Адзін з музыкаў быў Едрусь.
Я зрабіла вокладку для іхняга дыску. Ваўкалак на фоне верасовага поля і начнога неба. Готыка… ня ведаю, наколькі гэта па-мастацку — але хлопцам падабаецца.
Так, я не сказала… Я гатовая памерці за яго. За бландзіністага Ваўкалака Едруся.
Але яшчэ хутчэй памру, каб ніхто пра гэта не даведаўся.
Бо для хлопцаў існуе толькі Даліла. Якая ненавідзіць заляцаньні і закаханасьці.
Ува мне ж няма нічога, што б магло прывабіць. Я — сярэдняя па жыцьці. Рост сярэдні, вочы — сярэднія… Паміж шэрымі і зялёнымі. Часам да мяне прыходзяць вершы. Душаць, балюча варочаюцца дзесьці пад сэрцам, просячыся на сьвет — здараецца, я іх запісваю. Друкаваць, вядома, не зьбіраюся. Я ня ведаю, для чаго я. Я ня ведаю, як мяне адрозьніваюць у натоўпе. Я б сама сябе не пазнала — дакладна. І ў гэтым аповедзе я ня буду галоўнай. Вы можаце ў большасьці выпадкаў нават уявіць, што мяне няма.
Вось такія мы, пяцёра. Калі сустракаемся дзеля нашых дзіўных для непасьвечаных справаў, мне так і хочацца засьпяваць на матыў піянерскага маршу: “Мы, маргіналы, дзеці падпольля…”
Мяне не адразу далучылі да Гульні.
Каб я была сёмай дачкой сёмай дачкі, гэта значыць, вядзьмаркай па нараджэньні, я б, напэўна, раней зразумела, аб чым перамаўляюцца пад час сустрэчаў мае новыя сябры, і куды яны час ад часу зьнікаюць, каб зьявіцца. І адзін з іх заўсёды выглядае як пасьля шпацыру на той сьвет.
Але я была адзінай дачкой адзінай дачкі, і мне давялося чакаць, пакуль Даліла аднойчы не сказала: “Цяпер мы выкарыстаем цябе”.
Абсталяваньне для гульні
Леанарда да Вінчы вучыў, што лягчэй за ўсё маляваць зусім старых: варта толькі зразумець, якая ў іх асноўная рыса характару. Бо чым бліжэй да сьмерці, тым болей у чалавеку разьвіваецца адна ягоная якасьць. Сквапнасьць або шчодрасьць, юрлівасьць або сьціпласьць, дабрыня або зласьлівасьць…
Гэтая бабулька жадала павучаць.
Даліла адразу думала, што бабулька была калісьці настаўніцай. Пакуль адна санітарка не распавяла, што зьвяглівая хворая раней працавала прыбіральшчыцай, ды яшчэ гандлявала кветкамі. Вырошчвала ля свайго прыватнага дамка. А ўзімку прадавала часнык і сушаныя прыправы. Ды яшчэ нібыта была ці то баптысткай, ці то вядзьмаркай. І нікогенька ў яе не засталося са сваякоў. Са сьвету зжыла. Карацей, асоба непрыемная. І звалі “кветкава” — Разалія. Разалія Іванаўна.
Здавалася, што твар бабулькі калісьці зьляпілі са сьнегу. А потым на сонцы ён стаў раставаць, усе рысы паплылі ўніз, абсунуліся, і раптам застылі. Ды хіба Даліла ня бачыла, як выглядаюць пасьля інсульту? Гандлярка кветкамі, уся ў зморшчынах, але каротка стрыжаныя валасы пафарбаваныя ў каштанавы колер, — гаварыла-гаварыла-гаварыла рыпучым голасам, у якім нельга было разабраць і паловы словаў, пра ўмовы ў бальніцы, пра моладзь, пра горад... Усё было кепскае. Медсёстры з прафесійным цынізмам жартавалі — шкада, не адняло ў старой стрэмкі мову.
Так выйшла, што найчасьцей пабыць з хворай прасілі Далілу. Тая ніколі не падлагоджвалася, не падтаквала. Проста маўкліва дапамагала прайсьціся па ўнутраным дворыку да лавачкі, прыносіла ваду… Ёй у рэабілітацыйным цэнтры даўно ўжо дадаткова налічвалі паўстаўкі санітаркі. Нават уколы навучылі рабіць. Такая разумная дзеўка — і вартаўнічка… Ішла б хаця на завочнае ў медвучылішча!
Неяк Разалія Іванаўна і Даліла сядзелі побач на лавачцы, пад травеньскім сонейкам, і мая сяброўка дастала з кішэні кніжку Както — у мяккай вокладцы з гравюрай Бердсьлея. Больш пафаснае чытво для бальнічнага дворыку і ўявіць цяжка. Хворая спытала: