Выбрать главу

Што ж датычыцца гэтых забойстваў, давай зробім самастойныя вышукі, перад тым як выказаць пра іх сваю думку. Расследаванне пазабавіць нас. — (Я падумаў, што слова пазабавіць — недарэчнае ў дадзеным выпадку, але змоўчаў.) — Акрамя таго, Лё Бон аднойчы зрабіў мне паслугу, за якую я не магу не быць яму ўдзячным. Пойдзем і агледзім будынак самі. Я знаёмы з Ж., прэфектам паліцыі, таму мы без цяжкасці атрымаем неабходны дазвол.

Атрымаўшы дазвол, мы адразу ж рушылі на вуліцу Морг. Гэта ціхі завулак, які злучае вуліцы Рышэлье і Рош. Квартал быў далёка ад месца нашага жыхарства, і таму мы дабраліся туды толькі пад вечар. Дом знайшлі адразу ж, бо вакол яго па-ранейшаму было шмат людзей, якія, стоячы на процілеглым баку вуліцы, з пустой цікавасцю пазіралі на зачыненыя аканіцы. Гэта быў звычайны парыжскі асабняк з шырокімі дзвярамі параднага ўвахода, да якога збоку прыляпілася будка з адсоўным акенцам, па якім можна было здагадацца, што гэта loge de concierge[13].

Перад тым як зайсці ў дом, мы прайшліся па вуліцы, звярнулі ў завулак, зноў звярнулі, прайшліся каля дома са двара — увесь гэты час Дзюпэн вывучаў квартал, сам дом з незвычайнай пільнасцю, хоць я не разумеў, што яго магло так зацікавіць.

Вярнуўшыся тым жа шляхам да ўвахода, мы пазванілі і, паказаўшы адпаведныя паперы, атрымалі ад дзяжурных паліцэйскіх дазвол зайсці ўсярэдзіну. Мы пайшлі наверх, у пакой, дзе была знойдзена мадэмуазель Л'Эспанэ і дзе ўсё яшчэ ляжалі абодва трупы. Там па-ранейшаму быў беспарадак, бо ўсё, як гэта звычайна робіцца, захоўвалася ў непарушнасці. Нічога новага ў параўнанні з тым, што пісала «Судовая газета», я не заўважыў. Дзюпэн, аднак, уважліва агледзеў кожную дробязь, не абмінуў і трупаў. Потым мы зайшлі ў іншыя пакоі і спусціліся ў двор, — увесь гэты час нас суправаджаў паліцэйскі. Агляд працягваўся да самай цемры, толькі з яе надыходам мы нарэшце развіталіся. На зваротным шляху да дома мой прыяцель зайшоў на хвіліну ў рэдакцыю адной ранішняй газеты.

Я ўжо гаварыў, што дзівацтвы майго сябра былі самыя нечаканыя, але Je les menegeais[14]: у ангельскай мове няма адпаведнага эквіваленту.

У той вечар у яго не было настрою весці гаворку пра забойства, і завёў ён яе толькі апоўдні наступнага дня. Менавіта тады ён спытаў мяне, ці заўважыў я што-небудзь асаблівае ў той сцэне жорсткасці. Ён вымавіў слова «асаблівае» з такім націскам і такім дзіўным тонам, што я, не разумеючы чаму, скалануўся.

— Не, нічога асаблівага, — адказаў я, — ва ўсялякім разе, у параўнанні з тым, што паведамлялася ў газеце.

— Баюся, што «Гэзэт», — запярэчыў Дзюпэн, — не спасцігла ўсяго неймавернага жаху таго, што здарылася. Але забудзем пра дылетанцкія разважанні прэсы. Здаецца, што загадку лічаць невырашальнай з тае самае прычыны, якая дае падставу ставіцца да яе, як да вельмі зразумелай — я маю на ўвазе outre[15] характар яе асаблівасцей.

Паліцыю, відаць, збіла з толку адсутнасць матывацыі не столькі забойства, колькі жорсткасці, з якой яно было здзейснена. Іх таксама бянтэжыць, здавалася, невырашальная супярэчнасць: сведкі чулі, як нехта сварыўся, але наверсе нікога, акрамя забітай мадэмуазель Л'Эспанэ, не знайшлі. Выйсці ж адтуль, каб не заўважылі людзі, што падымаліся па лесвіцы, было немагчыма. Страшэнны беспарадак у пакоі, заціснуты ў комін уніз галавой труп, жахліва знявечанае цела старой — гэтых абставін, а таксама тых, пра якія я толькі што гаварыў, і іншых, што не варта ўспамінаць, было дастаткова, каб спаралізаваць высілкі ўлад, якія, нягледзячы на сваю праніклівасць, якой яны так ганарацца, апынуліся ў тупіку. Яны сталі ахвярамі грубай, але вельмі распаўсюджанай памылкі, зблытаўшы незвычайнае з незразумелым. Але менавіта дзякуючы адхіленню ад звычайнага і адкрываецца прастор, калі гэта сапраўды магчыма, для розуму ў пошуках ісціны. У вышуках, накшталт гэтых, якімі мы цяпер займаемся, трэба ставіць не столькі пытанне «Што здарылася?», колькі «Што здарылася такое, чаго ніколі раней не здаралася?». І на самай справе існуе непасрэдная суадноснасць паміж лёгкасцю, з якой я прыйду ці ўжо прыйшоў да разгадкі гэтай таямніцы, і яе невырашальнасцю, якая існуе на думку паліцэйскіх.

вернуться

13

Памяшканне кансьержа (франц.).

вернуться

14

Я іх шанаваў (франц.).

вернуться

15

Утрыраваны (франц.).