— Я на смерць не варажу, а па-другое, карты кажуць толькі пра таго, чыя рука іх здымае.
Макеіха чарговым разам абмахнула ўпрэлы твар.
— Не надта я веру тым картам. Нічога ж канкрэтнага ты мне не сказала. Можаш, напрыклад, сказаць: што са мною сёння надарыцца?
Аўрора Леанідаўна рашуча згарнула карты ў столку. Твар яе спахмурнеў, ніжняя губа па-дзіцячы закапылілася, а нос стаў яшчэ больш вострым.
— А цябе цікавіць канкрэтыка? — пальцы з нервовым спрытам перамяшалі калоду. — Тады здымі… левай рукой.
Угледзеўшы крыўду на твары варожкі, Макеіха кашлянула ў далонь, настроіла голас на ліслівы лад:
— І дзе ты, Леанідаўна, так спрытна варажыць навучылася?
Варожка неўпрыкмет уздыхнула.
— У цыганкі.
— У цыганкі? — Макеіха гэтак жа неўпрыкмет перахрысцілася.
— Даўно гэта было… Жылі непадалёку ад вакзала, а я, дзеўчынёха, любіла на паравозы глядзець, часцяком на вакзале круцілася. І вось аднойчы падышла да мяне цыганка і кажа: «Хочаш пеўніка пасмактаць?» Пеўнікі ў нас тады прадаваліся, на палачках… памятаеш? — Аўрора Леанідаўна на імгненне змоўкла, пасля чаго загаварыла скорагаворкай і з незразумелай рэзкасцю. — Зайшлі ў пачакальню, цыганка кіўнула на дзвюх кабет. «Сядзеш ззаду і паслухаеш, пра што яны гамоняць. І, галоўнае, даведайся — як іх завуць. Яны ж адна адну па імені называюць…»
— А навошта ёй было ўсё гэта? — задышліва перабіла Макеіха.
— А каб на варажбу спакусіць. Падкоціцца потым да тых маладзіц і сакоча: «Дайце, мілыя, на вашы рукі зірнуць ды па іх вашыя імёны назваць». Тыя і цягнуць далоні. Цікава ж, як гэта па руцэ можна імя вызначыць. Ну а потым і па грошы лезуць — даведацца, як там далей жыццё складзецца.
— Во як людзей дураць! — засакатала, што тая цыганка, Макеіха. — Я ж летась таксама ля вакзала ішла. І таксама цыганка прычапілася. Дай, кажа, пяць тысяч — скажу табе, чым сэрца супакоіш. А не дасі — заўтра ж паралізуе.
— І што — дала?
— Дала! А куды дзенешся? А як і папраўдзе якіх урокаў падпусціць?
За вокнамі знянацку пацямнела, і далёка дзесьці — глуха і важна — бухнуў гром.
— Я ж казала — навальніца будзе, — Аўрора Леанідаўна паднялася з крэсла, ды Макеіха схапіла яе за руку:
— Пакуль дабяжыш — змокнеш уся. Лепш на сённяшні дзень паваражы. Абяцала ж…
Гром бухнуў другім разам, цяпер ужо больш зычна і раскаціста. Аўрора Леанідаўна з відочнай неахвотай расклала карты, потым зірнула ў пацямнелае акно, за якім з шалёным гудам праехала іншамарка, і раптам, паказаўшы вачыма на чырвовую дзясятку, рашуча паведаміла:
— Цябе павязуць на казённай машыне.
На твары варожкі адбілася ліловая водцень бліскавіцы, і гэта надало моманту жудаснай урачыстасці. Макеіха паспрабавала ўсміхнуцца, але ўсмешка атрымалася разгубленай і насцярожлівай.
— А куды ж гэта мяне павязуць? Ці не на машыне з елачкамі?
— Ціпун табе на язык, — прамармытала былая настаўніца, хацела яшчэ нешта сказаць, ды тут знадворку так гакнула, што са столі, акурат на чырвовую дзясятку, сыпанула пацяруха.
Вятрыска шпурнуў у аконную шыбу жменю лёгкага пяску, следам паляцелі галінкі ссохлай вішні, што стаяла пад вокнамі, па даху штосьці настойліва заляскатала — ці не адарвалася шыферына, — і Макеіха, падхапіўшыся на ногі, улякнута заенчыла:
— Авой-авой, а ў мяне ж парнік не зачынены! Парве ветрам!
Па-старэчы трымаючыся за паясніцу, хістаючыся, як качка, Макеіха кінулася ў сені.
— Плашч накінь, змокнеш! — крыкнула ўслед ёй Аўрора Леанідаўна і таксама падалася з хаты.
…Поліэтыленавы парнік і сапраўды хадзіў ходырам і ўжо гатовы быў сарвацца з месца. Макеіха толькі і паспела прычыніць парніковыя дзверцы, як наляцела залева. Буйныя кроплі секанулі па твары — старой нават падалося, што гэта былі не кроплі, а дробныя каменьчыкі, — і сярод пошуму ветру і лапацення кропель па напятым поліэтылене пачула немы вокліч: «Глянь, ляціць!» І цяжка было зразумець, хто гэта крыкнуў: ці то суседка Аўрора, што стаяла на ганку, ці то сам Пярун са свайго грымотнага прадоння.
Штосьці вялізна-шаргатлівае мільганула над галавой, і ў той жа момант усё знікла: і сагнутыя ў дугу бярэзіны на ўзмежку агарода, і раз’юшаныя бліскі маланкі ў небе, і попельна-шэрая завеса дажджу навокал. Стала задушна, цёмна, і толькі кроплі-шраціны аглушальна ляскаталі дзесьці над самай галавою.
«Смертухна мая прыйшла», — з гэтай думкай старая прапаўзла пару метраў, але тут жа і самлела, тыцнулася носам у качан лапушыстай капусты.