Выбрать главу

— Я іх забіла! — зачыніўшы дзверы, закрычала праз слёзы Верка. — Я іх усіх забіла, уяўляеш?! Не ведаю, што са мной такое сталася... Я не хацела... я нібыта сама не свая была!

У стане афекту, значыцца. Што ж, бывае... Дапамагчы я, зразумела ж, магла. Магла «перакінуць» гэтых нябожчыкаў куды-небудзь далей, за тысячу кіламетраў ад Верчынай кватэры. Ці, наогул, рыспыліць іх на асобныя атамы і малекулы. А потым крыху змяніць памяць апошніх часоў у Верчынай галаве, дакладней, падкарэкціраваць так, каб Верка, прачнуўшыся раніцай, ні пра што не памятала.

Вось толькі я ні ў якім разе не магла дазволіць сабе зрабіць такое!

Мы не можам ні прадухіляць забойствы, ні змяняць іх наступствы... Гэта нам катэгарычна забаронена. Забіваць мы, праўда, маем права, ды толькі і тут ёсць пэўныя абмежаванні.

Верка, здаецца, і сама зразумела, што дарэмна на штосьці спадзявалася, так спяшаючыся да мяне сярод ночы. Яна тужліва ўздыхнула і з яшчэ большым сумам зірнула мне ў вочы.

— Дарэмна я да цябе прыйшла... Не трэба было. — павольна прашаптала яна. — Мне б у міліцыю адразу ж, а я. Цяпер яшчэ і цябе ўблытаю ў гэтую гісторыю...

Бач ты, пра што ў першую чаргу клапоціцца! Каб у мяне праз яе не было ніякіх непрыемнасцей...

Яна добрая, Верка, і заўсёды была добрай, колькі яе памятаю. Ні ў якой прось­бе нікому не адмовіць, апошнім без усялякага шкадавання нават з малазнаёмым падзеліцца. І вось цяпер гэтае трайное забойства. Не разумею, што на яе найшло такое?

А Верка цяжка, бы асуджаная, уздыхнула і ўжо накіравалася да дзвярэй.

— Стой! — неяк само па сабе вырвалася ў мяне. — Пачакай!

Уздрыгнуўшы, Верка спынілася і павярнулася да мяне. І такая надзея на цуд

свяцілася ў яе зацкаваным позірку, што я, махнуўшы рукой на ўсе абмежаванні і забароны, вырашыла дапамагчы. Яшчэ, праўда, не ведаючы, якім чынам...

— Пачакай з міліцыяй, — паўтарыла я і, падышоўшы да Веркі ўшчыльную, узяла яе за руку. — Табе супакоіцца трэба.

— Супакоіцца? — выхапіўшы руку, Верка істэрычна рассмяялася. — Можа, яшчэ і паспаць?

— Зусім неблагая думка!

І, усміхнуўшыся, я даслала Верцы адзін кароценькі імпульс. Усяго толькі адзін. І Верка адразу ж заснула. Вось так, стоячы каля ўваходных дзвярэй.

Праводзіўшы яе да ложка, я нейкі час моўчкі сядзела побач, уважліва разглядаючы зарумзаны, але нават цяпер такі прывабны тварык сяброўкі. Потым, нахіліўшыся, асцярожна дакранулася кончыкамі пальцаў да яе скроняў.

Дык вось як і чаму ўсё гэта адбылося!

Фірма, працай у якой так ганарылася Верка, не з’яўлялася гандлёвай. Даклад­ней, гандаль прамысловымі і іншымі таварамі служыў уладальніку фірмы прыкрыццем для вядзення іншых, куды больш прыбытковых спраў. У асноўным, гэта былі рэкет і наркотыкі, але пастаўка «жаночага тавару» за мяжу таксама вялася з вялікім размахам.

Спраўна выконваючы абавязкі сакратаркі, бедная Верка і не здагадвалася, што ўсе наіўныя дурнічкі, якія «вяліся» на гэтую пасаду, рана ці позна аказваліся ў бардэлях Германіі альбо Турцыі: хтосьці ехаў добраахвотна, падмануты казачнымі перспектывамі, але ў асноўным дзяўчат вывозілі гвалтоўна і не было ніякай надзеі хоць калі-небудзь вярнуцца дадому. А перад вывазам шэф любіў асабіста правяраць «экспартны матэрыял» на прафесійную, так сказаць, прыдатнасць...

Так што далейшы лёс Веркі быў вырашаны без яе ўдзелу і згоды, а пратрымалася яна аж тры месяцы на сваёй часовай пасадзе толькі таму, што гаспадар фірмы ніяк не мог знайсці ёй замену. Учора замена была знойдзена, так што.

Яны заявіліся да Веркі позна вечарам: сам шэф і двое бандытаў-целаахоўнікаў. Не западозрыўшы нічога кепскага, Верка, якая ўжо прыняла ванну і «ўпрыгожыла» галаву бігудзямі, даверліва адчыніла дзверы начальству.

Далей Верчыны ўспаміны зрабіліся нейкімі сумбурнымі і скамечанымі. Вось яна стаіць перад шэфам і сарамліва спрабуе зашпіліць на грудзях старэнькі халацік. У гэты момант адзін з целаахоўнікаў нечакана зрывае яго з Веркі і яна застаецца перад трыма пажадлівымі мярзотнікамі ў адных толькі вузенькіх майтках. Затым дзяўчыну валяць на падлогу, адначасова з гэтым здзекліва тлумачачы ёй усё тое, што цяпер адбудзецца, а таксама далейшы яе лёс і перспектывы.

А потым...

Потым пачынае адбывацца нешта незразумелае і нават неверагоднае.

Адным штуршком адкінуўшы ад сябе мярзотнікаў, Верка ўскоквае на ногі, трымаючы ў руцэ сталёвы малаточак. Адкуль узяўся, я так і не змагла зразумець. Але аднаго ўдару па патыліцы аказалася дастаткова, каб бліжэйшы з целаахоўнікаў...

— Сучка! — спалохана крычыць шэф. — Ах ты, дрэнь!

Ён выхоплівае пісталет, але стрэліць так і не паспявае. Верка ўжо зусім побач. Малаточка ў яе руцэ чамусьці няма, але рукі аказваюцца не менш дзейснай і эфектыўнай зброяй. Удар, яшчэ ўдар... Цэлая серыя ўдараў па корпусе, такіх хуткіх і трапных, што пазайздросціў бы і прызнаны майстар ушу.