Выбрать главу

Але гэта аказалася не такой простай справай. Не паспела я і дакрануцца да камеі, як Верка, здрыгануўшыся ўсім целам, аберуч ухапілася за амулет і так моцна яго сціснула, што нават косткі пальцаў пабялелі. Пры гэтым яна працягвала спаць.

«Кепска! — міжволі падумалася мне. — Вельмі кепска!»

Дэман упарта не жадаў пакідаць сваё новае прыстанішча. Яму хацелася забіваць яшчэ і яшчэ. Вось толькі я была з гэтым катэгарычна не згодная!

Падышоўшы як мага бліжэй да сяброўкі, я пачала асцярожна разгінаць яе тонкія пальчыкі. Адзін. другі. трэці. Вунь ужо і край камеі вызваліўся.

І тут Верка, адпусціўшы амулет, раптам ухапіла мяне за горла. Аберуч. І сціснула яго так, што ў мяне дыханне перахапіла.

Не чакаўшы нападу і таму зусім да яго не падрыхтаваўшыся, я крыху разгубілася. І нават не крыху, а вельмі! І таму, калі паспрабавала вызваліцца, нічога ў мяне не атрымалася. Нейкі час мы адчайна тузаліся на ложку, потым зваліліся на падлогу і працягнулі барацьбу там.

Верчыны пальцы сціскалі маё горла з такой сілай, нібыта і не пальцы гэта былі, а сапраўдныя сталёвыя абцугі. І добра яшчэ, што я магла ашчадна расходаваць кісларод і працяглы час нават зусім без яго абыходзіцца.

Дэман (не Верка, а менавіта дэман) зразумеў, што такім чынам яму не перамагчы. Таму, адпусціўшы маё горла, Верка імкліва ўскочыла на ногі і рынулася ў бок кухні. І амаль адразу ж вярнулася, трымаючы ў руках па вялікім вострым нажы. Яна шпульнула іх у мяне адзін за адным з такім спрытам і хуткасцю, нібыта ўсё жыццё займалася.

Верка рабіла гэта, працягваючы салодка спаць .

Ад першага нажа я ўхілілася, а другі злаўчылася перахапіць у палёце. Так і карцела адправіць яго ў зваротным напрамку, адным рухам скончыўшы ўсю справу. Тады б дэману не засталося нічога іншага, як толькі тэрмінова пакінуць мёртвае цела і шукаць новае. Маю свядомасць ён захапіць не мог, як бы ні спрабаваў. Адзіны шлях ягоны тады быў бы — назад, у камею. А што далей рабіць з самой камеяй — нас яшчэ на падрыхтоўчых курсах вучылі. І я б без усялякага шкадавання зрабіла б гэта, калі б.

Калі б насупраць мяне стаяў хтосьці іншы!

Але там стаяла Верка, адзіная мая школьная сяброўка. І забіваць яе мне вельмі не хацелася. Нават тады, калі яна зноў кінулася да мяне, хоць і бяззбройная, але праз гэта не менш небяспечная.

Удар, яшчэ ўдар. Цэлая серыя хуткіх, амаль нябачных для чалавечага вока ўдараў. Мне вельмі няпроста было іх блакіраваць.

А Верка... Дакладней, дэман у яе абліччы, раз’юшаны няўдачай, усё паскараў тэмп нападу. А потым ён нечакана ўхапіў з палічкі шкляную вазачку і, сціснуўшы яе ў пальцах, імгненна ператварыў у цэлую жменю дробных шкляных аскепкаў, а пасля шпульнуў іх веерам у мой бок, спрабуючы патрапіць менавіта ў вочы.

І зноў я аказалася да гэтага непадрыхтаваная: выставіла сілавы бар’ер з такім недапушчальным спазненнем, што не менш за дзясятак небяспечных аскепкаў упілося ў мой твар. Вочы, праўда, яны не пашкодзілі, але рассеклі брыво, у некалькіх месцах падрапалі лоб, а самы буйны сур’ёзна параніў шчаку.

Было нясцерпна балюча, але я зноў сцяміла вельмі позна: аскепкі з’яўляліся падманным ходам з адзінай мэтай — адцягнуць маю ўвагу ад галоўнага. І мэта была дасягнута: у мой бок паляцеў трэці нож, і ўсё, што я паспела, гэта крыху адхіліцца ўбок. Вострае халоднае лязо, замест таго, каб наскрозь прабіць мне сэрца, глыбо ка ўпілося ў левае лёгкае. Я адразу ж адчула, як няпроста стала дыхаць і як хутка напаўняецца гарачай салёнай вільгаццю мой перасмяглы рот.

Кепска! Вельмі кепска, калі не сказаць больш.

Я ўшчэнт прайгравала паядынак і, здаецца, іншага выйсця, як забіць сваю школьную сяброўку, у мяне не заставалася. Хутчэй за ўсё, дэман менавіта на гэта і разлічваў, бо наўрад ці ён сур’ёзна спрабаваў адолець мяне такім прымітыўным спосабам. Што ж, любое забойства для дэмана смерці — найвышэйшая асалода, тым больш, калі ён столькі стагоддзяў прамарнаваў у магічнай «вязніцы».

Але ж гэта была Верка. Ды і ў чым, скажыце, яна вінаватая? У тым толькі, што ў мінулым годзе наведала тую самую Грэцыю, пра якую марыла яшчэ ад школьных часоў?

І тут я, нарэшце, сцяміла, што трэба рабіць! Трэба пабудзіць Верку. Як жа я раней да гэтага не дадумалася!

Я ўзмахнула рукой, і на сяброўку адразу ж абрынуўся цэлы вадаспад халоднай, амаль ледзяной вады. Знізу, пад маім домам, знаходзіцца магутны ваданосны слой, адкуль я і «чарпанула» ваду.

Спалохана войкнуўшы, Верка прачнулася і здзіўлена ўтаропілася на сваю скрываўленую ад раструшчанай вазы далонь. Яна перавяла погляд на мяне. А відок у мяне быў яшчэ той!

— З цябе тырчыць нож! — спалоханна ўскрыкнула Верка. — Табе ў бальніцу трэба неадкладна. я зараз у «хуткую дапамогу». патэлефаную.