Выбрать главу

Здарылася гэта ў пачатку верасня. Уночы ў аддзяленне міліцыі пазванілі з Селішча. Усхваляваны голас паведаміў, што непадалёку ад вёскі абрабаваны нарыхтоўшчык сельпо. Злачынца нанёс удар ззаду па галаве, забраў грошы і знік. Адразу ж на месца злачынства выехалі пракурор і работнікі міліцыі. Пацярпеўшы Ціт Бандарчук быў дома. Ён скардзіўся на шум у галаве, моршчыўся ад болю, але сам прапанаваў паказаць месца здарэння. Павязка на яго патыліцы была ў крыві. Ціт яе ўвесь час папраўляў і, звяртаючыся да каго-небудзь з прысутных, гаварыў:

— Аж у вачах кругі. Гэта ж так трэснуць. Добра, што хоць яшчэ жывым застаўся!

На месцы здарэння знайшлі кавалак цагліны. Пракурор Ігнат Іванавіч Чуяшоў знайшоў яшчэ ўтаптаны ў зямлю гузік. Здавалася, яго ён толькі і шукаў: ён доўга ўглядаўся ў тое месца, дзе ляжаў гузік, асвятляючы ліхтарыкам прытаптаную прыдарожную траву, ледзь прыкметныя сляды на пясчанай дарозе.

На месцы здарэння больш нічога не знайшлі. Пратакол пісалі ў сельсовеце. Бандар­чук, падпёршы галаву рукою, сядзеў каля стала і час-ад-часу зазіраў у пратакол. Paптам яму зрабілася горш. Ён пахіснуўся, застагнаў, і яго адвялі дадому. Ігнат Іванавіч дапытаў некалькі чалавек рабочых, якія ў той дзень працавалі ў садзе. Яны расказалі, што на крык Бандарчука адразу ж падбеглі да яго і ўбачылі, што з таго боку, куды, па словах пацярпеўшага, пабег рабаўнік, з-за кустоў выскачыў на шлях грузавік і паімчаўся ў бок Кляноўкі. Але нумара машыны ніхто не заўважыў.

Дадому Ігнат Іванавіч прыехаў на світанні. Стомлены, занепакоены, ён прышоў на працу раней, чым звычайна, і зайшоў адразу да следчага Сцяпана Карпавіча Маркушава. Следчы ўжо быў у пракуратуры. Яму праку­рор і даручыў расследаванне гэтай справы, бо сам ён атрымаў чарговы адпачынак.

Сцяпан Карпавіч быў чалавекам тутэйшым. Скончыўшы юрыдычны інстытут, ён папрасіўся на працу ў свой раён і атрымаў накіраванне ў раённую пракуратуру. Прыехаў ён на станцыю пад вечар і, вырашыўшы, што ў пра­куратуры цяпер ужо нікога няма, пашыбаваў дадому ў вёску Кляноўку.

Па дарозе яго дагнаў грузавік з поўным кузавам залацістай пшаніцы. Параўняўшыся са Сцяпанам, ён спыніўся. 3 кабіны выскачыў аднавясковец Іван Чарнагуз і, прыклаўшы ру­ку да казырка зашмальцаванай кепкі, весела гукнуў:

— Гонар маю, таварыш... Хто вы, следчы ці пракурор — не ведаю...

Потым схапіў сцяпанаву руку ў свае невялікія рукі і так яе паціснуў, што Сцяпан аж войкнуў:

— Моцы ў цябе ў руках, як у таго асілка, не глядзі, што маленькі, — усміхнуўся Сця­пан.

— Я ж, як злосны бываю, дык семярых забіваю, — пажартаваў Іван, і раптам твар яго зрабіўся насмешліва сур'ёзным.

— Прашу ў кабіну. Падвязу з вецярком. — Голас яго быў падкрэслена ветлівым, а вочы праменіліся смехам.

— Ну, і перасмешнік... Ніколькі не змяніўся. Ты, напэўна, і ў сне смяешся? Пачакай, а калі гэта ты на шафёра вывучыўся?

Сцяпан ведаў, што Іван раней працаваў у калгасе рахункаводам.

— Ды тады, калі ты там у інстытуце кодэксы розныя вывучаў.

Каля вёскі Сцяпан спытаў:

— Пшаніцу куды павязеш?

— У першы свіран,— і Іван па-змоўніцку падміргнуў вокам, панізіў голас:— А рэшту на самагонку пусцім.

— Зноў пачынаеш,— усміхнуўся Сцяпан.

А шафёр прадаўжаў:

— Дамовіліся з камбайнерам і кладаўшчыком крыху прапусціць праз трубку. Спадзяюся, што ты мяне не арыштуеш, калі што якое...— і, не вытрымаўшы, зноў зарагатаў.

— Дык ты ж, здаецца, не п’еш цяпер,— кальнуў сябра Сцяпан.

3 пісьма маці ён ведаў, што Іван праз выпіўку нават у турму трапіў. Аднойчы, будучы п’яным, нахуліганіў і быў асуджаны на год пазбаўлення волі.

— Не п’ю. Яна мне колам у горле стаіць. Аднойчы ў рот узяў і папярхнуўся: пра аўтаінспектара ўспомніў.

I зноў свавольна засмяяўся.

На павароце яны развіталіся. Іван паехаў да свірна, а Сцяпан пайшоў напрамкі ў вёску. Ішоў і думаў: «Неўтаймаваная натура якая! Усё жартуе. I як гэта ён у турму трапіў? Розумам не дайду. А пра самагонку... Жартуе ці і сапраўды прапускае праз трубку час-ад- часу? Зразумей яго»...

Ціт Бандарчук сядзеў насупраць следчага і паволі расказваў:

— Грошы я расклаў па кішэнях — у адну не ўмяшчаліся. Як ні кажы — дзесяць тысяч. Пабыў у садзе, пакуль не скончылі адгрузку яблык, і ўжо калі зусім змерклася — пайшоў дадому, на пасёлак. Толькі прайшоў мост на дарожцы, што выходзіць на Кляноўскі шлях, а тут нехта ззаду па галаве як трэсне! Дык мяне і павяло ў бок. Калі ён выцягваў грошы, дык схіліўся нада мной, і я заўважыў яго ў твар. Вечар быў месячны, можна было заўважыць.

— А вы пазналі б яго?

— Пазнаў бы, як жа.

— Што вы такое прыкметнае заўважылі на яго твары?