— А калі на вочнай стаўцы высветліцца, што Карпаў памыліўся, тады што?
— Чарнагуза вызвалю з-пад арышту.
— А як ты яму пасля гэтага ў вочы глядзець будзеш?
Сцяпан маўчаў. Яны сядзелі адзін насупраць другога. Ігнат Іванавіч — прысадзісты, каржакаваты, з спакойнымі пільнымі вачыма, чорнымі з іскрынкамі сівізны валасамі, і Сцяпан — высокі бялявы юнак з прыемным адкрытым тварам і жывым уважлівым позіркам блакітных вачэй.
— Уяві, як бы мы адчувалі сябе, каб каго-небудзь з нас незаконна пазбавілі волі?
— Я разумею, Ігнат Іванавіч.
Ігнат Іванавіч закурыў і прадаўжаў:
— Наколькі я зразумеў цябе, у працэсе расследавання намячалася яшчэ адна версія — сімуляцыя Бандарчуком абрабавання. Што зроблена для праверкі гэтай версіі?
— Не правяраў. Я ж прытрымліваюся версіі аб віноўнасці Чарнагуза.
— Я зноў аб тым жа. А калі гэтая версія памылковая?
— Буду правяраць другую.
— Дык мо позна будзе? Бандарчук паспее схаваць канцы ў ваду.
Следчы зноў не знайшоў, што адказаць. Ад пракурора ён выйшаў пачырванелы, усхваляваны. Ігнат Іванавіч не папракаў яго, але Сцяпан адчуваў сябе няёмка.
На вочнай стаўцы Міша заявіў, што Чарнагуза ён бачыць упершыню. Следчы аж устаў з крэсла. Ніна Міхайлаўна таксама здзіўлена пазірала на свайго выхаванца.
— А ты ж гаварыў, што сам чуў, як Чарнагуз выхваляўся? — Сцяпан намагаўся стрымаць сваё хваляванне і таму гаварыў цішэй, чым звычайна.
— Дык то ж Чарнагуз, а не гэты дзядзька.
— Значыць, не гэты, другі?
— Але ж, другі. Я ж кажу: Чарнагуз.
Следчы пачынаў разумець.
— А адкуль ты ведаеш, што таго Чарнагуз прозвішча?
— Мне дзядзька Бандарчук сказаў. Мы ж з ім поплеч жывем. Калі я расказаў яму, што чуў, ён адазваў мяне ўбок і пачаў распытваць: ці ведаю я таго дзядзьку? А потым як вылаяўся і кажа: «Гэта ж ён, Іван Чарнагуз. Запамятай, кажа, прозвішча. Запамятаеш?» «А навошта?» — пацікавіўся я. «Мо хто спытае — скажаш»,— адказаў мне дзядзька Бандарчук.
— Чаму ж ты гэтага раней не сказаў? — вырвалася ў Сцяпана.
— Дык вы ж у мяне не пыталі.
Сцяпану зрабілася горача. На ілбе дробнымі кропелькамі выступіў пот. Іван увесь час маўчаў і толькі пераводзіў позірк то на сведку, то на следчага. Вось ён сустрэўся вачыма з Сцяпанам, і ў яго позірку Сцяпан прачытаў: «Эх ты, гора, а не следчы».
Івана следчы тут жа вызваліў з-пад арышту.
— Гэта што, я ўжо меру пакарання адбыў? Хутка... Відаць, з залікам: адзін дзень год за дзесяць, — у іванавым голасе чулася злосная іронія, а шэрыя вочы, заўсёды смяшлівыя, цяпер былі нейкія жорсткія. Сцяпан змаўчаў. Ды і што ён мог сказаць?
Вобыск цягнуўся доўга. Нічога, што цікавіла следчага, не знайшлі, і ўжо хацелі заканчваць. Сцяпан яшчэ раз акінуў позіркам кухню, падыйшоў да вешалкі, дзе вісела старая вопратка. «Ну, чаго тут лазіць. Упаўнаважаны міліцыі тут усё праглядаў»,— падумаў і з неахвотаю пачаў аглядаць вопратку. У старым жаночым паліто ў патайнай кішэні знайшоў скручаную ружаватую паперку. Разгарнуў і спачатку не прыдаў ёй асаблівага значэння — звычайны чыгуначны білет да Ленінграда. Але
прагледзеўшы кампосцер, зацікавіўся. Білет быў куплены якраз на другі дзень пасля здарэння з Бандарчуком. Бандарчукова жонка, відаць, зразумела сцяпанава недаўменне, паспяшалася растлумачыць:
— Гэта я да сястры ездзіла. Тэлеграму атрымалі, што яна захварэла.
— А мужа на каго пакінулі? Ён жа таксама быу хворы.
— Яму ужо стала лепш тады.
Следчы задумаўся.
— А можна мне тэлеграму паглядзець?
— Тэлеграма дзесьці згубілася,— адказала гаспадыня. А сама нават і не збіралася яе шукаць.
На запытанне Сцяпана пошта адказала, што ні на імя Бандарчука, ні на імя яго жонкі тэлеграмы не было. Затое бандарчукова жонка ў той жа дзень, калі быў куплены білет, паслала ў Ленінград тэлеграму, што выязджае. «Чаго яна ездзіла туды? — думаў Сцяпан. — Мо яблыкі вазіла прадаваць?» Але багажная кантора на яго запытанне адказала, што Бандарчукі багажом нічога ў Ленінград не перавозілі. «Дык чаго ж яна ездзіла?» Гэтая думка не давала следчаму спакою.
На другі дзень Сцяпан быў на вакзале.
У Ленінградзе ён разам з прадстаўніком гарадской пракуратуры зрабіў вобыск у бандарчуковых родзічаў. Вобыск пацвердзіў меркаванні следчага. Была знойдзена ашчадная кніжка на імя бандарчуковай жонкі на дзесяць тысяч рублёў. Грошы былі ўнесены на трэці дзень пасля здарэння з Бандарчуком.
Прыехаўшы з Ленінграда, Сцяпан адразу ж вынес пастанову на арышт Бандарчука. Быў у кабінеце, праглядваў справу, калі яму пазванілі з міліцыі.
— Што? Збег?! — перапытаў і, пачуўшы ў адказ тое ж самае, кінуў на рычаг трубку,
— Вось прайдзісвет, абдурыў! Але ж не схаваешся, не! Хоць пад зямлёй знайду!
Ад узбуджанасці ўстаў, захадзіў узад-уперад па кабінеце. Зноў раздаўся тэлефонны званок. «Хто там яшчэ»,— незадаволена падумаў следчы і злосна кінуў у трубку:
— Слухаю. Чарнагуз? Што ты хочаш? Бандарчук на вакзале? 3 чамаданам? А ён цябе бачыў? Не бачыў? Слухай, Ваня, сачы за ім. Як будзе садзіцца ў поезд — трымай. А я зараз пад’еду.
«Не ўцячэш»,— думаў ліхаманкава і, апра- наючыся на хаду, выскачыў на двор, загадаў шафёру:
— На вакзал!