Падумаўшы гэтак, Анры пайшоў уздоўж рова, спадзеючыся знайсці, дзе ён канчаецца. Але праз два дні ён вярнуўся на тое самае месца, дзе быў упачатку.
Анры гэта не засмуціла, і ён зусім не разгубіўся. Ён сеў на беразе і сказаў:
— Я не сыйду з гэтага месца, пакуль які-небудзь чарадзей не дазволіць мне перабрацца цераз гэты роў.
І толькі ён сказаў гэтыя словы, як перад ім узнік вялізны Кот, які пачаў так страшна мяўкаць, што ледзь не аглушыў беднага хлопца.
— Што табе трэба, і навошта ты сюды прыйшоў? — сказаў Кот. — Ці ведаеш ты, што я адным сваім кіпцюром магу разадраць цябе на шматкі?
— Дарагі Кот, я не сумняваюся ў вашай сіле, — адказаў Анры. — Але ж вы не зробіце мне нічога дрэннага, калі даведаецеся, што я прыйшоў па кветку жыцця. Яна патрэбная мне, каб уратаваць маю маму, бо яна памірае. Калі ласка, дазвольце мне перабрацца цераз гэты роў, і я зраблю ўсё, што вы загадаеце.
— Праўда? — сказаў Кот. — Ты мне падабаешся. Ну, дык слухай: калі ты вылавіш усю рыбу, што водзіцца ў гэтым рове, а потым падсмажыш яе ці пасоліш, я даю табе слова гонару, што прапушчу цябе на той бок. Усё, што спатрэбіцца табе ў працы, ты знойдзеш тут, на пяску. Калі ж усё будзе зроблена, пакліч мяне.
Кот знік, а Анры агледзеўся і ўбачыў побач шмат розных сетак, вудаў ды рыбалоўных зазубняў. Падумаўшы, што вудай лавіць будзе доўга, ён узяў сетку і закінуў яе ў ваду. Ён спадзяваўся, што зловіць адразу шмат рыбы. Але выцягнуўшы сетку на бераг, убачыў, што ў ёй нічога няма. Ён з прыкрасцю падумаў, што, напэўна, зрабіў нешта не так. І зноў закінуў сетку, але калі зноў яе выцягнуў, яна аказалася зноў пустая. Набраўшыся цярпення, Анры закідваў і выцягваў сетку яшчэ цэлыя дзесяць дзён, але так і не злавіў ніводнае рыбіны. Тады ён адклаў сетку і закінуў вуду.
Ён чакаў гадзіну і дзве, але ніводная рыбіна не бралася на зазубень. Тады ён перайшоў трошкі далей, потым яшчэ далей і яшчэ, і так, пераходзячы з месца на месца, абышоў усю гару. Але так і не злавіў ніводнае рыбіны, патраціўшы яшчэ пятнаццаць дзён. Не ведаючы, што рабіць, ён прыгадаў Добрую фею і падумаў, што яна, відаць, забылася на яго. Ён сумна сеў на беразе і пачаў глядзець на ваду. Вада раптам забулькала, і на паверхню высунулася Жабіна галава.
— Анры, — прамовіла Жаба, — ты ўратаваў мне жыццё, і ў падзяку я хачу ўратаваць жыццё табе. Бо калі ты не выканаеш загаду, Кот з'есць цябе замест рыбы. Сам ты, на жаль, нічога злавіць не зможаш: роў вельмі глыбокі, і ўся рыба хаваецца на самым дне. Але я табе дапамагу: я буду лавіць рыбу, а ты, пакуль тое, раскладай агонь ды рыхтуй бочкі — будзеш яе саліць або смажыць.
Прамовіўшы гэтыя словы, Жаба дала нырца, і Анры ўбачыў, як вада ў рове адразу забурліла, нібыта на дне пачалася вялікая бойка. Праз хвіліну Жаба вынырнула, трымаючы ў лапах тоўстага ласося. Не паспеў Анры яго падабраць, як Жаба прынесла новую рыбіну: гэта быў карп. Так яна лавіла рыбу шэсцьдзесят дзён. Вялікіх рыбін Анры смажыў на патэльні, а малых складаў у бочкі ды саліў. Калі мінула два месяцы, Жаба выскачыла на бераг і сказала:
— Ну вось, цяпер у рове не засталося ніводнае рыбіны. Можаш клікаць Ката.
Анры шчыра падзякаваў Жабе і паціснуў ёй мокрую лапу. Жаба ўсміхнулася і знікла.
Яшчэ пятнаццаць дзён Анры смажыў рыбу ды саліў яе ў бочках. А калі ўсё было зроблена, паклікаў Ката, і той адразу ўзнік перад ім.
— Вось, спадар Кот, — сказаў яму Анры, — я пасаліў і пасмажыў усю вашу рыбу. Цяпер, калі ласка, выканайце і вы сваё абяцанне — прапусціце мяне на той бераг.
Кот агледзеў горы смажанай рыбы і бочкі з салёнай, пакаштаваў і той, і другой, аблізнуўся і сказаў Анры:
— Ты слаўны хлопчык, і я хачу аддзячыць табе за працу. Тады ніхто не скажа, што ты працаваў на мяне дарма.
Прамовіўшы гэта, Кот выдраў у сябе адзін кіпцюр і, аддаўшы яго Анры, сказаў:
— Калі ты захварэеш ці адчуеш блізкую старасць, дакраніся гэтым кіпцюром да лба: боль, хвароба ці старасць адразу адступяць. А калі ты дакранешся ім да таго, каго ты любіш і хто любіць цябе, то і з ім будзе тое самае.
Анры шчыра падзякаваў Кату і, узяўшы ў яго чарадзейны кіпцюр, вырашыў адразу пакарыстацца ім, бо вельмі стаміўся і быў зусім змораны. Ледзь ён дакрануўся кіпцюром сабе да лба, як стома знікла, і ён адчуў сябе бадзёрым і свежым, быццам толькі што ўстаў пасля добрага сну.
Кот усміхнуўся і прамовіў:
— А цяпер сядай мне на хвост.
Анры сеў і адразу здзіўлена ўбачыў, што хвост у Ката пачаў хутка расці і выцягвацца, і неўзабаве перанёс яго на другі бераг.