Выбрать главу

Спаўзаю з крэсла, падымаю накрыўку прайгравальніка, але кружэлкі на дыску няма. Няма і капэрты за шклом. Брат, відаць, прыхапіў на заняткі.

Вучыць батаніку зусім неахвота. Дый вочы смыляць ад недасыпу: учора цягаўся да ночы, а сёння падняўся з цёмнага рана. Кладуся на сваю ўлюбёную канапу, закідваю рукі за галаву і думаю пра тое, што русічка да Амерыкі і сапраўды не даляціць. Вунь, ля 19-й школы, дзядзька ўпаў у каналізацыйны люк і то апынуўся ў рэанімацыі. А тут шахта глыбінёй 12 тысяч кэмэ. Заплюшчваю вочы і ўяўляю, як падхорцісты, у высокім цыліндры і з рэдкай бародкай амерыканец — такіх увесь час малююць у карыкатурах — зазірае ў цёмную зеўру шахты і ў лабешнік яму стукае русічкін туфель. Амерыканец ловіць яго няўклюднай рукой, штосьці абурана гарлае — я нават чую ў зямных нетрах глухое рэха, — і шпурляе абутак назад у шахту. Амерыканец пацірае лабешнік. Добра яшчэ, туфель быў пры канцы лёту, згубіў былую хуткасць. — Ху іс эбсэнт тудэй?! — гучна крычу амерыканцу і заўважаю ў яго руках бліскуча-чорную бомбу. На баку бомбы — як падалося, Мішкавай рукой — крэйдай напісана літара «А». Падхорцісты падлюка хоча кінуць яе ў шахту, каб тая гакнула на нашым баку. — Сіт стыл! Оупэн ё бук! — гарлаю штосілы і размежваю павекі… Кот Маркіз, пабачыўшы, што я прачнуўся, трэцца вусамі аб ножку крэсла, бязгучна яўкае — просіць даць смятаны. Здаецца, і заснуў на хвіліну, а на гадзінніку палова на адзінаццатую. Трэба збірацца ў школу.

Батаніку ў нас вядзе Капіталіна Іванаўна. Сухарлявая і задышлівая пенсіянерка. Ад яе манатоннага голасу кожнага разу цягне на сон. І калі добрая палова класа пачынае торкаць насамі, пенсіянерка прахопліваецца, тыцкае ўказкай у схематычную выяву кветкі, што вісіць на дошцы, і голасна прамаўляе:

— Вось гэта што? Гэта тычы…

— …Нка-а! — абуджана гукаем мы.

— А вось гэта што? Гэта пес…

— …Ці-ік! — гарлаем на ўвесь клас, і Капіталіна Іванаўна, ляпнуўшы ўказкай па стале, штораз заўважае: — Каролік! Навошта так гучна? Я не глухая. — Пенсіянерка згадвае звычайна толькі мяне, нібыта толькі я адзін і крычу.

Сёння сяджу ціха, маракуючы, якім чынам героі Жуля Верна маглі б прабіць тоўшчу антарктычнага лёду.

Усё ж такі цікава б было сустрэцца з Жулем Вернам. Зайшлі б з ім у Мішкаву кватэру, уключылі тэлевізар. Вось бы падзівіўся стары. У Мішкі класны тэлевізар: «Тэмп-6». Мы з братам таксама марым набыць такі.

Суседка Галка тыцкае мяне локцем, і я трасу галавой.

— Каролік! Ты што там, заснуў? Ану паўтары: хто апыляльнік канюшыны?

— Чмялі, — падказвае Галка Патрыкеева, і я з неахвотаю прамаўляю: — Ну, чмялі…

— А чаму менавіта яны?

Галка штосьці шапоча, але батанічка папераджальна стукае ўказкай па стале, і суседка змаўкае.

— І аб чым ты ўвесь час марыш? — выдыхае Капіталіна Іванаўна, і Мішка Зыль гукае ад задняй парты:

— Марыць даляцець да цэнтра Зямлі і вылецець у Амерыцы наперад нагамі!

У класе смяюцца.

Гляджу праз плячук на сябра: той з вінаватым выглядам тузае плечукамі, маўляў, а што я такога сказаў? Ёсць у Мішкі такая паганая звычка — пацвельваць сяброў.

— Так, а цяпер адгарніце падручнікі на 45-й старонцы, — пажвавелым голасам прамаўляе Капіталіна Іванаўна, але гучыць званок, і мы падхопліваемся на ногі.

Наступны ўрок — геаграфія. Хоць я і не дзяжурны, але іду ў настаўніцкую, прачыняю дзверы і адшукваю вачыма геаграфічку Ксенію Спірыдонаўну. Тая, стаўшы рукі ў бокі, штосьці распавядае дырэктарцы.

— Я ёй, Наталля Леанідаўна, кажу: як табе не сорамна, васьмікласніцы, так фарбавацца. А яна рукі вось так… у бокі, узяла і скрозь зубы адказвае: а для чаго тады макіяж прыдумалі? Што яшчэ за макіяж? Я і слова такога не ведаю…

Кашляю ў далонь, і Ксенія Спірыдонаўна, азірнуўшыся, паказвае рукой на парэпаны шыфаньер.

— Вазьмі, Каролік, фізічную мапу СССР. Вунь яна, у трубку скручаная. І схему артэзіянскага калодзежа.

— А глобус браць? — пытаюся я.

— Вазьмі, — прамаўляе, не гледзячы на мяне, дырэктарка Наталля Леанідаўна. Ёй відавочна карціць пачуць, што было далей.

З глобусам у руках і з фізічнай мапай пад пахай выходжу ў калідор і сутыкаюся з Мішкам Зылём.

— Чаго гэты ты ўсхапіўся? Сёння ж я дзяжуру, — Мішка вінавата адводзіць вочы.

— Не, нездарма цябе кампазітарам Падкавыравым завуць, — я даю Мішку несці фізічную мапу і, пазіраючы на глобус, прыкідваю — дзе можа выйсці шахта, калі яе пачаць капаць у нашых мясцінах.