Калі ты скажаш, што гэта мяне збянтэжыла, значыць, ты не зразумеў характару індуктыўнага спосабу мыслення. Гаворачы мовай паляўнічых, я ніводнага разу «не згубіў следу». Нюх усё ж мяне не падвёў. Ва ўсім ланцугу разважанняў не знайшлося ніводнага разарванага звяна. Я прайшоўся па ўсім ланцугу — і ў канцы знайшоў цвік. Ён па ўсіх прыкметах быў падобны на свайго калегу ў суседнім акне, але сам гэты факт быў абсалютна нязначны (хоць і здаваўся пераканаўчым) у параўнанні з тым меркаваннем, што якраз тут і можна знайсці ключ да разгадкі таямніцы. «Тут, відаць, нешта не так з цвіком», — падумаў я. Потым дакрануўся да яго, і ў маёй руцэ засталася галоўка цвіка разам з абломкам шпянька даўжынёй паўсантыметра. Астатняя частка цвіка засталася ў дзірцы, дзе ён, відаць, і зламаўся. Злом — даўні (бо на ім паспела з'явіцца ржа) і, відаць, быў вынікам удару малатка, які і заглыбіў уверсе рамы галоўку цвіка. Я асцярожна ўставіў назад выцягнутую частку цвіка, у выніку пачало здавацца, што цвік цэлы, нават без адзінай расколіны. Націскаючы на спружыну, я прыпадняў раму, разам з ёю паднялася і галоўка цвіка, якая моцна трымалася ў дзірцы. Я апусціў акно, і цвік зноў быў падобны на цэлы.
Такім чынам, гэтая частка загадкі была разгадана. Забойца ўцёк праз акно, якое было застаўлена ложкам. Калі ён вылез, рама апусцілася сама па сабе (альбо яе зачынілі спецыяльна) і замкнулася спружынай, паліцэйскія ж падумалі, што акно забіта цвіком і палічылі далейшае расследаванне немэтазгодным.
Наступнае пытанне — як злачынца спусціўся ўніз. Тут мяне задаволіла наша прагулка вакол будынка. Прыкладна за паўтара метра ад згаданага акна — громаадвод. Дацягнуцца праз такую адлегласць да акна, а тым болей залезці праз яго — немагчыма. Аднак я заўважыў, што аканіцы на пятым паверсе былі асаблівыя — парыжскія цесляры называюць іх ferrades, — яны даўно выйшлі з моды, але іх часта яшчэ можна ўбачыць на старадаўніх асабняках дзе-небудзь у Ліёне альбо ў Бардо. Яны па форме нагадваюць дзверы (звычайныя, аднастворкавыя), з адной толькі розніцай, што ў ніжняй частцы рашотка, і таму за яе зручна брацца рукамі. У доме мадам Л'Эспанэ шырыня аканіц — крыху больш за метр. Калі мы бачылі іх са двара, яны былі напалову адчыненыя — гэта значыць былі перпендыкулярна сцяне. Відавочна, паліцэйскія, як і я, аглядалі дом са двара, але, гледзячы на гэтыя ferrades у папярочным разрэзе (а я ўпэўнены, што так і было), яны не ўсвядомілі, наколькі тыя былі шырокія ці, ва ўсякім разе, не надалі гэтаму належнай увагі. Карацей кажучы, упэўніўшыся, што злачынцы не маглі вылезці праз акно, яны, вядома, абмежаваліся вельмі павярхоўным аглядам. Я ж зразумеў, што калі аканіцу акна, застаўленага ложкам, расчыніць да самай сцяны, дык адлегласць паміж ёю і громаадводам будзе крыху больш за паўметра. Было таксама відавочна, што дзякуючы выключнай смеласці і спрыту можна было пералезці з громаадвода ў акно. Выцягнуўшы руку на восемдзесят сантыметраў, пры ўмове, што аканіца была адчынена насцеж, рабаўнік, відаць, ухапіўся за рашотку. Адпусціўшы потым громаадвод і ўпёршыся нагамі ў сцяну, ён мог адпіхнуцца і зачыніць аканіцу, а калі акно ў той час было адчынена, то і апынуцца ў пакоі.
Заўваж, што я гаварыў пра выключны спрыт, як абавязковую ўмову поспеху ў такім рызыкоўным і цяжкім учынку. Я маю намер даказаць, што, па-першае, здзейсніць такое было магчыма, а па-другое, — і гэта самае галоўнае, — хачу, каб ты ўявіў сабе, якую надзвычайную, амаль звышнатуральную спрытнасць трэба мець, каб зрабіць такі скачок.
Ты, вядома, скажаш, карыстаючыся юрыдычным лексіконам, што, каб «забяспечыць пераканаўчыя доказы, я павінен хутчэй утойваць, чым прызнаваць у поўнай меры спрытнасць, неабходную ў дадзеным выпадку». Такая практыка, можа, прыдатная да юрыспрудэнцыі, але толькі не да аналітычных разважанняў. Мая канчатковая мэта — ісціна. Бліжэйшая задача — даць табе магчымасць супаставіць надзвычайную спрытнасць, пра якую я толькі што гаварыў, з вельмі своеасаблівым пранізлівым (альбо рэзкім) голасам і невыразнай гаворкай чалавека, аб нацыянальнасці якога не знайшлося нават двух аднолькавых меркаванняў і які гаварыў так, што нельга было разабраць ніводнага складу.
Пры гэтых словах у маёй галаве мільганула нейкая яшчэ зусім цьмяная здагадка наконт таго, пра што гаварыў Дзюпэн. Здавалася, вось-вось, і я ўсё зразумею. Так часам чалавеку здаецца, што ён зараз нешта ўспомніць, але ўрэшце ўсе намаганні застаюцца марнымі. Між тым мой прыяцель працягваў:
— Як бачыш, я раблю цяпер націск не на пытанні аб тым, як забойца ўцёк з дому, а як ён там апынуўся. Мне хацелася, каб ты ўсвядоміў, што і тое і другое было здзейснена адным і тым жа шляхам і ў адным і тым жа месцы. А зараз вернемся ў пакой. Што мы там убачылі? Як паведамлялася ў газетах, шуфляды камоды былі перарыты, хоць многія рэчы засталіся на сваіх месцах. Такое заключэнне з'яўляецца абсурдным. Яно не больш чым меркаванне, ды і то — не вельмі разумнае. Адкуль мы можам ведаць, што там было раней, можа, у шуфлядах і не было нічога, акрамя знойдзеных рэчаў? Мадам Л'Эспанэ і яе дачка жылі вельмі адасоблена, нікога не прымалі і рэдка выходзілі на людзі — у іх не было патрэбы часта мяняць уборы. Убранні, якія знайшлі, ва ўсякім разе, не самыя горшыя, што маглі мець гэтыя пані. Калі злодзей паквапіўся на адзенне, дык чаму ён не ўзяў самых лепшых рэчаў — чаму не захапіў з сабой усяго. Да таго ж, калі ён спакусіўся жаночай бялізнай, чаму ён адмовіўся ад чатырох тысяч франкаў золатам? Бо золата ж засталося ў пакоі. Суму, згаданую месье Міньё, банкірам, амаль некранутай знайшлі ў мяшэчках, што ляжалі на падлозе. Таму я хачу, каб ты выкінуў з галавы памылковае меркаванне аб матывах забойства, якія ўзніклі ў паліцэйскіх галовах на падставе той часткі сведчанняў, у якой ішла размова пра дастаўленыя на дом грошы. Супадзенні, у дзесяць разоў больш здзіўляючыя, чым дастаўка грошай, а потым забойства праз тры дні пасля атрымання іх кліентам, здараюцца кожную гадзіну на працягу ўсяго нашага жыцця, мы іх нават не заўважаем. Супадзенні — гэта наогул вялікая перашкода на шляху тых філосафаў, адукацыя якіх не прадугледжвала знаёмства з тэорыяй верагоднасці — той самай тэорыі, якой найбольш слаўныя аб'екты чалавечых даследаванняў абавязаны сваёй не менш слаўнам ілюстрацыяй. Вядома, калі б у дадзеным выпадку золата знікла, да таго факта, што яго прынеслі за тры дні да забойства, ставіліся б як да чагосьці больш значнага, чым простае супадзенне. Гэты факт пацвердзіў бы менавіта такую версію матыву забойства. Але калі з улікам рэальных акалічнасцей справы мы будзем лічыць золата матывам гэтага гвалтоўнага злачынства, то павінны пагадзіцца з тым, што злачынца быў настолькі нерашучы і настолькі дурны, што забыўся і пра золата, і пра тое, дзеля чаго ён усё гэта зрабіў.