Тое, што ён граў у рок-гурце — ягоны сапраўдны занятак — было таксама па-за межамі ейнага эстэтычнага разуменьня.
Ён пілаваў на сола-гітары, і някепска. Бялявыя валасы зьвязаныя ў хвосьцік, тонкія цьвёрдыя вусны, велікаваты нос… ня тое каб гожы, але… Сінія вочы ня страцілі іроніі. Гралі гранж, апантана, зараблялі грошы, каб зьняць прыстойную “кропку” дзеля рэпетыцыі, паступова выпаўзаючы з падвалаў на клубныя сцэны.
Там, у рок-тусоўцы, здавалася б, такой далёкай ад лясной сьцяжыны, па якой хадзіў князь Палямон, Эдзік і спаткаўся з Альбарутэніяй. Ён пазнаў яе адразу — як пах ядлоўцу. І назаўсёды застаўся Едрусем.
У яго была гітара, магіла бабулі на вясковых могілках на Лагойшчыне і Альбарутэнія.
Гэтага досыць, каб быць самадастатковым — і чужым.
Калісьці ў яго здарыўся яшчэ кароткі, на два абзацы, раман з Далілай. Дакладней, Едрусь спрабаваў яго наладзіць з дзіўнай дзяўчынай, што пацягвала піва ў кутку арт-кавярні ў падазронай самоце. Яна відавочна ніколі не нацягнула б на сябе карункавую блузачку і не зацікавалася б “разьдзельным харчаваньнем па метадзе Поля Брэга”.
Замест рамана нечакана для абодвух выйшла сяброўства. Для нашае суполкі гэта проста файна.
Што яшчэ пра Едруся? Ад арміі “адкасіў” — скарысталіся ўсё-ткі былыя візіты да псіхолагаў. З хлебзаводу сышоў. Гандлюе газетамі. Грае на вясельлях. Жыве… Шмат дзе жыве. Абы ня ў маці.
Толькі ў дзень барацьбы з наркаманіяй — ёсьць такі ў календары ЮНЭСКА — дасылае мамачцы букет жоўтых хрызантэмаў.
Навошта? Каб верыла, што выратавала сыночка ад “белай сьмерці”? Ці проста — вытанчаны зьдзек? Магчыма… Мы ж тут усе… гадзючыя.
Удзельнік пяты. Я.
Ну што вам пра сябе расказаць?
У адрозьненьне ад іншых, я нарадзілася проста ў абдоймах Альбарутэніі. Пакладзеная на ейныя калені і накрытая вышываным фартухом. Татуся і мамуся мае такія сьвядомыя, што ад іх можна запальваць купальскія вогнішчы. Мусіць, першае, што я памятаю — гэта і ёсьць купальскае вогнішча. Цемра, языкі полымя, мільгаценьне постацяў у сьветлых кашулях, высокі моцны голас маці: “Ку-па-лі-інка, Ку-па-а-лі-нка...Цё-омна-ая но-очка…” Халодны мокры дотык да твару кветак, што зьвісаюць з майго купальскага вянка…
Галасы аддаляюцца, аддаляюцца… Я адна. Прыціскаюся да шурпатага камля, пачынаю ціхенька ўсхліпваць… Гучна плакаць нельга — тут Дзед Лясун, русалкі, якія казычуць непаслухмяных дзяцей, цмок, які жыве ў гэтым возеры… Я ня ведаю, што такое цмок, але слова страшнае. Успамінаецца метро — аднавокае страшыдла ляціць з жахлівым грукатам… Увогуле — машыны гэта страшна… Сьмярдзючыя, шумныя, бязьлітасныя… У майго таты няма машыны. Бо рэчы для нас не галоўнае. Галоўнае — духоўнасьць. “А ну, Руся, раскажы верш Янкі Купалы “Чаго вам хочацца, панове!” Не, яна ведае, проста саромецца… Расказвай, Руся! Як ты магла забыцца такі верш? Ну дык ідзі адсюль, нам паразмаўляць трэба, пагартай там, у куточку, часопісы”.
Бацькі мяне ўвесь час забывалі. У куточку залы, дзе адбываецца чарговая імпрэза. У дзіцячым садку. У школе, у “прадлёнцы”, якую бацькі ахрысьцілі “падоўжанкай”. Яны вельмі занятыя сабою і “справай”. Канферэнцыі, прэзентацыі, вечарыны, эксьпедыцыі… Цяпер я разумею, ім здавалася, што я ведаю, якую важную справу яны робяць, і ганаруся, і падзяляю… Што? Іх усьведамленьне сябе інакшымі, далучанымі, лепшымі за іншых? Бабуля, матуліна мама, неяк расказала, што бацькі калісьці захапляліся містыкай Рэрыхаў. Нават у таварыства ўваходзілі. Дапамагалі праводзіць выставы. Езьдзілі на Алтай, па касьмічную мудрасьць.
Потым на зьмену Рэрыхам прыйшла Альбарутэнія. Яны пазалацілі ейны твар, закавалі ў бліскучыя рызы і ўперліся ілбамі ў падлогу перад ёю.
А яна жывая. З усімі наступствамі. І ўжо колькі стагоддзяў з жорсткай усьмешкай назірае за пакутамі тых, што гінуць за яе.
Вядома, яна гэтага вартая. Але ўдзячнасьці не дачакаецеся.
“Марь-Ванна, а Руслана снова сказала на “кровать” — “ложка”!”
У дзявятым класе я абрэзала сваю пшанічную касу пад самае нічога. Зрабіла пірсінг на ніжняй губе і пачала слухаць выключна “Нірвану”. Калі бацькі ўсьвядомілі, што я маю іншыя зацікаўленьні, а не наведваньні нудотных паэтычных вечарынаў і сьпяваньне народных песьняў у хоры (голасу мне Бог ня даў, але слыху, на жаль, дастаткова, каб усьведамляць уласную музычную бездапаможнасьць), я стала для іх здрадніцай. Нарэшце, яны мелі магчымасьць пакараць пагардай хоць аднаго ворага, тым болей ён быў побач, і яго было лёгка дастаць. Я паступіла на архітэктурны факультэт і нават вершы пачала пісаць на рускай мове. І, напэўна, дзякуючы дурному фанатызму бацькоў, узьненавідзела б Альбарутэнію і ўсё, што з ёю зьвязанае, да канца дзён сваіх, ня мною палічаных… Калі б не сустрэча ў падземным пераходзе з двума музыкамі… Карацей, двое ў чорных майках з белымі выявамі ваўчыных пысаў, у хустках-банданах… Яны сьпявалі так прачула-нягучна — пра пакаленьне прысаку, пра мячы ў ножнах, пра сэрца ваўкалака і верасовыя пусткі — што мяне нібыта за абрэзаную касу залатым цьвіком прыбілі да каменнае сьцяны. Я прастаяла побач з музыкамі да вечара — яны, здавалася, не зьвярталі на мяне ўвагі, як зрэшты і на тых, хто праходзіў побач і кідаў — ці ня кідаў — у адчынены футарал ад гітары грошы. Але потым — вельмі проста, бяз ценю нядобрай зацікаўленасьці — паклікалі мяне на піва.