— Ён! Я пазнаў яго! — выдыхнуў Ціт.
— Хто ён?
— Той самы, што... што мяне абрабаваў.
— 3-заб’ю, гад!
Іван кінуўся да Бандарчука, але Сцяпан яго стрымаў.
— Ён вас абрабаваў?!
— Ён, грамадзянін следчы. Я яго пазнаў. Той жа шырокі твар, пасма валасоў над вокам... Яго трэба арыштаваць, а то ўцячэ.
— Пачакайце, дык вы яго не прасілі, каб ён сказаў...
— Выдумаў ён, грамадзянін следчы, усё выдумаў. Гэта, каб адвесці ад сябе падазрэнне. На ўсякі выпадак... Цяпер я зразумеў. Ды вы падумайце самі, хіба аб гэтым будзе хто прасіць незнаёмага чалавека?
— Ах ты, труба выхлапная! — не стрываў Іван і зноў памкнуўся да Бандарчука.
— Супакойся! — следчы сурова зірнуў на Івана і запытаў у яго:
— А вас хто-небудзь разам з Бандарчуком бачыў тады?
— Мо і бачыў хто, але ж ці знойдзеш яго цяпер?
Іван разумеў, што такі сведка вельмі дапамог бы яму. Бандарчук жа сцвярджае, што пасля абрабавання сустракае яго, Івана, упершыню.
— Афіцыянтка, скажам, што вам на стол падавала, — прадаўжаў следчы.
— Выпівалі мы каля рэчкі. Так што ніякіх там афіцыянтак не было, — сказаў Іван.
— Хлусіць ён, грамадзянін следчы, усё хлусіць,— сцвярджаў Бандарчук.
Вочная стаўка скончылася.
— Арыштуйце яго, грамадзянж следчы,— маліўся Бандарчук.— Ён жа мяне заб’е цяпер!
— Не бойся. Рук мараць аб цябе не буду. Але ты мяне яшчэ ўспомніш.
— Ну вось, бачыце?
Пасля вочнай стаўкі Бандарчук пайшоў ад следчага не адразу. «Баіцца Івана»,—падумаў Сцяпан. А пацярпеўшы занепакоена пазіраў на яго, штосьці хацеў сказаць. I сапраўды, Бандарчук яшчэ паведаміў, што Іван п’яны хваліўся, быццам п’е за яго, бандарчуковы, грошы. І гэта чуў Міша Карпаў, вучань чацвёртага класа селішчанскай школы.
Застаўшыся адзін, Сцяпан падумаў: «Вось яна, работа следчага. Паспрабуй, разбярыся тут!»
Допыт Мішы Карпава следчы вырашыў правесці ў школе, у прысутнасці настаўніка.
У школе Сцяпан пазнаёміўся з настаўніцай Нінай Міхайлаўнай Зорынай. Настаўніца Мішу хваліла: хлопчык добра вучыўся і быў дысцыплінаваным. Сцяпан папрасіў дазволу прысутнічаць на ўроку.
— Мішу выклікаць будзеце сёння? — спытаў ён у настаўніцы.
Ніна Міхайлаўна яго зразумела. Следчы хацеў, перш чым прыступіць да допыту, бачыць Мішу ў звычайнай для яго школьнай абстаноўцы. Так, яму неабходна было мець найбольш поўнае ўяўленне аб гэтым хлопчыку, ад паказанняў якога цяпер залежала многае. На ўроку Міша адказваў бойка, упэўнена. На пытанні адказваў не спяшаючыся. Сцяпану кінулася ў вочы ўважлівасць, з якою слухаў Міша тлумачэнні настаўніцы. Сядзеў ён, падпёршы кулачком шчаку і, здавалася, не прапускаў ніводнага яе слова.
На допыце Міша пацвердзіў паказанні Бандарчука. Так, ён чуў, як Іван Чарнагуз хваліўся, што п’е за бандарчуковы грошы.
Сцяпан неяк разгубіўся. Што рабіць? Супраць івана ёсць яўны доказ — паказанні Бандарчука. А іванаў гузік, знойдзены на месцы злачынства? А паказанні Мішы Карпава? Гэта ж таксама доказ. Ды і сам Іван не адмаўляецца, што быў тады ў Селішчы. Ну, мог ён быць у МТС, а пасля... ці нават і да гэтага... Следчая практыка ўсялякія выпадкі ведае. Так, важкія ўлікі ёсць супраць Івана. Праўда, іх яшчэ не дастаткова, каб закончыць справу, але ж Іван... Сцяпан ведаў яго характар — рашучы, смелы. Яшчэ, чаго добрага, расправіцца з Бандарчуком! I ён некалькі разоў ужо браўся пісаць пастанову на арышт. Але ўсякі раз адкладваў у бок ручку, задумваўся. I не разумеў сам, што яго стрымлівае: ці няўпэўненасць у іванавай віноўнасці, ці тое сяброўскае пачуццё, якое з’явілася ў яго да Івана яшчэ ў дзяцінстве. Ён зноў пачынаў падрабязна прадумваць усё спачатку, зноў браўся за ручку. «Ды што гэта я...— раззлавана падумаў.— Нарабіў бяды, дык няхай адказвае»,— і напісаў пастанову на арышт. У той жа дзень Івана арыштавалі. Увечары прыехаў Ігнат Іванавіч. Водпуск яго скончыўся, і ён на другі дзень прыступіў да працы. Сцяпан адразу ж далажыў яму ход справы. Ігнат Іванавіч слухаў уважліва і, калі Сцяпан скончыў, заўважыў:
— Віноўнасць Чарнагуза — версія магчымая, але не правераная да канца.
— А што трэба было яшчэ зрабіць!
— Вочную стаўку Чарнагузу з Мішам Карпавым — у першую чаргу.
— У аб’ектыўнасці Карпава я не сумняваюся.
— Але ж ты не ўлічваеш, што Карпаў — дзіцё. Ён можа добрасумленна памыляцца. Можа?
— Бывае і такое. Але ў гэтым выпадку, здаецца мне, няма падстаў прытрымлівацца такой думкі.
— Тым не менш ты павінен быў зрабіць вочную стаўку. Уяві на момант, што аб магчымай памылцы Карпава табе Чарнагуз гаворыць, а не я. Што ты супроцьпаставіш яго довадам?
— Тады зраблю вочную стаўку.