Выбрать главу

Стрэлкі гадзінніка застылі на лічбе «12», кухонныя сцены спынілі кругабег, пагрозліва атачыўшы Рыгора з усіх чатырох бакоў. Сусвет перастаў круціцца вакол Палярнай зоркі, замёр на імгненне, і за каршэнь Рыгораў струменьчыкам пасыпалася кававае мліва.

Хвіліну ён сядзеў, утуліўшы галаву ў плечы, потым асцярожна, з утуленай у плечы галавой, устаў і, як той самнамбул — выставіўшы наперад рукі — рушыў да дзвярэй.

У суседнім пакоі здушана плакала Зіначка.

— Вар’ятка, — вырвалася з Рыгоравай душы, калі ён выходзіў з кватэры.

Дыхнуўшы прахалоды, кандыдат памацаў пабітую макаўку, выцягнуў са штаноў край кашулі, спрабуючы вытрусіць кававае мліва, але яно прыстала да потнага карка і раздражняла нервы. Раздражнялі і туфлі, якія раптам пачалі ціснуць. Кандыдат памкнуўся зняць іх і закінуць у прыдарожныя кусты, ды ўгледзеў, што насунуў не на тую нагу. Ён сагнуўся, тузануў непадатны шнурок, і на мысок стаптанай туфлі адна за адной упалі дзве скупыя халасцяцкія слязіны.

Палёты праз цэнтр Зямлі

А. М.

Кто же они, эти загадочные «жуки», имеющие такую фантастическую популярность? — спросит читатель. Увы, это всего-навсего английский эстрадный ансамбль «Битлз» (жуки), состоящий из четырёх человек… Трое с гитарами, один ударник — и все четверо… чуть было не сказал — поют! Трудно себе даже представить, какие звуки издают эти люди под собственный аккомпанемент, какое содержание в этих опусах.

…Бедные, наивные «жуки»! Вы, наверно, твёрдо уверены, что всё это — слава, бешеные деньги, рёв и визг поклонников, визиты к королям — всё это навсегда и по заслугам. Но готов биться об заклад, что протянете вы ещё год-полтора, а потом появятся молодые люди с ещё более дурацкими причёсками и дикими голосами, и всё кончится!..

Никита Богословский. Из жизни «пчёл» и навозных «жуков» («Литературная газета», 1964 г.)

Сонца паволі, як бы з неахвотаю кранаецца шторы, і ў квадраце святла паўстае Юркава постаць. Братан з шумам перагортвае старонку.

— «Для плазмасвідара з паветрана-віхравой стабілізацыяй дугі і паветраным ахаладжэннем хуткасць свідравання ў грана… ээ… у грана-ды-я-рытах сягае чатырох з паловаю метраў у гадзіну пры дыяметры свідравіны да 130 міліметраў», — уголас мармыча братан і соладка пазяхае.

Юрка вучыцца на чацвёртым курсе інстытута. Заўтра ў яго залік па новых метадах свідравання. Стрэлкі гадзінніка, які вісіць над Юркавым сталом, паказваюць палову на адзінаццатую, і з галавы маёй яшчэ не выпетрыліся рэшткі сну, у якім я прабіраўся бясконцай пячорай да цэнтра Зямлі.

— Юр, — гукаю я, масіруючы далонямі заспаныя вочы.

— Ну, — адгукаецца брат.

— Ты там пра свідраванне вучыш?

— Ну.

— А што, калі прасвідраваць Зямлю наскрозь?

— Паспрабуй, — муркае Юрка, не адрываючы вачэй ад падручніка. — Свідар у зубы, барабан на шыю.

Я закідваю рукі за патыліцу і малюю ў свядомасці пракапаную праз цэнтр Зямлі шахту. А калі ў яе скочыць? Вылеціш на амерыканскім баку, прычым наперад нагамі. Вось бы здзівіліся амерыканцы! Цісну далоні да павек і ўяўляю, як з яміны — там, на другім баку зямной кулі — вылятае русічка Марковіч. Расхлістаная, з задзёртай спадніцай, і штосьці гарлае амерыканцам. Ды не… не штосьці, а сваю ўлюбёную фразу: «Ізноў забалбаталі сваімі язычышчамі паганымі!» Можна падумаць, амерыканцы яе зразумеюць. А можа, вылятаючы з яміны, загадае іншаземцам падкрэсліць дзейнік адной рысай, а выказнік дзвюма?

— Юр…

Брат адрываецца ад падручніка, незадаволена крывіцца.

— А калі скокнуць?…

— Куды?

— У шахту… праз цэнтр Зямлі пракапаную.

— Ужо пракапаў? — Юрка адкідваецца на спінку крэсла, спружна, да храбусцення ў суставах пацягваецца.

— А калі пракапаю і скокну… я што — вылечу на амерыканскім баку наперад нагамі?

— Ты ўвогуле ўяўляеш — пра што гаворка? Дыяметр зямной кулі 12 тысяч кэмэ. А самая глыбокая… нават не шахта, а свідравіна не перавышае васьмі кіламетраў. Прабіць такую шахту — усё адно што змяніць вось вярчэння Галактыкі.

— А калі ўсё ж такі скокнуць?

— Да Амерыкі, Лёня, у любым выпадку не даляціш. Згарыш сінім агнём.

Я таксама пацягваюся і з думкай, што брат начыста пазбаўлены фантазіі, вылажу з-пад коўдры. Голая пятка натыкаецца на разгорнутую кніжку. «Вандроўка да цэнтра Зямлі» Жуля Верна. Класная кніжка! Чытаў учора да самай ночы, аж пакуль маці не прыйшла ды не выключыла святло.