Набіраю поўныя лёгкія паветра, нырцую ў апраметную, і слых мой поўніцца злавесным гудам электрабрытвы. Гэта Юрка голіцца ў ванным пакоі. Я пасміхаюся спрасонку. Ну што там галіць — так, адзін пух на барадзе, але братан шторанку зумкае электрабрытвай. Відаць, таму, што зумкалкі такой няма ва ўсім горадзе. Шведская, з ратацыйнымі лёзамі. Бацька прывёз з-за мяжы.
Юрка гучна, са свістам, дзьмухае — выдзімае з брытвы пух, і неўзабаве крычыць:
— Уставай, лежань!
Я падымаюся, у два крокі падыходжу да серванта, уважліва гляджу на фотаздымак, і мне здаецца, што Джоленан па-змоўніцку міргае мне правым вокам. Хоць і спраўна склеіў капэрту, але месца разрыву белай рысай бяжыць па паперы і верхні край прыкметна пакамечаны. Я азіраюся — ці не йдзе братан — і тут жа спалохана падскокваю: гэта кот Маркіз вырашыў пацерціся аб маю голую галёнку.
Карты не хлусяць
Па абедзе ўсчалася задуха і паветра стала такім густым, што яго, здаецца, можна было памацаць рукамі. Вуліца Прафінтэрнаўская ўражвала сваёй пустэльнасцю — нават куры, тутэйшыя заўсёднікі, некуды пахаваліся, — і толькі ў дальнім яе канцы, насупраць харчовай крамы, завіхаліся трое мужчынаў. Мужчыны ставілі піўную летамку — даўжэзную, падобную да авіяцыйнага ангара, з малюнкам пеністага кухля на тарцы і надпісам «Богров» на франтоне.
Вуліца была спрэс забудаваная драўлянымі хацінамі, і ў адной з хат — трэцяй па ліку, калі лічыць ад крамы, — сядзелі дзве старыя кабеты. Адна з іх, Макеіха, мажная целам і з твару непрывабная; другая, Аўрора Леанідаўна — былая настаўніца — на два гады маладзейшая, густа-сівая, сухарэбрая і, як той Бураціна, вастраносая.
Сухарэбрыца варажыла на картах. Паслініўшы палец, былая настаўніца спрытна ператасавала карты, працягнула калоду Макеісе.
— Здымі…
Макеіха тыцнула калоду закарузлым мезенцам…
— Колькі разоў казаць: ад сэрца трэба здымаць, ад сэрца, — з панікай у голасе азвалася Аўрора Леанідаўна і, ператасаваўшы калоду, зморана выдыхнула: — Божухна, задуха якая… навальніцай пахне.
— Па тэлевізары казалі: без ападкаў, — Макеіха зацята глядзела тэлевізійныя навіны і, як і ўсе астатнія пенсіянеркі Прафінтэрнаўскай вуліцы, верыла кожнаму прамоўленаму па целеку слову.
Карты паклаліся роўным шыхтом, і варожка ўстурбавана шморгнула носам.
— Ізноў нейкія слёзы, нейкія непрыемныя размовы…
— А з кім жа я буду размаўляць? — Макеіха абмахнулася хусцінкай, выцерла пот з ілба.
— А вось з гэтай званковай дамай.
— Ці не з Хадорыхай? — старая абурана пачухала бульбаваты нос. — Але мы з ёю яшчэ пазаўчора аб усім пагаманілі. Я ж табе распавядала? Кот яе ў мяне трох пісклят падушыў. Пайшла да яе і кажу: калі яшчэ раз твая кацяра паганая на мой двор забяжыць, прыб’ю паленам, так і знай… Цяпер во галосіць ад самага ранку.
Аўрора Леанідаўна адарвала нос ад карт:
— Што, з-за ката?
— Ды якога ката… Піўнушку каля хаты ставяць. Цяпер во баіцца, што ёй п’янтосіны плот пазасцыкваюць. А то яшчэ і ў агарод уваб’юцца.
— А колькі ж гэта ўжо тых піўнушак паставілі? — Аўрора Леанідаўна шоргнула пальцамі па калодзе, няўцямна замармытала: — На Савецкай адна… на Урыцкага, каля базара, другая…
— Раней хоць гарэлку з «чарнілам» пілі, а цяпер адно піва жлукцяць, — перабіла няўцямны пералік Макеіха. — Дый якое там піва… я ж памятаю, як мой дзед варыў: і ячмень прарошчваў, і хмель збіраў-сушыў, і ваду цягаў з крыніцы. А цяпер што? Бухнуць ў чоп якой брыды, спірту дабавяць і гаўнянай палкай перамяшаюць. А то яшчэ і насцуць туды… каб лепш брадзіла.
Пачуўшы пра такую тэхналогію, Аўрора Леанідаўна прыціснула далонь да рота, а Макеіха баднула галавой:
— Ну, што там яшчэ наварожыш?
Былая настаўніца хвіліну змагалася з ірвотнымі сутаргамі, вочы яе звільгатнелі, напоўніліся слязьмі, нарэшце засяродзіліся на крайняй карце.
— Табе… увесь час… перашкаджае вось гэты віновы ніжнік.
— Калі б толькі перашкаджаў… Ён мяне зусім са свету зжывае, каб хату на сябе перапісаць.
— Хто, зяць?
— А хто ж яшчэ… Нядаўна пайшоў у адпачынак. Думала, ён мне дах падрамантуе — цячэ каля коміна. А ён, падлюга, да свайго стрыечнага брата паехаў у адведкі. Брат ягоны ў акадэміі выкладае, ну ў той, дзе заатэхнікаў вучаць. Казаў, на тры дні паеду, а тут і тры дні няма, і чатыры, і пяць… І мабільнік не адказвае. Люда мая ўся знервавалася, паехала ў тую… усё забываю назву горада. Карацей, адчыніла дзверы, а падлюга ляжыць п’яны, і язык набок. Брат — выкладчык у акадэміі, экзамены прымае. Ну, гэтыя… старшыні калгасныя, ці як іх там цяпер называюць, прывезлі самагонкі аж дзве каністры. Падлюга і пачаў іх апаражняць… І на сям’ю забыўся, — старая плаксіва смарканулася ў прыпол хвартуха. — Паваражы ж ты мне, Леанідаўна, калі ён ужо да смерці дап’ецца.