Калі матрос зазірнуў у акно, велізарная жывёліна трымала мадам Л'Эспанэ за валасы (распушчаныя, бо яна расчэсвала іх на ноч) і, імітуючы цырульніка, круціла перад яе тварам брытвай. Дачка нерухома ляжала на падлозе. Яна страціла прытомнасць. Ад крыкаў старой жанчыны і ў выніку яе супраціўлення — менавіта тады і былі выдраны з галавы валасы — мірныя, відаць, спачатку намеры арангутанга саступілі месца раз'юшанасці. Адным рашучым рухам мускулістай рукі ён ледзь зусім не адрэзаў галаву старой.
Калі жывёліна ўбачыла кроў, яе гнеў перайшоў у раз'юшанасць. Зубы арангутанга заскрыгаталі, вочы запалалі агнём. Ён кінуўся на непрытомную дзяўчыну, учапіўся сваімі страшэннымі кіпцюрамі за горла і не расціснуў іх, пакуль тая не сканала. Азірнуўшыся ў раз'юшанасці на спінку ложка, ён разгледзеў у цемры здранцвелы ад жаху твар гаспадара. Лютасць жывёліны, якая, відаць, не паспела забыцца пра грозны бізун, імгненна перайшла ў страх. Разумеючы, што яго чакае пакаранне, арангутанг, відаць, вырашыў схаваць сляды сваіх крывавых дзеянняў і, ахоплены панікай, замітусіўся па пакоі, раскідваючы і ламаючы мэблю, сцягваючы з ложка пасцель. Нарэшце ён схапіў труп дачкі і запіхнуў у комін, дзе яго пасля і знайшлі; потым надышла чарга старой жанчыны, якую ён выкінуў праз акно.
Калі арангутанг з сваёй знявечанай ахвярай з'явіўся ў акне, матрос прыціснуўся да громаадвода і, хутчэй з'ехаўшы, чым злезшы ўніз, кінуўся адразу ж дадому, з жахам усведамляючы магчымыя вынікі крывавага забойства і ахвотна даручаючы лёсу апекавацца арангутангам. Поўныя жаху воклічы француза і раз'юшаныя крыкі малпы і былі якраз тыя галасы, што пачулі людзі, калі беглі ўверх па лесвіцы.
Вось, бадай, і ўсё. Арангутанг, відаць, знік са спальні старой, спусціўшыся ўніз па громаадводзе якраз перад тым, як узламалі дзверы. Ён жа, відаць, і апусціў за сабой акно. Праз некаторы час малпу злавіў сам яе ўладальнік і прадаў за вялікія грошы Jarden des Plantes[20].
Лё Бона адразу ж выпусцілі на волю, пасля таго як мы пайшлі да прэфекта і ўсё расказалі (з каментарамі Дзюпэна). Гэты функцыянер добразычліва ставіўся да майго прыяцеля, аднак не змог схаваць прыкрасці ад такога павароту спраў і нават не ўтрымаўся, каб не зрабіць адной ці дзвюх саркастычных заўваг наконт таго, што кожны павінен займацца сваёй справай.
— Няхай пабурчыць, — сказаў потым Дзюпэн, не палічыўшы патрэбным заўважыць што-небудзь у адказ. — Няхай пафіласофствуе і супакоіць тым самым сумленне. Я рады, што перамог у яго ж замку. Тым не менш яму не варта здзіўляцца наконт уласнай няздольнасці знайсці разгадку таямніцы, бо, па праўдзе кажучы, наш прыяцель прэфект занадта хітры для таго, каб быць здатным зазіраць у глыбіню праблем. Яго ведам бракуе грунтоўнасці. Адна галава без тулава, як у выявах багіні Лаверны, ці, у лепшым выпадку, — галава ды плечы, як у траскі. Але ўсё ж ён добры хлопец. Асабліва мяне захапляе яго здольнасць адным махам здабываць сабе рэпутацыю вялікага разумніка. Я маю на ўвазе яго манеру de nier ce qui, et d'expliquer ce qui n'est pas[21].
21
Адмаўляць тое, што ёсць, і тлумачыць тое, чаго не існуе