Выбрать главу

Яна рынула да дзвярэй.

— Стаяць! — крыкнула я ўладарна, выплёўваючы на падлогу вялікі крывавы згустак. — Не трэба нікуды тэлефанаваць!

Верка паслухмяна вярнулася на месца, зноў уважліва зірнула ў мой бок. Яна не зводзіла з мяне спалоханнага позірку.

— Сэрца не закранута! — паспрабавала супакоіць яе я. — Так што.

І тут толькі, здаецца, да Веркі дайшло.

— Дык гэта я? — ужо не спалохана, а неяк безнадзейна прашаптала яна. — Дык я і цябе забіць спрабавала?! Ды што ж гэта. што ж я за пачвара такая?! Але ж я не хацела, разумееш, не хацела! Я нават не памятаю, як гэта ўсё адбылося!

І, апусціўшыся на падлогу, Верка заплакала.

— Выклікай «хуткую дапамогу»! — усхліпваючы, шаптала яна. — Чаго ты чакаеш, хутчэй выклікай! А я. мне. Мне не ў міліцыю, мне ў псіхушку трэба! І каб на ўсё жыццё. І ад ложка каб ніколі не адвязвалі нават.

Бедная мая Верка! Яна і не падазравала, якімі прарочымі могуць аказацца яе апошнія словы .

— Слухай мяне ўважліва, Верка! — павольна прамовіла я, уважліва сочачы за кожным рухам сяброўкі. — І рабі тое, што я скажу! Толькі тое, што я скажу і нічога іншага! Дамовіліся?

— Дамовіліся! — усё яшчэ ўсхліпваючы, прашаптала Верка. — А што мне трэба будзе зрабі.

І змоўкла на паўслове, шалёна азіраючыся па баках і шукаючы штосьці ўраз затуманеным позіркам...

— Глядзець на мяне! — з усяе моцы гаркнула я, сплёўваючы чарговы крывавы згустак. — У вочы мне глядзець, каму сказала!

Падзейнічала! Не на дэмана, вядома ж, на Верку, якая ўсё ж цяпер кантралявала значную частку сваёй свядомасці. Позірк яе зноў пасвятлеў, зрабіўся амаль асэнсаваным.

— А цяпер, — усё тым жа ўладарным тонам працягвала я, — павольна паднясі рукі да шыі і здымі амулет! Ну, чаго чакаеш?!

— Не магу! — з істэрыкай у голасе закрычала Верка, адчайна матляючы галавой. — Я спрабавала, але.

— Спрабуй яшчэ!

— Рукі! — спалохана прашаптала Верка, з жахам пазіраючы на ўласныя рукі. — Яны мне не падпарадкоўваюцца! Яны нібыта не мае!

— Яны твае! — зноў гаркнула я на сяброўку. — І ты можаш імі кіраваць! Давай, спрабуй!

— Не магу!

Зразумела ж, Верка не магла! Ні вярнуць кантроль над рукамі, ні, тым больш, самастойна адолець нябачную пачвару. І я гэта ведала, добра ведала. Проста мне трэба было нейкім чынам адцягнуць увагу дэмана ад камеі — хоць на імгненне, але адцягнуць. Здаецца, спрацавала!

— Да мяне! — уладна крыкнула я, працягнуўшы руку. — Сюды!

З тонкім, ледзь чутным звонам лопнуў залаты ланцужок, і, саслізнуўшы з шыі сяброўкі, амулет хутка «паплыў» у мой бок. Адчайна ўскрыкнуўшы, Верка (дэман?) паспрабавала яго перахапіць, але я чакала гэтага і таму была напагатове. Узмахам левай рукі я адкінула яе ўбок, і, не ўтрымаўшыся на нагах, яна паляцела вобзем, але амаль адразу ж ускочыла на ногі, рыхтуючыся да новага нападу.

Вось толькі амулет быў ужо ў маіх руках, і я пачала таропка шаптаць магічныя словы заклінанняў, выбіраючы найбольш эфектыўныя з іх.

Ускрыкнуўшы, як ад болю, Верка зноў звалілася на падлогу. Цела яе, сутаргава скаланаючыся, білася аб паркет, з галавы ва ўсе бакі ляцелі бігудзі. Дэман ніяк не жадаў пакінуць у спакоі сваю ахвяру. Потым, зразумеўшы, што прайграў, ён раптам аберуч ухапіў Верку за горла і пачаў душыць яе ж уласнымі рукамі.

— Не падыходзь. — губляючы прытомнасць, прашаптала Верка. — Бо я. бо мне. так, пэўна, лепш будзе.

Нясцерпна балела галава, перад вачыма кружылася нейкая дзіўная крывавая імгла, а я з апошніх сіл працягвала шаптаць магічныя словы заклінанняў, у душы спадзяючыся, што паспею .

І паспела! У самы апошні момант.

І нават паслала сігнал дзяжурным, перш, чым канчаткова вырубіцца самой.

***

Самае першае, што я ўбачыла, калі расплюшчыла вочы, устрывожаны мамін твар. Я ляжала ў ложку, а мама сядзела побач і моцна трымала мяне за руку.

— Прывітанне, ма! — прашаптала я, азіраючыся. — А дзе.

— У сябе дома, — правільна зразумеўшы маё пытанне, адказала мама. — І дзяжурная брыгада тут. — Не стрымаўшыся яна дадала: — Ты што, не магла адразу ж выклікаць дзяжурных? Што за самадзейнасць, не разумею! Вырашыла, што сама­стойна зможаш адолець дэмана смерці?

— А я што, не адолела яго? — крыху пакрыўджана спытала я.

— Адолела, адолела! — засмяялася мама і, нахіліўшыся, пацалавала мяне ў шчаку. — Але дзяжурныя справіліся б з гэтым куды хутчэй. Ты, спадзяюся, не будзеш са мной спрачацца?

«І забілі б Верку! — міжволі падумалася мне. — Абавязкова забілі б, бо гэта самае хуткае і рацыянальнае вырашэнне пытання!»

— І самае правільнае, дарэчы! — сказала мама, устаючы з ложка. — Ты і сама зразумееш гэта потым, калі навучышся жыць розумам, а не толькі эмоцыямі... Пайду, згатую табе каву. Па-турэцку, як ты любіш.