Здольнасць да аналізу не трэба блытаць з простай вынаходлівасцю, бо калі аналітык — абавязкова чалавек вынаходлівы, то чалавек проста вынаходлівы часта аказваецца надзіва не здатны да аналізу. Здольнасць да лагічнага пабудавання ці злучэння, якую звычайна лічаць прыкметай вынаходлівасці і для якой фрэнолагі вызначылі спецыяльны орган (памылкова, на мой погляд), лічачы гэтую здольнасць першаснай, настолькі часта назіралася ў людзей з інтэлектам, блізкім да ідыятызму, і гэта неаднойчы заўважалася літаратарамі, што пішуць на тэмы маралі. Паміж вынаходлівасцю і здольнасцю да аналізу існуе куды большая розніца, чым паміж здольнасцямі да фантазій і ўяўленняў, але па сваім характары розніца абсалютна тая ж. Сапраўды, нельга не заўважыць, што вынаходлівыя людзі заўсёды схільныя да фантазіі, але толькі тыя, якія на самай справе здольныя да ўяўлення, непазбежна аказваюцца аналітыкамі.
Далейшы расказ прапануецца чытачу нейкім чынам як прыклад да выказаных вышэй меркаванняў.
Жывучы ў Парыжы на працягу вясны і часткі лета 18.. года, я пазнаёміўся з нейкім месье С. Агюстам Дзюпэнам. Быў ён зусім яшчэ малады, паходзіў з шляхетнага, сапраўды знакамітага роду, але ў выніку самых розных неспрыяльных падзей апынуўся ў такой галечы, што страціў прыродную энергію, ні да чога ў гэтым свеце не імкнуўся і нават не спрабаваў вярнуць былое багацце. З ласкі крэдытораў у яго засталася невялічкая частка радавой спадчыны, на прыбыткі ад якой ён здолеў дзякуючы вялікай ашчаднасці забяспечваць сябе самым неабходным для жыцця, не звяртаючы ўвагі на нешта іншае. Кнігі — гэта адзіная раскоша, якую ён сабе дазволіў, а ў Парыжы яна даволі дасягальная.
Упершыню мы сустрэліся ў непрыкметнай бібліятэцы на вуліцы Манмартр, дзе дзякуючы выпадку — мы абодва шукалі адну і тую ж кнігу, вельмі рэдкае і адметнае выданне, — выявілася агульнасць нашых інтарэсаў. Потым мы сустракаліся зноў і зноў. Мяне глыбока зацікавіў кароткі, але грунтоўны экскурс у гісторыю яго роду, які ён зрабіў з усёй шчырасцю, на якую здольны француз, калі гаворка заходзіць пра сваю асобу.
Мяне ўразіла яго начытанасць, але больш за ўсё нястрымная палкасць і свежасць уяўлення. Шукаючы ў Парыжы тое, што моцна вабіла мяне ў той час, я разумеў, што кампанія гэтага чалавека ўяўляе для мяне неацэнную каштоўнасць, і адкрыта сказаў яму пра гэта. Урэшце было вырашана, што на той час, пакуль я буду ў Парыжы, мы будзем жыць разам, і так як мае жыццёвыя абставіны былі ў нейкай ступені не такія цяжкія, то я з яго згоды ўзяў на сябе выдаткі, звязаныя з наймам і абсталяваннем дома. Гэта быў асабняк у стылі адпаведным нашаму з ім характару рамантычнай меланхоліі, пашкоджаны часам і своеасаблівы па сваёй архітэктуры, у зацішным і адасобленым кутку Сен-Жэрменскага прадмесця. У ім ужо даўно не жылі гаспадары праз нейкія там забабоны, якімі мы не цікавіліся, і таму ён паступова прыходзіў у заняпад.
Калі б лад нашага жыцця стаў вядомы свету, нас бы абавязкова палічылі вар'ятамі — хоць, відаць, і бясшкоднымі. Наша адасобленасць была поўная. Нікога ў сваім доме мы не прымалі. Месца нашага жыхарства старанна трымалася ў тайне ад маіх былых кампаньёнаў, а Дзюпэн ужо даўно не цікавіўся Парыжам, ды і Парыж не ўспамінаў пра яго. Мы існавалі толькі для сябе.