Выбрать главу

Квіткоў прадалі больш, чым трэба, і шафак усім не хапіла. Макар вырашыў трымацца бліжэй да кучаравага хлопца, таму і прапанаваў павесіць вопратку ў адну шафку. Пляшак з недаросткам распраналіся непадалёку.

— Лёха, як толькі хто рыпнецца — кліч мяне. Ты ж мяне ведаеш — я б’ю два разы: адзін раз па кумпалу, другі — па веку дамавіны, — грымеў знявечаны шумам дожджыку і раскацістым рэхам плешаковы голас. — Аднойчы, яшчэ да зоны, пайшоў у лазню, і там адзін, такі ж вось фраер, пачаў залупацца. Дык я яго на распаленыя камні пасадзіў. Так і спёк яйцы. А з бандэраю ў мяне ўвогуле размова кароткая…

Слухаючы такое, Макар нават упрэў, а зыркнуўшы на плешака, зусім заняпаў духам. Торс былога зэка быў скрозь у наколках, а ад шыі і да самай пахвіны сінеў завілы пісяг.

— А ты што, з Ільвова? — запытаўся тым часам кучаравы хлопец, сцягваючы з нагі нехлямяжы чаравік.

— Ды я там ніколі не быў, — пралепятаў Макар. Хацеў яшчэ сказаць, што ён беларускі паэт, але змаўчаў, бо невядома было, як на тое зрэагуе суразмоўнік.

Балей таксама ўсім не хапіла, але лазеншчык, кульгавы дзядзька ў белым халаце, голасна паведаміў, што неўзабаве прынясуць спісаныя медніцы са склада.

Кучаравы хлопец стаў пад дожджык, а Макар вырашыў перш-наперш наведаць сухую парыльню, а потым нырцануць у басейн.

Ён адчыніў дзверы саўны, удыхнуў гарачага паветра і тут жа ўгледзеў плешака, які з крэканнем залазіў на паліцу. Макар згадаў вусцішны аповед пра печаныя яйцы, пастаяў хвілю ў нерашучасці і пад незадаволены вокліч: «Зачыняй, дух выходзіць!» — грукнуў дзвярыма, так і не наведаўшы парыльню.

Абяцаныя медніцы дагэтуль не прынеслі, і тыя, каму не хапіла балей, з зайздрасцю паглядалі на недаростка, які, не раўнуючы герой Зошчанкі, прысабечыў аж тры балеі — у адной адмочваў ступакі, у другой мыўся, а на трэцюю, перакуліўшы дагары дном, паклаў мыла і вяхотку. Невядома, колькі б доўжылася такое мыццё, каб да Лёхі не падышоў Макараў «кампаньён». Макар быў далёка і не чуў іхнай размовы, але недаростак, відаць, сказаў штосьці крыўднае, бо кучаравы хлопец на міг сумеўся, а потым, узняўшы балею з вадой, абрынуў на Лёхаву галаву, ды так, што праламаў пластмасавае днішча. Недаростак войкнуў, паспрабаваў устаць, але тут жа плюхнуўся ўпоперак лавы, наставіўшы ўгору куртаты, з невядомай прычыны ўзбуджаны чэлес.

Акурат той хвіляй лазеншчык прынёс стос бляшаных медніц. Макар падхапіў самую верхнюю, сеў на крайнюю лаўку і здаля стаў пазіраць на Лёху, якога палівалі вадой і рабілі штучнае дыханне. Пазіраў з трывогаю, чакаючы таго моманту калі Лёхаў карыфан выкуліцца з парыльні. Той, аднак, не выкульваўся, і Макар, набраўшы вады ў медніцу, намыліў галаву.

— У нас у аддзеле таксама ўчора завяліся. Адны за Пуціна, другія за ўкраінцаў, — гугнявіў хтосьці праваруч, завіхаючыся з вяхоткай.

— Хахлы ў тую вайну Гітлеру прадаліся, цяпер вось пад Амерыку падбіваюцца, — азваліся леваруч.

— Пасля Сталіна не тое што Гітлеру — самому чорту душу закладзеш, — рэзюмаваў гугняк і нечакана, з інтанацыяй панікі, загарлаў: — Б’юцца!

Змахнуўшы з вачэй мыльныя хлапякі, Макар убачыў, як кучаравы хлопец заехаў плешаку кулаком у грудзіну, але той, як Фантамас, толькі злёгку хістануўся. Мыла выядала вочы. Макар плюхнуў вады на твар, слёзы засцілі свет, і ён толькі пачуў тупат босых ног, сіплую лаянку і бурлівы плёскат у лазенным басейне.

Калі падбег да басейна, кучаравы пускаў ужо бурбалкі. Пляшак, сядзеў на ім, прыціснуўшы да дна, і не даваў хапануць паветра.

— Ратуйце! Патопіць чалавека! — гаркнулі адразу некалькі глотак, і Макар, разагнаўшыся, скокнуў на лысую галаву.

Ужо ў вадзе пляшак даў яму каленам у жывот, Макар глынуў смярдзючай хлёркі, усплыў, у два грабкі даплыў да нікеляванай лесвіцы, і галёнка ягоная знямела ад жалезнай сутаргі. Віснучы на парэнчах, Макар заехаў плешаку пяткай у нос і кінуўся ў прымыльнік. Думаў узяць у абярэмак апранахі і падацца да выхаду, але шафка была зачынена, а за спінай ужо грымелі здушаныя мацюкі — пляшак, падобна, бег, прыціскаючы далонь да разбітай нюхаўкі.

Фае, на шчасце, было пустое, каса зачыненая, і Макар непрыкметным ценем праслізнуў у цеплавузел. Тут, у цёмным катуху, не хапала паветра, і ён адчуў лёгкую млосць. Сэрца парывіста білася, трапятала ля горла, замарачным шумам адбівалася ў барабанных перапонках. У фае штосьці бразнула, пакацілася па падлозе, і замарачны шум увушшу пакрыў пранізлівы жаночы віскат. Лысы, няйначай, памкнуўся шукаць «бандэру» ў жаночым аддзяленні. Макар з адчаем падумаў, што вось зараз дзверы адчыняцца, лысы бандос выцягне яго, голага і мокрага, са спрату і пачне душыць сваімі страшнымі лапамі, але за дзвярыма запанавала ціша, якую праз нейкі час парушыла бразганне дзвярэй і тупаценне.