойскі ж парцалянавы кубак, распісаны японскімі іерогліфамі, у кубку выпраменьваў вохкую пару прынесены Асяй курыны булён, Ася ў казённым белым халаціку сядзела побач, на зэдліку… І выгляд у графа быў такі самазадаволены і элеганцкі, нібыта ён у графскім сваім палацы літасціва прымаў просьбітаў. Нават абсунуўся не асабліва, толькі што здрапаны ўвесь ды ў сіняках, рукі збітыя зусім. Але ні пераломаў, ні сур’ёзных ран, толькі знясільванне. І драпіна на рэбрах зацягнулася. Ася шчасліва ўсхліпнула. І як добра, што ў палаце другі ложак пакуль пусты, можна спакойна пагаварыць.
– Бо-ожа, колькі я каменняў перацягаў за гэтыя дні! – працягваў сібарыцкім тонам Корб-Варановіч, папіваючы булён. – На ўсё жыццё нацягаўся. Калі мяне цяпер у якое сутарэнне пасадзіць, як графа Мантэкрыста, на раз падкоп змайстрачу. Толькі б ліхтарык з сабой быў. Без сотавага мне цяжка давялося б. А так хапіла сілкавання амаль да канца, вядома, ашчаджаў, адключаў. Вось улучыў я ліхтарык, агледзеўся… Падземны ход продкі будавалі дыхтоўны. Карэта б не праехала, а вось маленькі вазок – цалкам магчыма. І самае галоўнае – там была вентыляцыя! Падобна, каменная труба, умураваная зверху ў кладку, з адтулінамі праз роўныя прамежкі. Каб не гэты павеў, подых волі, няхай і смярдзючы – дык не ведаю, ці выжыў бы. А так зразумеў, што ёсць шанец. Недзе ж гэтая вентыляцыя выходзіць на паверхню! Цяпер можна здагадацца: памятаеш, у бульбасховішчы па перыметры сценаў круглыя іржавыя краты? І каб уся гэтая раскоша, якую я апісаў, захоўвалася ў тым стане, у якім была пару стагоддзяў таму, я б, можа, хвілінаў праз дзесяць пабачыў неба. Але прабегчыся, як па брукаванцы, не атрымалася…