Твар матроса зрабіўся барвовы, нібыта яго нехта душыў за горла. Ён ускочыў і схапіўся за палку, але адразу ж асеў на крэсла, потым увесь закалаціўся і зрабіўся белы як смерць, не здольны вымавіць ніводнага слова. Мне было шчыра шкада яго.
— Паслухайце, прыяцель, — спагадліва звярнуўся да яго Дзюпэн, — паверце слову двараніна і француза — мы не збіраемся зрабіць вам нешта дрэннае. Мне добра вядома, што вы не вінаватыя ў тых крывавых забойствах, што адбыліся на вуліцы Морг. Аднак, разам з тым, нельга сцвярджаць, што вы не маеце да іх ніякага дачынення. З таго, што я ўжо сказаў, вы, відаць, здагадаліся, што я валодаю крыніцай інфармацыі наконт гэтай справы — пра існаванне якой вы нават не здагадваліся. Абставіны складваюцца наступным чынам. Вы не зрабілі нічога такога, за што вас маглі б прыцягнуць да адказнасці. Вас нельга абвінаваціць у рабаўніцтве, хоць вы маглі беспакарана завалодаць чужымі рэчамі. Вам няма чаго хаваць, і няма падстаў для ўтойвання чагосьці. З другога боку, згодна прынцыпам гонару, вы павінны засведчыць усё, што вам вядома. За кратамі аказаўся бязвінны чалавек, якога вінавацяць у забойстве, а вы можаце вызначыць сапраўднага злачынцу.
Словы Дзюпэна падзейнічалі — матрос у значнай ступені ачуняў, але ад яго былой самаўпэўненасці нічога не засталося.
— Ну, што ж, застаецца спадзявацца на божую літасць, — адказаў матрос, крыху памаўчаўшы. — Няхай будзе так, я раскажу вам усё, што ведаю пра гэту справу. Трэба быць дурнем, каб спадзявацца, што вы хоць напалову паверыце маім словам. І ўсё ж я не вінаваты, і хай мяне пакараюць смерцю, але я вам раскажу ўсё як на споведзі.
Паведаміў ён, па сутнасці, наступнае. Нядаўна ён плаваў на астравы Індыйскага архіпелага. Кампанія матросаў, у якой быў і ён, выйшла на бераг у Барнеа і накіравалася на прагулку. Яны з таварышам злавілі арангутанга. Кампаньён хутка памёр, і матрос застаўся адзіным уладальнікам жывёліны. Перажыўшы шмат турбот праз неўтаймавальны нораў малпы ў час вяртання на радзіму, ён нарэшце здолеў прывесці яе ў свой парыжскі дом, дзе і трымаў як мага далей ад цікаўных вачэй суседзяў, чакаючы, пакуль у арангутанга зажыве пашкоджаная на караблі нага. Матрос разлічваў яго выгадна прадаць.
Неяк вярнуўшыся дадому з гулянкі, а было гэта ў тую ноч, дакладней, у тую раніцу, калі адбылося забойства, матрос убачыў у спальні арангутанга, куды той залез, вырваўшыся з суседняй каморкі, дзе яго звычайна трымалі за, здавалася, надзейна замкнёнымі дзвярамі, трымаючы ў руцэ брытву і намыліўшыся па ўсіх правілах, малпа сядзела перад люстэркам і збіралася галіцца, пераймаючы дзеянні гаспадара, за якімі, несумненна, назірала праз замочную адтуліну. Матрос напалохаўся, убачыўшы такую грозную зброю ў руках небяспечнай жывёліны, якой яна да таго ж так спрытна ўпраўлялася, і на некалькі хвілін разгубіўся. Аднак яму неаднойчы даводзілася ўтаймоўваць арангутанга нават у момант яго неймавернай раз'юшанасці пры дапамозе бізуна, таму і цяпер ён збіраўся зрабіць тое ж самае. Убачыўшы бізун, арангутанг кінуўся да дзвярэй, паімчаў уніз па лесвіцы і адтуль праз акно, якое, на жаль, было адчынена, скочыў на вуліцу.
Француз у адчаі пабег наўздагон. Малпа, па-ранейшаму трымаючы ў руцэ брытву, раз-пораз спынялася, азіралася, крывіла морду ў бок гаспадара і, падпусціўшы яго зусім блізка, зноў кідалася наўцёкі. Вось такім чынам яны адбеглі далёка ад дома. Было тры гадзіны ночы, і на вуліцах панавала мёртвая цішыня. Прабягаючы па завулку каля вуліцы Морг, уцякач звярнуў увагу на святло, мігцеўшае праз адчыненае акно спальні мадам Л'Эспанэ на пятым паверсе яе дома. Кінуўшыся ў бок будынка, арангутанг заўважыў громаадвод, з надзвычайным спрытам палез наверх па сцяне, ухапіўся за аканіцу, якая была адчынена насцеж, і з яе дапамогай скочыў на спінку ложка. На ўсё гэта спатрэбілася менш хвіліны. Апынуўшыся ў пакоі, арангутанг штуршком зноў расчыніў аканіцу.
Матрос не ведаў, радавацца альбо бедаваць. Ён вельмі спадзяваўся злавіць уцекача, бо наўрад ці той мог выбрацца з пасткі, у якую трапіў, мінаючы громаадвод, а тут матрос якраз і меркаваў яго падлавіць. Але, з другога боку, яго непакоіла тое, што малпа магла нарабіць у доме. Менавіта гэта прымусіла матроса рушыць услед за жывёлінай. Узлезці ўверх па громаадводзе яму, матросу, было няцяжка; але апынуўшыся на ўзроўні акна, што было злева, ён вымушаны быў спыніцца. Адзінае, што ён мог зрабіць, дык гэта, учапіўшыся за аканіцу, зазірнуць у акно. Ад жаху ён ледзь не зваліўся ўніз. Якраз тады і пачуліся тыя жудасныя крыкі, што абудзілі жыхароў вуліцы Морг. Мадам Л'Эспанэ і яе дачка, пераапранутыя ў начныя кашулі, відаць, разбіралі паперы ў жалезным куфэрку, выцягнутым на сярэдзіну пакоя. Ён быў адчынены, і паперы ляжалі побач на падлозе. Нябожчыцы, пэўна, сядзелі спінай да акна, і, мяркуючы па тым, што паміж з'яўленнем арангутанга і іх крыкамі прайшоў некаторы час, яны заўважылі яго не адразу, вырашыўшы, што аканіца грукнула ад ветру.