Выбрать главу

Беспрытомны шэф яшчэ не паспеў зваліцца на падлогу, як другі целаахоўнік (вялізны шыракаплечы бамбіза), спалохана войкнуўшы, кінуўся да дзвярэй. І амаль дасягнуў іх... Але раптам вузкая шаўковая пятля смяротна абвілася вакол ягонай бычынай шыі.

Калі з другім целаахоўнікам было пакончана, Верка павярнулася да шэфа, які толькі цяпер пачаў прыходзіць у прытомнасць, і рушыла да яго, прыхапіўшы з палічкі скотч і поліэтыленавы пакет.

Далей я не стала глядзець, бо і так ужо ўсё ведала. І як шэф, звязаны па руках і нагах, спачатку пагражаў Верцы ўсімі магчымымі пакараннямі, а потым прасіў прабачэння і маліў аб літасці. І як потым абяцаў ёй залатыя горы, нават уласную асобу ў якасці мужа. Да самага канца шэф на нешта спадзяваўся толькі адчуўшы на сваім твары ліпучую прахалоду поліэтылену, зароў дурным голасам і пачаў адчайна качацца па падлозе, у дарэмных спробах здзерці са свайго твару празрыстую смерць.

Паўтараю, усё гэта я прагледзела так, мімаходам. Дакладней, «праматала» перад сваімі вачыма. А вось далей.

Пасля таго, як шэф, падрыгаўшы нагамі, канчаткова заціх, Верку зноў нібыта падмянілі.

— Божа! — прашаптала яна, з жахам пазіраючы на нерухомыя целы вакол сябе.

Ускрыкнуўшы, Верка адчайна замітусілася па кватэры. Яна выхапіла з шафы першае, што трапіла пад руку і кінулася да выхада, марна спрабуючы засунуць рукі ў рукавы. Потым нечакана вярнулася, схапіла са стала сотавы тэлефон і выбегла ўжо канчаткова. Адразу ж дрыготкімі пальцамі яна пачала набіраць нумар майго мабільніка, пачула ў адказ ветлівае: «Абанент часова адключаны.» (Заўсёды я, дурніца забываюся яго падзарадзіць!) Потым пачала набіраць мой хатні нумар.

Адняўшы рукі ад скроняў школьнай сяброўкі, я зноў нейкі час моўчкі на яе глядзела, спрабуючы асэнсаваць тое, што толькі што ўбачыла.

Не вельмі гэта падобна да стану афекту. Хутчэй ужо.

І тут я насцярожылася, бо адчула побач з сабой магію. Старажытную і таму смя­ротна небяспечную. Нават для мяне.

Раптам тут, у маім пакоі, я адчула прысутнасць дэмана смерці!

Такіх дэманаў у прыродзе хапае, але яны небяспечныя толькі для звычайных людзей, калі часова захопліваюць іх свядомасць, што лягчэй за ўсё зрабіць, калі чалавек пад алкаголем ці яшчэ якім паскудствам. Такога дэман падпарадкоўвае цалкам. Пасля чаго адбываюцца самыя жудасныя і непрадказальныя забойствы. Назаўтра забойца ўжо не растлумачыць, што адбылося з ім учора і чаму ён так нечакана схапіўся за нож. Альбо за сякеру.

А ва ўсім вінаваты адзін з дэманаў смерці, які, пакінуўшы цела забойцы, паімчаў кудысьці далей, у пошуках новых ахвяр...

У нас ёсць спецыяльныя брыгады па паляванні на такіх дэманаў і далейшай іх нейтралізацыі. Часам мы праводзім шырокамаштабныя аперацыі. Але ўсё гэта робіцца не таму, што мы шкадуем людзей і спрабуем такім чынам абараніць іх ад дэманаў. Нам, па шчырасці, на людзей напляваць! Можа, таму і вынікі аперацый нязначныя, мізэрныя. Да таго ж, канчаткова знішчыць дэмана смерці практычна немагчыма, а нейтралізацыя ягоная, на жаль, абмежавана пэўным адрэзкам часу: ад некалькіх гадоў да некалькіх тысячагоддзяў, у залежнасці ад сілы магічнага закляцця. Ды і самі людзі, выпадкова набываючы зачараваныя прадметы, істотна паскараюць вызваленне з іх дэманаў, самі пра тое нават не падазраючы. Як не падазраюць і пра тое, што ў хуткім часе абавязкова ператворацца ў жорсткіх і бязлітасных забойцаў.

Адзін з такіх дэманаў і знаходзіўся цяпер у целе Веркі. Дакладней, у яе свядомасці. На шыі ў сяброўкі я крыху запознена разгледзела тое, што павінна была выявіць адразу ж: пацямнелую ад часу нефрытавую камею на тонкім залатым ланцужку.

Ланцужок выглядаў даволі сучасна, чаго нельга было сказаць пра саму камею. Старажытнагрэчаская праца. І гэты дэман, здаецца, быў нейтралізаваны ў ёй таксама вельмі і вельмі даўно. Не дзіўна, што, вырваўшыся на свабоду, ён адным махам забіў ажно траіх чалавек. Дзіўна іншае.

Верка была ў Грэцыі мінулым летам (сама мне пры адной з сустрэч хвалілася), значыць, гэту смяротна небяспечную забаўку яна прывезла адтуль. І ўвесь час насіла яе на шыі без усялякіх шкодных наступстваў!

Нарэшце, Верка ўсё ж такі не вытрымала і зламалася. Але колькі дабрыні і спагады павінен мець чалавек, каб амаль год паспяхова супраціўляцца дэману смерці! Ды яшчэ такому магутнаму. Нават мне побач з ім не па сабе неяк!

Крыху павагаўшыся, я ўсё ж вырашыла дзейнічаць: паспрабаваць зняць з шыі Веркі небяспечны амулет.