Раздзел 2. Крумкач, Певень і Жаба
Анры рашуча ішоў да гары, але аказалася, яна зусім не так блізка, як гэта здавалася. І замест таго, каб дабрацца да гары за паўгадзіны, яму давялося ісці цэлы дзень.
Калі ён прайшоў ужо амаль трэцюю частку дарогі, ён раптам убачыў Крумкача, які трапіў у пастаўленую нейкім дрэнным хлопчыкам пастку. Бедны Крумкач марна стараўся вызваліцца, увесь час тузаючы пятлю, але пятля толькі яшчэ мацней і балючай сціскала яму лапу. Убачыўшы гэта, Анры жвава падбег да Крумкача, перарэзаў вяроўку і вызваліў небараку. Крумкач узмахнуў крыламі, узляцеў у паветра і крыкнуў:
— Дзякуй табе, слаўны хлопчык, я таксама табе прыдамся!
Анры вельмі здзівіла, што Крумкач размаўляе па-чалавечы, але доўга думаць пра гэта часу ў яго не было, і ён рушыў далей.
Калі трошкі пазней ён спыніўся крыху адпачыць і сядзеў пад кустом, частуючыся кавалачкам хлеба, ён раптам убачыў Пеўня, за якім гналася Ліса. Певень уцякаў з усіх ног, але Ліса ўсё роўна яго даганяла. Тады Анры злаўчыўся і, калі певень прабягаў зусім блізка, спрытна схапіў яго і, сунуўшы за пазуху, схаваў пад курткай. Ліса нічога не заўважыла і, падумаўшы, што Певень павярнуў некуды ўбок, пабегла далей. Калі яна знікла з вачэй, Анры выпусціў Пеўня, і той, вельмі перапалоханы, шэптам сказаў:
— Дзякуй табе, слаўны хлопчык! Я таксама табе прыдамся.
Тым часам Анры адпачыў і, развітаўшыся з Пеўнем, рушыў далей.
Ён прайшоў ужо ладны кавалак дарогі, калі раптам убачыў бедную жабу, якую збіралася праглынуць Змяя.
Жаба дрыжала ад страху і баялася паварушыцца, а Змяя падпаўзала ўсё бліжэй і бліжэй, шырока разяўляючы страшную пашчу. Але ў той самы момант, калі яна была ўжо гатовая праглынуць Жабу, Анры схапіў вялікі камень і так трапна кінуў ім у Змяю, што пацэліў у самую глотку. Змяя задохлася і памерла. А Жаба паскакала прэч, крыкнуўшы на развітанне:
— Дзякуй табе, слаўны хлопчык, я таксама табе прыдамся.
Анры ўжо чуў, як размаўлялі Крумкач і Певень, і таму зусім не здзівіўся, што Жаба таксама размаўляе па-чалавечы. Ён рушыў далей і неўзабаве дайшоў да падножжа гары. Тут ён ўбачыў глыбокую і такую шырокую раку, што другога берага амаль не было відаць.
Спачатку Анры разгубіўся, але потым падумаў: «Можа, мне ўдасца знайсці які-небудзь мост ці брод, ці хоць які човен?» Ён рушыў уздоўж ракі і абышоў кругам усю гару, але рака была паўсюль вельмі шырокая і глыбокая, і нідзе на ёй не было ні моста, ні чоўна. Бедны Анры сеў на беразе і горка заплакаў.
— Дапамажыце мне, Добрая фея! — сказаў ён скрозь слёзы. — Якая карысць мне ведаць, што на вяршыні гары расце кветка, якая можа ўратаваць маю маці, калі я ўсё роўна не здольны да яе дабрацца?!
Не паспеў ён гэтага сказаць, як побач узнік Певень, якога ён уратаваў ад Лісы.
— Добрая фея нічым не можа дапамагчы табе, — сказаў Певень. — Гэтая гара не падпарадкуецца яе чарам. Але ты ўратаваў мне жыццё, і цяпер я хачу табе за гэта аддзячыць. Лезь да мяне на спіну! Слова гонару, я перанясу цябе на той бераг.
Без доўгіх разваг Анры ўскочыў Пеўню на спіну, і яму здалося, што зараз ён упадзе разам з Пеўнем у раку. Але Певень аказаўся такі дужы, што ў яго на спіне Анры адчуў сябе як у сядле на кані. Ён аберуч ухапіў Пеўня за грэбень, і Певень паляцеў. Рака была вельмі шырокая, і ляцець да другога берага ім давялося ажно дваццаць адзін дзень. І ўвесь гэты час Анры не хацелася ні есці, ні піць, ані спаць.
Калі яны нарэшце апусціліся на зямлю, Анры падзякаваў Пеўню, а той прыгожа распусціў пёры, і ў тую ж хвіліну знік. Анры пачаў азірацца, шукаючы, куды ён падзеўся, і заўважыў, што рака некуды знікла таксама.
— Напэўна, які-небудзь чарадзей гэтай гары знарок зрабіў гэтую раку, каб не даць мне дайсці да вяршыні, — падумаў Анры. — Але Добрая фея дапамагла мне, і цяпер я ўжо хутка дабяруся да кветкі.
Раздзел 3. Жніво
Анры зноў рушыў у дарогу і ішоў яшчэ вельмі і вельмі доўга. Але колькі ён ні ішоў, усё было дарэмна: ён ні на крок не мог наблізіцца да вяршыні ні скрануцца з месца, дзе нядаўна была рака.
Іншы хлопчык на яго месцы даўно павярнуў бы назад, але смелы Анры не адчайваўся і нягледзячы на вялікую стому ішоў цэлыя тры дні запар. І за ўсе гэтыя тры дні так і не здолеў прасунуцца хоць трошкі наперад. Але ўсё ж рашучасць не пакідала яго.
— Няхай мне давядзецца ісці хоць сто год! — сказаў ён. — Я ўсё роўна буду ісці, пакуль не дайду да вяршыні.
І не паспеў ён прамовіць гэтыя словы, як убачыў маленькага Дзядка, які глядзеў на яго хітрымі вачыма.