Шмат разоў кароль спрабаваў паставіць вакол сада высокі каменны мур ці хоць бы зрабіць шчыльней пруты ў агароджы, каб паміж імі няможна было пралезці, але кожны раз, як муралі завяршалі працу, нейкая невядомая сіла ўсё знішчала, і мур ці агароджа самі сабой знікалі.
І вось, каб паддобрыцца да Гурмандзінэ і ўбіцца яму ў давер, каралева Фур'ета пачала кожны дзень частаваць яго сама рознымі ласункамі. Урэшце Гурмандзінэ так прызвычаіўся да ўсякіх слодычаў, што ўжо й паўдня не мог пражыць без цукеркі, жэле ці пірожнага, якімі яго ўволю карміла каварная гаспадыня. Тады яна паклікала яго да сябе і сказала:
- Гурмандзінэ, я хачу нешта ў цябе папрасіць, і калі ты пагодзішся, у цябе будзе цэлы куфар цукерак і розных ласункаў, калі ж не - ты болей ніколі не будзеш іх есці.
- Як не буду?! О, пані, без іх я памру ад тугі. Скажыце хутчэй, што я павінен зрабіць, і я ўсё выканаю.
Тады каралева пільна зірнула на яго і прамовіла:
- Ты павінен завезці прынцэсу Бландзіну ў канец сада, дзе пачынаецца Бэзавы лес.
- Але я не магу зрабіць гэтага, пані, кароль мне строга забараніў, - адказаў няшчасны хлопец.
- Ах, ты не можаш? - незалюбіла каралева. - Ну што ж, тады бывай. Больш ты не ўбачыш ад мяне ніводнае слодычы, і я забараню ўсім, каб табе іх давалі.
- О, пані, - плачучы, пачаў прасіць Гурмандзінэ, - не будзьце такою жорсткай! Дайце мне любы іншы загад, які я змагу выканаць.
- Паўтараю табе яшчэ раз: я хачу, каб ты завёз Бландзіну да Бэзавага лесу і зрабіў так, каб яна сышла з брычкі, пералезла за агароджу і ўвайшла ў гэты лес.
- Але, пані, - увесь збялеўшы, зноў пачаў маліць Гурмандзінэ, - калі прынцэса ўвойдзе ў той лес, яна ўжо ніколі з яго не выйдзе. Вы ж ведаеце, што гэты лес зачараваны. І пасылаць туды прынцэсу - значыць пасылаць яе на немінучую смерць.
- Трэці і апошні раз я пытаюся ў цябе: павязеш ты Бландзіну да лесу ці не? Выбірай жа - або поўны куфар цукерак, які я буду напаўняць кожны месяц, або ўвогуле і назаўжды ніякіх слодычаў ды ласункаў.
- Але як я потым здолею пазбегнуць той страшнае кары, якую мне прызначыць кароль?
- Пра гэтае не турбуйся. Як толькі табе ўдасца завабіць Бландзіну ў Бэзавы лес, прыязджай да мяне. Я дам табе абяцаныя цукеркі і падрыхтую ўсё, каб ты адсюль з'ехаў.
- О, пані, пашкадуйце, не прымушайце мяне губіць маю дарагую прынцэсу. Яна была са мною заўсёды такая добрая!
- Ты яшчэ не рашаешся, нягоднік! Якая табе розніца, што будзе з Бландзінай? Я абяцаю табе, што потым зраблю ўсё, каб цябе ўзялі на службу да Брунеты, і буду сама сачыць, каб у цябе заўсёды было ўдосталь цукерак.
Некалькі хвілін Гурмандзінэ ўсё яшчэ не рашаўся, але ўрэшце, як гэтага не шкада, пагадзіўся ахвяраваць сваёю добрай маленькаю гаспадыняй, прамяняўшы яе на некалькі фунтаў цукерак. Увесь вечар і ўсю ноч ён мучыўся ад думкі, што павінен зрабіць вялікае злачынства. Але ж адмовіўшыся выканаць загад каралевы, ён ніколі ўжо не змог бы паласавацца смачнымі слодычамі! Такая перспектыва яго палохала яшчэ болей, і таму, паспадзяваўшыся, што аднойчы, з дапамогаю якой-небудзь магутнай чараўніцы, ён усё роўна здолее адшукаць Бландзіну ў зачараваным лесе, ён адкінуў усе сумненні і вырашыў падпарадкавацца каралеве.
Назаўтра, гадзіне а чацвёртай, Бландзіна папрасіла, каб ёй падалі яе маленькую брычку. Сеўшы ў яе, яна развіталася з бацькам і паабяцала, што праз дзве гадзіны вернецца дадому. Сад быў вялікі. І спачатку Гурмандзінэ накіраваў страўсаў у адваротным напрамку ад таго месца, дзе пачынаўся Бэзавы лес.
Калі ж яны ад'ехаліся так далёка, што з палаца іх ужо было не відаць, ён перамяніў напрамак і паехаў проста да агароджы, за якой шырыўся Бэзавы лес. Па дарозе ён увесь час быў маўклівы і сумны: злачынства, якое ён мусіў учыніць, увесь час не давала яму спакою і кроіла сэрца.
- Што з табой, Гурмандзінэ? - спытала ў яго Бландзіна. - Ты ўвесь час маўчыш. Ты часам не захварэў?
- Не, прынцэса, - адказаў Гурмандзінэ, - я адчуваю сябе добра.
- Але ж ты такі бледны! Скажы, што з табой, бедны Гурмандзінэ. Я абяцаю, што зраблю ўсё, каб табе было лепей.
Расчуліўшы Гурмандзінэ сваёй дабрынёй, Бландзіна сябе амаль уратавала. Але ўспамін пра цукеркі, паабяцаныя каралевай Фур'етай, прымусіў хлопца прагнаць свае добрыя пачуцці.
І не паспеў ён нічога адказаць, як страўсы ўпёрліся ў агароджу, за якой рос зачараваны Бэзавы лес.
- Ах! - ускрыкнула Бландзіна. - Які прыгожы бэз! І як ён чароўна пахне! Вось добра было б сабраць вялікі букет і падарыць яго тату! Гурмандзінэ, калі ласка, злезь з брычкі і прынясі мне некалькі галінак.