Выбрать главу

— Што, падабаецца?

Даліла лена адказала:

— Наш час — гэта час яркіх этыкетак, не хапае падтэкстаў. Вось і кампенсую.

Бабулька ўважліва паглядзела на вахцёрку.

— А чаму размаўляеце па-беларуску? Звычайна аматары інтэлектуальных кніжак пазьбягаюць усяго, што можа даць намёк на іх… правінцыйнасьць, скажам.

Даліла ўскінулася — на падобныя закіды ў яе быў даўно гатовы адказ — наконт сапраўднай культуры… Які яна і агучыла. Разалія Іванаўна заўсьміхалася перакрыўленым ротам, нібыта перадачу доўгачаканую атрымала:

— Ведаеце, маладым нельга доўга знаходзіцца са старымі. Старасьць раней лічылася нечым... проста непрыстойным. Быў такі філосаф Ісідор Севільскі, які жыў тысячу гадоў таму. Дык ён казаў, што старасьць — гэта калі чалавек ператвараецца ў немаўля, поўніцца кашлем і нечыстотамі, пакуль не сыходзіць у пыл і тло. Я не баюся. І вы не саромцеся, што вам гэта гідка ўва мне. Галоўнае — што чалавек пасьпеў набыць за сваё жыцьцё… Ці нейкія транты, якія альбо спарахнеюць, альбо нашчадкі за іх перагрызуцца, ці …веды.

Старая гаварыла ясьней, чым звычайна, толькі расьцягваючы словы, як зблытаную вяроўку. Даліла паціснула плячыма.

— І нікога я ня гіджуся. Вы проста стаміліся. Давайце можа адвяду вас у палату.

Хворая абурана замахала дрыжачай рукой — на сярэднім пальцы бліснуў срэбны пярсьцёнак, падобны да заручальнага.

— Ня трэба ў палату. Я выдатна сябе адчуваю. Ніколькі ня горш, чым батлеечная шынкарка. Вось яе пакруцілі на дроціку — і яна ўжо таньчыць. Мой дрот трымае вельмі ўчэпісты батлейшчык, надакучу — кіне ў скрынку і вечка замкне. А пакуль я патрэбная на гэтай мізэрнай сцэне — буду выходзіць і таньчыць. Як мне шкада, што зьніклі батлейкі… Вам не хапае шматслойнасьці, дзяўчынка… Ведаеце, за кожны слой прасторы і часу, за іх спазнаньне трэба плаціць. Вы гатовыя?

Даліла чамусьці паглядзела на казённыя пантофлі Разаліі Іванаўны, на якіх красаваўся шмат разоў падмаляваны надпіс белай фарбай: “3-я п., кард.”, што азначала трэцюю палату кардыялагічнага аддзяленьня. Вось вам “шматслойнасьць”… Старая відавочна з галавою не сябруе. Ну дык што, з вар’ятамі часта цікавей размаўляць, чым з нармальнымі.

— За ўсё, што я раблю ў сваім жыцьці, я гатовая плаціць, — цярпліва адказала Даліла. — Таму раблю толькі тое, што хачу. І, дарэчы, я даўно не дзяўчынка. Маёй дачцы шэсьць гадоў.

— Што ж, — Разалія Іванаўна зноў трохі прывяла, яе мова зрабілася няўцямнай, як з воўнаю ў роце. — Тады… вам… ня будзе цяжка… Я жыву тут, тут… побач, адразу за могілкамі. Мне б хацелася, каб вы прыходзілі. Я... магу плаціць. Уколы… вы ж умееце рабіць, праўда? Вы… давядзеце мяне дадому, калі я выпішуся. Гэта ўжо… хутка. Мне трэба паспрабаваць яшчэ… хоць раз. На адзін раз мяне хопіць.

Апошнія фразы Разалія Іванаўна прагаварыла зусім шэптам. Інсультнікі нярэдка трызьняць. Але рэабілітацыйны цэнтр — не бальніца і ня дом састарэлых. Прайшоў курс працэдураў — і выпісвайся. Праз тры дні са­праўды давялося весьці бабульку дахаты. Даліла так нічога толкам пра яе не даведалася, а распытваць, як вы ўжо зразумелі, не ў характары маёй сяброўкі. Бабулька адукаваная. Хаця часам гаворыць надта па-простаму, хіба — знарок? І яшчэ дзіўна… Па дакументах выходзіла, што старой мусіць быць усяго пяцьдзясят два гады. Сучасныя жанчыны ў гэтым узросьце на фітнэс бегаюць ды джынсы носяць… А Разалія Іванаўна выглядала на ўсе семдзесят. Можа, памылка ў дакументах?

Дом быў зусім блізка ад могілак, заціснуты між шыкоўнымі катэджамі, быццам жабрак у чорных лахманах між сьвецкіх дам у дэкальтэ на прыё­ме ў губернатара. Ды яшчэ пабудаваны ў нейкай яміне, так што з-за плоту з пачарнелых дошак відаць толькі дах. І крыты нават ня шыферам, а рубероідам, там-сям парослым зялёным імхом — нібыта мокрая, зьмятая і брудная трохвуголка напалеонаўскага ветэрана, які з цяжкасьцю пераадольвае супраціў беларускай гразі. Падсьлепаватыя вокны. А між шыбамі — зжаўцелая вата, пасыпаная навагоднімі блішчынкамі — патрушчанымі шклянымі елачнымі цацкамі. Вокны, відаць, гадоў трыццаць не адчыняліся. Пад вокнамі тырчаць мальвы з блякла-ружовымі, нібыта выцьвілымі, кветкамі. Хто б мог падумаць, што пасярод горада захаваліся такія халупы… Двор быў таксама няўтульны, толькі хохлікам па ім бегаць. Пакуль гаспадыня лячылася, зарос травой, пустазельле на градах вымахала вышэй галавы. Асабліва шмат палыну. Тужліва глядзеліся між учэпістых “плябеяў” яркія галоўкі цюльпанаў ды хрызантэмаў — нібыта гімназісткі згубіліся на бядняцкім кірмашы, і галадранцы шчыкаюць іх, пасьміхаючыся, штурхаюць і не даюць сабрацца разам і паклікаць строгую класную даму. З дрэваў — толькі некалькі вішанек ды клён з незвычайна буйнымі лістамі.