Выбрать главу

— Тузік! Фу! — чуецца з натоўпу, і сабакі, пачуўшы родны голас, круцяць ад захаплення не толькі хвастамі, але і галовамі. Матухна Пелагея з вясёлым дакорам тузае Кузіка за віслае вуха, выпускае сабак на вуліцу.

Сабакі радасна брэшуць, скачуць вакол гаспадыні. Радасць іх зразумелая: столькі народу наўкола, і светла, як днём, бо на слупе, на якім кагадзе завіхаўся электрык, запаліўся пражэктар і навылёт працяў густое, настоенае на паху таполі і велікодных кулічоў паветра.

Гаспадыня дробненька тупае па сцяжыне, сюд-туд глядзіць на гадзіннік, махае рукой, заклікаючы гадунцоў не марнаваць час, ды дзе там! Тузік раскапаў кратовую кучку, уважліва нюхае нару, а ягоны сябрук наогул знік з вачэй — забег, відаць, у чужы двор, бо непадалёку бразнуў ланцуг і надрыўна забрахаў чужы сабака.

Матухна ўся знервавалася, пакуль загнала гадунцоў у хлеўчык, а кінуўшы ім два кусы надоечы купленай крывянкі, крутнула засаўку.

— Пасядзіце тут… да раніцы. Ратунку ад вас няма.

Сядзець у цёмным хлеўчыку, поруч з курамі, якія сонна квахталі за сценкай, сабакам ніяк не выпадала. Тузік з Кузікам здушана скавыталі, торкалі насы ў дзвярную шчыліну, спрабавалі грызці шула, нарэшце суняліся і, брахнуўшы, леглі на ватоўку — на тое месца, дзе колісь спалі шчанюкамі. Ляжалі з узнятымі галовамі, зацята глядзелі на зоркі — Тузік на белую, Кузік на чырванаватую, — зоркі тыя цьмяна блішчэлі ў дзвярной шчыліне, — і голасна ўздыхалі.

На гарышчы поркалася ў струхлелай саломе мыш, гаспадараў кот мякка ступаў па даху, за сценкаю прыспана варушыліся куры, і аднекуль здалёк начны ветрык прыносіў невядомыя і незразумелыя зыкі. Там, удалечыні, штосьці няўцямна гуло, мармытала, прыглушана спявала; Тузік з Кузікам нюхалі паветра, трэслі вушамі — каб лепей чуць і ўадначас каб адбіцца ад сянных скочак, — пару разоў падхопліваліся на ногі, нарэшце, змораныя, паклалі галовы — Кузік на край ватоўкі, Тузік на спіну свайму сябруку — і прымкнулі вочы.

Пад раніцу яны разам ускочылі і падбеглі да дзвярэй. Сабакам выразна пачуўся гаспадаравы голас. Голас абрываўся, згасаў, зноў абуджаўся і клікаў, клікаў да сябе! Якраз гэтым часам у царкве адчынілі ўсе вокны, і сціснуты чатырма сценамі густы бас айца Антонія вырваўся на волю.

«Гаспадар! Яго душаць… тыя сволачы, што сабраліся на цвінтары! Ён кліча на дапамогу!» Відаць, такія думкі апанавалі той хвіляй Тузіка і Кузіка, якія гучна забрахалі, забегалі з канца ў канец сваёй вязніцы, і неўзабаве Кузік пачаў рабіць падкоп пад дзвярыма, а Тузік стаў вадзіць лапаю па дзвярной шчыліне. Сабачы кіпцюр крануў драўляную засаўку — раз, потым другі, — засаўка адышла, і сабакі, наваліўшыся грудзінамі на дзверы, разам выкуліліся на двор.

У царкве было не прадыхнуць, старой Вазнячысе нават стала млосна ад задухі, і з правага боку — асцярожна, каб не замінаць службе, — выставілі рамы з вокнаў. Пяюны царкоўнага хору, адчуўшы, што галасы іх пры адчыненых вокнах пацішэлі, заспявалі на поўныя грудзі.

«И Слове, и Душе, треми соединяемое во ипостасех естество, пресущественне, и пребожественне, в Тя крестихомся-а…»

Заспявалі так зладжана і пранікнёна, што ў айца Антонія нават навярнуліся няпрошаныя слёзы; ён скасіў вока на матухну, але тая, як ні дзіўна, глядзела ў іншы бок — на ўваходныя дзверы.

«…И Тя благославим во вся веки-и…»

Матухна прыўзнялася на дыбачках, паправіла хустку на галаве, стала прабівацца да выхаду.

Ля дзвярэй, на бабінцы, чынілася штосьці незразумелае. Там брахалі і якаталі сабакі, сіпла лаяліся мужчыны, крычалі жанкі, і ўвесь гэты гармідар пакрываў немы лямант знадворку:

— А людцы мае добрыя, а што ж гэта робіцца-а?! — Гэта лямантавала старая Вазнячыха.

Ля ўвахода заскавытаў сабака, хор на імгненне аціх, і айцец Антоні, зірнуўшы ў бок кліраса, сурова і ўладна заспяваў:

«Прииде Тобою в мир Господь…»

І хор, ужо без ранейшай жарсці, падхапіў велікодную песню.

Пасля ютрані айцец Антоні доўга сядзеў, знясілены, не даючы рады скінуць святочнай рызы. Адзінае, што ён здолеў зрабіць, гэта расчасаць свае пасівелыя валасы — матухна называла іх «пэцаламі» — ды зняць з грудзіны цяжкі срэбны крыж. У галаве, як ні дзіўна, не было ніякіх думак. Галава злёгку кружылася ад бяссоння, і было ўражанне, што цела пазбылася цяжару і пасмай ладаннага дыму паплыло ў паветры.

Праз паўгадзіны фанерныя, дзеля выгляду навешаныя дзверы адчыніліся і ў пакой зазірнула матухна Пелагея.

— Ну што ты, далібог. Госці сабраліся, а цябе няма…

— Іду, — выдыхнуў айцец Антоні, але так і застаўся сядзець у нерухомасці, неадрыўна пазіраючы на завіток жаўтлявых габлюшак.