Выбрать главу

— А чаго крычалі? — пытаюся, адчуваючы лёгкі пах парфумы, які струменяць Галчыны валасы.

— Ну ты што… не разумееш? Прыбягала з русічкай разбірацца. Вось пабачыце: Марковіч у іншую школу пяройдзе. Так што, Лёнік, можаш уздыхнуць з палёгкай.

Я уздыхаю, але без палёгкі, і Мішка стукае мяне па плячы:

— Ды не хвалюйся ты. Вунь і дырэктарка пасля ўрокаў прыходзіла, цябе шукала.

— Я сказала, што ты марыш праз цэнтр Зямлі калодзеж пракапаць, дык Наталля Леанідаўна паабяцала заўтра на класную гадзіну прыйсці і настаўніка фізікі прывесці. Ведаеш, высокі такі мужчына, — Галка аціхае, з насцярогаю пазірае мне ў вочы.

— Трэба ехаць, — кажу я, хоць і ведаю, што нікуды не паеду.

— Ведаеш, Лёня, калі ты з’едзеш… — Галка прыкусвае ніжнюю губу.

— І што будзе?

— Я буду сумаваць без цябе.

Кроў гарачай хваляй падкочваецца да твару, шчокі мае пачынаюць гарэць. Я насоўваю на вочы брылёк кепкі, іду да выхаду, і Галка акрыялым голасам распавядае пра маладога фізіка, які першы год працуе ў школе, у якога закаханыя ўсе дзесяцікласніцы і які распавядзе нам з Мішкам і ўсяму 5-му «А», ці можна заляцець у Амерыку праз цэнтр Зямлі.

За сценкай рыпаюць спружыны старой, даваеннай яшчэ атаманкі. Маці не спіць. Чакае Юрку, які ізноў швэндаецца недзе сярод ночы. Мне таксама не спіцца. Ляжу і з прытоенай радасцю думаю пра тое, як усё добра абышлося. Маці пра маю вандроўку ў Вентспілс нічога не ведае; грошы — трыццаць рублёў — неўпрыкмет паклаў назад у шуфляду; а русічка Марковіч, па чутках, збірае мэтлахі і падаецца ў іншую школу. Адзінае, што не дае спакою, гэта падраная капэрта. Я яе склеіў, але Юрка ўсё адно будзе лаяцца. І ў нядзелю не дасць грошай на кіно.

Куляюся на левы бок, і дзесьці непадалёку, усё адно як з матчынай спальні, гучаць прыглушаныя галасы.

— Куды ты? Сёння ж кантрольная па матэматыцы! — гэта Мішкаў голас.

— Я буду сумаваць без цябе, — адзываецца з-за сценкі Галка Патрыкеева.

Сэрца маё вылятае з грудзіны, і я адчуваю, што правальваюся ў цёмную бяздонніцу. Цела робіцца бязважкім, скроні казыча цёплы ветрык, я штосьці крычу Галцы, ды не чую ўласных словаў, бо яны застаюцца недзе там, высока над галавой. Міма мяне святлявымі вужакамі ляцяць каляровыя агні. Неўпрыкмет іх лёт запавольваецца, цела наліваецца цяжарам, ветрык ужо не казыча скроні, і нечыя моцныя рукі хапаюць мяне за калашынне штаноў. У жаху заплюшчваю павекі, а калі зноў расплюшчваю, бачу перад сабой нечыя смяшлівыя твары. Мяне ляпаюць па шчоках, і адзін з чатырох маладых дзядзькоў, што схіліліся нада мной, з панікай у голасе выдыхае:

— Жывы!

Галава мая злёгку кружыцца, я выціраю ўпрэлы лоб і, толькі ўгледзеўшы электрагітары, якія трымаюць мае выратавальнікі, пазнаю музыкаў — тых самых, з падзёртай капэрты.

— А чаму вы тут, у Амерыцы? Вы ж ангельскі ансамбль.

— На гастролі прыехалі, а тут бачым — нехта з таго боку Зямлі ляціць, — весела азываецца дзядзька ў тонкім, пад самае горла швэдры, і я пазнаю Джоленана.

— Адчайны ты хлопец — скочыў у яму, а яна 12 тысяч кіламетраў глыбінёй, — з захапленнем прамаўляе Джоленан і тут жа пытаецца: — А скуль ведаеш, што мы ангельскі ансамбль?

— Дык вас усе ведаюць. У сённяшняй «Літаратурцы» артыкул змясцілі. Напісалі, што праз пару гадоў будзеце па шын­ках жабраваць. Толькі вы на тых пісак не крыўдуйце. Яны ж вашых песень, відаць, і не чулі.

— А ты што, збіраешся назад ляцець? — пытаецца Джоленан.

Я моўчкі ківаю ў адказ, і свядомасць маю апаляе панічная думка: «А як я дакажу, што бачыў “Бітлз”? З мяне ж толькі пасмяюцца». Наагул, я не люблю нічога прасіць, але тут выключны выпадак.

— Ці не маглі б вы мне падараваць сваю кружэлку? У брата ёсць адна, але русічка капэрту падзерла.

— На жаль, мы з сабой кружэлак не носім, — з уздыхам прамаўляе Джоленан і нечакана здымае з шыі электрагітару. — На вось, аддай брату.

Я спалоханымі вачыма гляджу на гітару, потым на Джоленанавых сяброў, і тыя ўхвальна ківаюць галовамі.

— Бяры, бяры, — кажа Рынгастар, — гэта падарунак ад усіх нас.

Я бяру гітару. Яна цяжкая, і ад рэменя прыемна пахне навюткай скурай.

— А можа, застанешся? — пытаецца Джоленан. — Сходзіш на наш канцэрт…

Я рашуча трасу галавой. Як я магу застацца, калі там, на другім канцы Зямлі, мяне чакаюць Мішка Зыль і Галка Патрыкеева?

Я павінен усё запомніць: рамонкавую паляну, празрыстае неба, вялізную яму з брустверам свежай зямлі па краях. Музыкі стаяць каля яміны дакладна ў тых жа паставах, што і на капэрце. Я нават заўважаю, што Джоленанавыя нагавіцы пукацяцца на каленях.