Выбрать главу

Па абедзе мужчыны прымасціліся на лаўжы сухога галля за царквой і прагна, у восем рук, пачалі разбіраць прынесеныя матухнай Пелагеяй пачастункі. Пачастункі былі посныя, і мужчыны з тае нагоды ўголас абураліся («Нават сабакам няма чаго кінуць!»), але, дастаўшы са дна бяздоннай кайстры дзве пляшкі гарэлкі, ураз павесялелі.

— Ну, з богам! — выдыхнуў праз пару хвілінаў брыгадзір, куляючы чарку.

У торбе знайшлася толькі адна шклянка, таму пілі па чарзе, піхаючы закарузлыя пальцы ў слоік з кіслай капустай.

Тузік і Кузік сядзелі поруч, шоргалі па траве хвастамі, варушылі азадкамі, а ўчуўшы пах гарэлкі ды перакіслай капусты, разам пырхнулі.

— Што, не смакуе? — гукнуў чарнявы маладзён: ён разліваў гарэлку. — Звыкайцеся… з трапезай нашай, — пасля такіх словаў мужчыны стрымана рагатнулі, а маладзён, адкаркоўваючы другую бутэльку, кіўнуў у бок царквы: — Відаць, Бог усё ж такі ёсць.

— Ёсць, ды не такі, якім яго малююць, — азваўся на тое брыгадзір і, хукнуўшы ў жменю, глынуў другую чарку.

— Усё гэта жыдоўскія штучкі, — падтрымаў размову трэці мужчына — таксама чарнявы і кучаравы, за што атрымаў мянушку Турак. Турак у свой час скончыў педінстытут і на ўсе выпадкі жыцця меў уласную думку. — Мы што, славяне, дур­нейшыя за жыдоў? Ды наш фальклор куды больш красамоўны. Казку «Лёгкі хлеб» чыталі? Сапраўдная філасофская прыпавесць! — Турак глынуў гарэліцы, выцер далонню вільготныя вусны. — Адно што жыды пісаць маглі, усё гэта занатавалі. А мы, славяне… — выпускнік педінстытута махнуў рукой і куснуў салёнага гурка.

— Бязбожнік ты, Турак, — убіўся ў размову маладзён, — гарэць табе ў пекле. І габрэяў дарма крыўдзіш. Што яны табе кепскага зрабілі?

Гуркі былі пераспелыя, і хлопцы сплюнулі пад ногі семкі.

— Які ж бязбожнік, калі я перакананы, што Бог ёсць і ён валадарыць светам. Адно што мадэль боскай сутнасці, якую прапануюць папы… — Турак на хвілю задумаўся, маракуючы, як скончыць фразу, і ў гэты момант з-за царквы выйшлі, несучы ў поліэтыленавых мяхах габлюшкі, дзве старыя жанчыны.

— Хаця б далей адышлі… п’янтосы няшчасныя! — гукнула адна з кабет, цеслі нязлосна мацюкнуліся і трэцюю чарку кулялі моўчкі.

Калі, праз гадзіну, падпітыя мужчыны рушылі да хаты, чарнявы маладзён кінуў Тузіку скарынку хлеба і, не да каго не звяртаючыся, запытаў:

— А ці ёсць гэта душа ў сабак? — і Тузік, нават не нюхнуўшы пачастунку, каротка брахнуў:

— Ёсць!

Адвячоркам нібыта бралася на дождж, на даляглядзе пару разоў раскаціста грымнула, але потым усё сціхла, і ўскудлачаная, серабрыстая з краёў хмара няспешна прыхавалася за Бычкоўскім лесам. Наўзамен ёй над лесам паўстала Мілавіца, і ў паветры пранізліва запахла таполевымі пупышкамі.

Адну з таполяў, што расла на цвінтары, учора ссеклі, а галлё ды пацурбалкі — па недаглядзе — склалі тут жа, ля пня. Цяпер вось брыгадзір цесляроў з чарнявым напарнікам спехам цягаюць цурбакі да плота, аслабаняючы дарогу для хроснага ходу.

— Галіны ў зямлю ўторкніце, каб дошак не было бачна, — камандуе айцец Антоні, выкопваючы з нетраў святарскіх строяў кішэнны гадзіннік. Ляпнуўшы гадзіннікавым вечкам, бацюхна ўздыхае — час ісці ў царкву пераапранацца, а тут яшчэ нічога не гатова.

Тузік з Кузікам круцяцца ля гаспадаравых ног, задаволена вішчаць, а неўзабаве, выцягнуўшы з лаўжа доўгія пруты, пачынаюць іх шкуматаць.

— Матухна, сабак прыбяры! — гукае айцец Антоні, але матухна не чуе — у яе сваіх спраў па горла: жанчына махае камусьці рукой, а потым бяжыць пераймаць пажарніка, які нясе вогнетушыльнікі.

Праз хвілю, забыўшыся на кудлатых свавольнікаў, бацюхна крычыць штосьці падпітаму электрыку, які ўзлез на слуп, а Тузік з Кузікам кідаюцца да весніц, адкуль чуваць лямант:

— Госпадзі Ісусе Хрысце, Сыне Божыю-у… — спявае дзядок у заношаным палітоне, раз-пораз цалуючы кардонны абразок, які вісіць на грудзіне.

Людзі, што раз за разам уваходзяць на цвінтар, кідаюць дзядку грошы. Тузік тыцкае мокрым носам у шапку з грашыма, дзядок незадаволена сыкае:

— Прэч, паскуда! — і, настроіўшы голас на патрэбны тон, ізноў гугнявіць: — Го-оспадзі Ісусе-э…

Тым часам весніцы з рыпам адчыняюцца, і ў пройме з’яўляецца старая Вазнячыха. Трымаючы магутным азадкам фортку, старая перакідвае з рукі на руку вузел з кулічамі, хрысціцца і тут жа падхопліваецца, прыціскаючы кулічы да грудзіны.

— Куды лезеце… халера на вас… — Тузік з Кузікам унюхалі салодкі пах печыва, лезуць лапамі цётцы на грудзіну, і старая, успёршы кулічы на галаву, нема галосіць: — А людцы мае добрыя-а…