Адно фантазійнае дзівацтва майго прыяцеля — бо як яшчэ гэта назваць? — улюбёнасць у ноч, і я пакорна пагадзіўся з гэтым bizarrerie[3], як і з усімі астатнімі, цалкам падпарадкаваўшыся яго няўпынным капрызам.
Царыца-ноч не магла заставацца з намі ўвесь час, але мы навучыліся імітаваць яе прысутнасць. Раніцай, з першым святлом, мы зачынялі тоўстыя аканіцы старога дома, запальвалі пару вельмі духмяных свечак, здатных толькі на цьмянае святло. У іх святле мы поўнілі сэрцы мроямі — чыталі, пісалі, дзяліліся думкамі, пакуль звон гадзінніка не абвяшчаў надыходу сапраўднай цемры. Тады мы выпраўляліся з дому, ідучы поплеч, працягвалі пачатыя ўдзень размовы альбо бязмэтна шпацыравалі ўдоўж і ўпоперак па вялікім горадзе да позняй ночы, шукаючы сярод мільгаючых агнёў і ценяў тую бясконцую душэўную ўзбуджанасць, якая вынікае з ціхага назірання.
У такія моманты я міжволі заўважаў (хоць, ведаючы яго схільнасць да фантазій, я прадбачыў гэта) своеасаблівыя здольнасці Дзюпэна і захапляўся імі. Ён, відаць, таксама са шчырым захапленнем карыстаўся імі — калі нават не дэманстраваў іх — і не вагаючыся прызнаваўся, што робіць гэта з задавальненнем. Ён хваліўся мне, ціха пасмейваючыся, што калі для іншых чалавечая душа была за глухой сцяной, то ён мог зазірнуць у большасць душ праз шырока расчыненыя для яго вокны, і звычайна суправаджаў такія заявы ашаламляльнымі доказамі глыбокага ведання маёй душы. У такія моманты ён быў халодны і аддалены, вочы яго рабіліся непранікальныя, а голас, сакавіты тэнар, пераходзіў у дыскант, і ў ім можна было адчуць нават раздражнёнасць, калі б не выразная дыкцыя і наўмысная няспешнасць у словах. Назіраючы за ім у такія моманты, я часта задумваўся над старадаўняй філасофскай тэорыяй аб дваістасці душы, і ў галаву прыходзіла забаўляльная думка пра двух Дзюпэнаў: адзін нешта ствараў, а другі разбураў створанае на кавалкі.
Прачытаўшы ўсё гэта, не падумайце, што я збіраюся расказаць вам у падрабязнасцях нейкую таямнічую гісторыю альбо апісаць нейкі рамантычны эпізод. Тыя асаблівасці прыяцеля-француза, пра якія я вам паведаміў, былі ўсяго толькі вынікам узбуджанасці ці, можа, хваравітасці розуму. Але характар яго заўваг у тыя моманты, пра якія тут ідзе гаворка, лепш за ўсё праілюструе адзін прыклад.
Аднойчы ўвечары мы гулялі па доўгай бруднай вуліцы непадалёк ад Пале-Раяль. Кожны з нас, відаць, быў заняты сваімі думкамі, і на працягу чвэрці гадзіны ніхто не сказаў ні слова. І тут раптам цішыню перарвалі наступныя словы Дзюпэна:
— Ён недаростак, гэта праўда, і было б лепей, каб ён паспрабаваў свае сілы ў тэатры «Вар'етэ».
— Ну, вядома, так, — адказаў я машынальна, спачатку не звярнуўшы ўвагі (настолькі быў заняты думкамі) на тое, што гэтыя словы вельмі дзіўна супалі з маімі разважаннямі. Праз нейкі момант я апамятаўся, і маё здзіўленне было бязмежным.
— Дзюпэн, — сказаў я сур'ёзна, — гэта вышэй майго разумення. Шчыра кажучы, я вельмі ўражаны і ледзь веру сваім вушам. Як гэта ты здагадаўся, што я думаю пра… — тут я спыніўся, каб пераканацца, што ён сапраўды ведае, пра каго я думаў.
— …пра Шантыі, — сказаў ён. — Чаму ты змоўк? Ты падумаў, што яго мізэрная постаць не падыходзіць да трагедыйных роляў.
Менавіта пра гэта я і разважаў. Шантыі, quondam[4] шавец з вуліцы Сен-Дэні, які да вар'яцтва захапіўся тэатрам, паспрабаваў сыграць ролю Ксеркса ў аднайменнай трагедыі Крэбіёна, вельмі стараўся, але ў выніку атрымаў знішчальныя водгукі.
— Растлумач напрамілы Бог, — усклікнуў я, — свой метад, калі ён існуе, праз які ты толькі што зазірнуў мне ў душу. — Па праўдзе кажучы, я імкнуўся знешне быць спакойным, хаваючы такім чынам ахапіўшую мяне збянтэжанасць.
— Гэта гандляр садавінай навёў цябе на думку, што гэты маэстра па падэшвах не дарос да Ксеркса et id genus omne[5].
— Гандляр садавінай? Ну, ты мяне здзіўляеш! Не ведаю я ніякага гандляра садавінай.
— Ну, той, з кім ты сутыкнуўся, калі мы зварочвалі на гэту вуліцу, хвілін пятнаццаць назад.
Тут я ўзгадаў, што сапраўды нейкі гандляр з кошыкам яблыкаў на галаве ледзь не збіў мяне знянацку з ног, калі мы зварочвалі з вуліцы С — на тую, дзе мы зараз стаялі. Але я не мог ніяк зразумець, якое гэта мела дачыненне да Шантыі.
Але Дзюпэн ні на кроплю не быў схільны да charlatanerie[6].
— Я зараз растлумачу, — сказаў ён. — І каб ты ўсё зразумеў, мы спачатку адновім ход тваіх думак, пачынаючы з таго моманту, як я звярнуўся да цябе, да rencontre[7] з тым самым гандляром. Асноўныя звенні ланцуга — Шантыі, Арыён, д-р Нікалс, Эпікур, стэрэатамія, каменне ў бруку, гандляр садавінай.