— Тузіку лапу перабілі… — матухна глянула на двор і, адказваючы на нечае вітанне, хуткагаворкай прамовіла: — Сапраўды ўваскрэс!
Айцец Антоні падняўся з крэсла:
— Хто перабіў?
— Сусед… Патрыкееў. Cтаяў ля царквы, падпіты… ну і шпурнуў палена.
— Прасілі ж цябе… — плаксіва выдыхнуў айцец Антоні, і матухна незадаволена адказала:
— Загнала… і дзверы зачыніла… Дык вылезлі ж…
…Ля дзвярэй айца Антонія пераняў Кузік. Віскнуўшы, ён ліслівым катом падбіўся пад ногі і ціха брахнуў.
— Што, насваволілі? Цяпер лашчышся?
Айцец Антоні нахіліўся, каб патрэсці Кузіка за гагавіцу, але нечакана выпрастаўся і пасуровеў з твару. Ад кучы цэглы, скачучы, як спутаны конь, шкандыбаў Тузік. Задняя лапа ягоная была перабітая ў суставе і бездапаможна матлялася ў паветры.
— Што ж ты, братка… — са шкадобай у голасе выдыхнуў святар, прысеўшы над кудлатым гаротнікам, — бег мяне ратаваць? Эхэ-хэ-э…
Тузік глядзеў на гаспадара вільготнымі чорнымі вачыма, якія раптам затуманіліся і сталі падобныя на маціцовыя гузікі.
— У такі дзень… — прашаптаў святар, і твар ягоны злёгку прасвятлеў: на другім канцы вуліцы, гудучы на пад’ёме, азваўся міліцэйскі «жыгуль».
…Кузік хацеў адчыніць непадатныя весніцы, але сіл не хапіла, і ён, стаўшы на лапы, прыслухаўся. Да вушэй далятаў толькі голас даішніка.
— Ну што вы, які ветэрынар, калі ў суставе перабітая…
— Вы не хвалюйцеся. Шпокну ў вуха — ён нічога і не пачуе… Без лапы — якое жыццё… Ну, вядома, не тут… Адвязу ў лес… У мяне і рыдлёўка ў багажніку…
Праз няшчыльна падагнаныя дошкі было бачна, як гаспадар парукаўся з Вазняком, хацеў было ізноў ісці на цвінтар, ды тут убачыў ля сваёй хаты матухну Пелагею. Жонка раскрыліла рукі, ляпнула імі па сцёгнах. Жонка сердавала: у хату, на разговіны, прыйшлі госці — бычкоўскі бацюхна, швагер з жонкаю, сын з нявесткай, а ён ходзіць немаведама дзе… І айцец Антоні, махнуўшы рукой, рушыў следам за «жыгулём».
Пасля разговінаў айцец Антоні прылёг адпачыць і праспаў да вечара. Абудзіла яго бразганне посуду на кухні і прытоенае жончына мармытанне.
— Розуму ж у сабак зусім няма. Толькі яго пачуюць — кідаюцца, як ашалелыя. Ну і тут кінуліся. Вазнячыху перапудзілі… заікацца пачала. Ёй жа на ўсяночнай млосна стала, дык вывелі… Сядзела, да сцяны прытуліўшыся, ды, кажуць, заснула… А тут… гэтыя… брэшуць, у царкву лезуць… Вазнячыха і загарлала з перапуду, папаўзла ўздоўж сцяны. Карацей, і смех, і грэх… — матухна бразнула талеркамі і, звяртаючыся да нявесткі, прамовіла: — Бяры ручнік — праціраць будзеш.
Пасля выпітай чаркі балела галава, злёгку нудзіла, і айцец Антоні, пацёршы скроні, выйшаў на падворак.
На двары было цёпла і вільготна. Падсветленае згасальным сонцам паветра ружавела, дрыжэла ўваччу, і старая таполя, што стаяла пасярод двара і яшчэ ўчора была панылай і голай, пакрылася зялёным вэлюмам. Айцец Антоні скасіў вочы і да храбусцення ў суставах пацягнуўся.
— Любата! — вырвалася з грудзіны, і водгуллем вокліча святарскай душы стаўся глухі і няўцямны зык. Гэта выў на царкоўным цвінтары самотны Кузік. Айцец Антоні спахмурнеў, але тут жа страсянуў галавою.
«Што гэта я… пусціў у душу грахоўную маркоту, калі душа павінна весяліцца», — айцец Антоні падняў угору вочы, перахрысціўся на ружовыя аблокі, і сэрца ягонае крануў лёгкі халадок — ад адчування, што калісьці, у іншым жыцці, ён пабачыць жывога Тузіка, і ягоны ўлюбёнец тыцнецца яму ў далонь халодным носам, а яшчэ падумаў, што пабачыць родную маці і тую дзяўчыну, якую страшэнна кахаў і з-за якой ледзь не кінуў семінарыю, і, апанаваны такімі думкамі, прачытаў — ад пачатку да канца — сваю ўлюбёную Восьмую Песню. Гэта яна гучала ў царкве, калі туды лезлі кудлатыя недарэкі.
«Всю низложив смерти державу Сын Твой, Дево, Своим воскресением, яко Бог Крепкий совознесе нас и обожи…»
Кава апоўначы
Рыгор Мікалаевіч — малады, збольшага непітушчы кандыдат навук — выбег з ваннага пакоя і, пакідаючы на падлозе сляды мокрых ног, падбег да шафы. Высунуўшы шуфляду, дзе ляжала ніжняя бялізна, ён выцягнуў адтуль трыкатажныя трусы фірмы «Pumа», нацягнуў на жылістыя клубы і заклапочана спахмурнеў: жоўтая пляма на трусах так і не адмылася. Памацаўшы пляму дрыготкім пальцам, кандыдат скрывіўся і ўжо без ранейшага імпэту стаў насоўваць праз галаву выхадную кашулю. У галаве тым часам віравалі лічбы: сорак тысяч трэба будзе аддаць за шампан, пяцьдзясят тысяч за ружы, яшчэ дванаццаць тысяч «пацягнуць» новыя шкарпэткі: старыя ўсе скрозь прадзерліся. Агулам — сто дзве тысячы. Як для яго — вялікія грошы.