Юрка маўчыць, збіраючыся з думкамі, а потым, ужо незадаволена, азываецца:
— Ды адчапіся ты, далібог… дай паесці.
Не, з Юркі пісьменніка не атрымаецца. Ані каліва фантазіі. Цікава, ці зменіцца клімат у Антарктыдзе, калі з дзіркі шугане гарачая пара?
У кухні сквірчаць яйкі на патэльні, і Юрка загадна крычыць:
— Есці ідзі! Два разы клікаць не буду.
«Вандроўку да цэнтра Зямлі» дачытваю познім вечарам, у пасцелі. А дачытаўшы, кладу кніжку на грудзіну, летуценна паглядаю на столь і чую сцішаны вокліч:
— Лёнь…
Гэта Мішка гукае ў нішу электралічыльніка.
Выходжу ў майцы і трусах на лесвічную пляцоўку.
— Слухай, ты можаш збегчы з дому на гадзінку? — сябар, мяркуючы па голасе, прыкметна хвалюецца.
— Магу… калі маці не прачнецца. А што такое?
— Знайшоў месца, дзе металалому на дзесяць цеплавозаў.
…Вакол ужо сапраўдная ноч, і вецер, які знянацку ўсхадзіўся, зацята шуміць у шатах разложыстых хвояў. Хвоі стаяць пасярод могілак, падпіраючы вершалінамі цёмнае неба. На сэрцы трывожна. Відаць, такі ж настрой быў у жульвернаўскіх герояў, калі яны спускаліся ў цэнтр Зямлі.
Мішка тыцкае мяне ў бок, ківае на кучу смецця. Да кучы прыхіленая жалезная, аблытаная жалобнымі стужкамі агароджа.
— Усё ж такі няёмка… з могілак цягнуць, — кажу я сябру, але Мішка рашуча хапаецца за жалезныя пруты:
— Яшчэ адзін Маа Цзэ-бздун. Агароджу на сметнік выкінулі, значыць, яна нікому не патрэбная.
З натужлівым крэканнем выцягваем агароджу са смецця.
Да школы ідзём дварамі. Добра яшчэ, што час позні і на вулцы няма мінакоў. За ўсю дарогу толькі аднаго дзядзьку і сустрэлі. Дый той быў упіты і йшоў хістаючыся.
Металалом, невялікімі грудамі, ляжыць на пазаддзі школьнага двара, поруч з майстэрнямі. Наш грудок зусім маленькі: колькі пакарабачаных труб, іржавая рысора ды бляшаныя начоўкі, на дне якіх крэйдай напісана: 5 «А». Ускідваем металёвую гаргару на грудок, абіваем далоні.
— Пайшлі, яшчэ чаго пашукаем, — кажа Мішка.
Вяртацца на могілкі няма ахвоты. Я зацкавана гляджу на Мішкаву спіну, і толькі калі сябрук азіраецца, шаргатлівай хадою іду следам.
…Наваколле і без таго апанаваў змрок, а тут, пад шатамі векавых хвояў, пануе сапраўдная цемра. Над галавою злавесна каркае варона, і я спалохана здрыгаюся.
— Што, перапудзіўся? — пытаецца Мішка, спрабуючы пасміхнуцца. Сябрук і сам, відаць, перапужаўся, бо ўсмешка ягоная нежывая і насцярожлівая.
На шчасце, далёка не йдзём. Якраз на ўскрайку ляжыць, вывернуты з магілы, металёвы, звараны з тоўстай трубы крыж. Удвох падхопліваем яго, выцягваем на дарогу. Крыж і без таго цяжкі, а тут яшчэ да ніжняга канца прыстала бетонная камлыжына. Яна барануе зямлю, не дае разагнацца. Цягнуць крыж дварамі, па ўтравелых сцяжынах, не выпадае, таму шыбуем напрасткі, па асфальтавым ходніку.
Нябачная ў цемры варона — ці не тая, што пужала нас на могілках, ляціць над нашымі галовамі, картава гарлае, і нейкая цётухна ў чорным палітоне, якая шыбуе насустрач, адскоквае ўбок і хрысціцца.
Цягнем крыж за будынак школьнай спартзалы, ставім старчма, збіраемся перавесці дух, ды тут надараецца неверагоднае: з задніх дзвярэй спартзалы, што заўсёды стаяць замкнёныя, выходзіць русічка Марковіч. Пакуль яна папраўляе валасы на галаве і абівае спадніцу, мы ціхенька, каб не нарабіць груку, кладзем крыж на асфальт, мерымся сігануць у кусты — і чуем зычны голас:
— Зыль! Каролік!
Следам за русічкай з дзвярэй — асцярожнай ступою і азіраючыся — выходзіць настаўнік фізкультуры Міхал Карпавіч.
— А што ж гэта робіцца?! — не сваім голасам войкае русічка. — Міша… э-ээ… Міхал Карпавіч. Зірні на сваіх выхаванцаў! Вывернулі з магілы крыж і цягнуць у школу! Зараз жа цягніце назад!
— Нінэль Іванаўна, можна крыху цішэй? — Выцершы насоўкай упацелы лоб, Міхал Карпавіч ідзе да нас, падхоплівае крыж, цягне да бліжэйшых кустоў. — Адзін прыперлі ці некалькі?
— Адзін! — выдыхаем мы з Мішкам і разам паглядаем спадылба на русічку. Тая таксама злёгку ўпацелая, і ў валасы ўбіўся кавалак шэрай ваты. Няйначай, кулялася на ліхенькіх школьных матах.
— Так… заўтра а восьмай гадзіне чакаю вас ля дырэктарскага кабінета, — русічка змахвае вату з валасоў.
— Ды хлопцы металалом збіраюць. Ну, крыху перастараліся. Ці варта шум уздымаць?..
— Міхал Карпавіч… я вас папрашу, — перарывае калегу русічка, а Мішка Зыль, шморгнуўшы носам, заўважае: — Мы ў другую змену вучымся.
— Паўтараю: а восьмай гадзіне прыйсці да дырэктара!
Русічка рашуча паварочваецца, цокае па асфальце туфлямі-лодачкамі. Міхал Карпавіч яшчэ імгненне стаіць нерухома, а потым, пацёршы няголеную шчаку, нясмелым крокам рушыць следам.