- Я не магу, прынцэса, - азваўся маленькі паж. - Пакуль мяне не будзе, страўсы могуць уцячы.
- Ну і што? - сказала Бландзіна. - Я і сама магу на іх даехаць да палаца.
- Але тады кароль будзе сварыцца, што я вас пакінуў адну. Можа, вы лепей самі сходзіце па гэтыя кветкі ды выбераце, якія вам больш спадабаюцца.
- І праўда, - пагадзілася Бландзіна. - А то мне будзе вельмі непрыемна, калі на цябе, мой бедны Гурмандзіне, будуць з-за мяне сварыцца.
І сказаўшы гэта, Бландзіна саскочыла з брычкі, пралезла паміж прутоў у агароджы і пачала збіраць кветкі.
Як толькі яна гэта зрабіла, у Гурмандзінэ ўсё ўсярэдзіне здрыганулася і яго пачалі мучыць згрызоты. Яму захацелася выправіць сваё злачынства, паклікаць Бландзіну назад. Але хоць прынцэса была ўсяго за дзесяць крокаў, і ён яе выдатна бачыў, яна зусім не чула ягоных крыкаў і ўсё глыбей заходзіла ў зачараваны лес. Гурмандзінэ доўга яшчэ глядзеў, як яна збірае прыгожыя кветкі, пакуль прынцэса зусім не знікла з вачэй.
Не ведаючы, што рабіць, хлопец горка заплакаў, ён праклінаў сваю ненаеднасць і ненавідзеў каралеву Фур'ету. Але прыгадаўшы, што час, калі Бландзіна павінна вярнуцца ў палац, ужо зусім блізкі, ён нарэшце паехаў назад і задворкамі прыбег да каралевы, якая яго чакала. Убачыўшы, які ён бледны і якія ў яго чырвоныя і заплаканыя ад нячыстага сумлення вочы, каралева здагадалася, што Бландзіна прапала.
- Ты ўсё зрабіў? - спытала яна.
У адказ Гурмандзінэ толькі кіўнуў галавой, бо гаварыць у яго не было сілы.
- То хадзі за мной, - сказала яму каралева. - Вось твая ўзнагарода.
І яна паказала пажу на вялікі куфар, поўны сама розных цукерак. Потым яна паклікала служку і загадала яму пагрузіць гэты куфар на аднаго з тых мулаў, на якіх прывезлі яе каштоўнасці і аздобы.
- Гурмандзінэ завязе гэты куфар майму бацьку, - сказала каралева і дадала, павярнуўшыся да пажа. - Выязджай зараз жа, а праз месяц прыедзеш зноў і завязеш яшчэ адзін куфар.
У тую ж хвіліну яна неўпрыкмет сунула хлопцу ў руку мяшэчак з залатымі манетамі. Гурмандзінэ нічога не адказаў і моўчкі залез на мула. Доўга не думаючы, ён адразу пусціў наўзгалоп; але мул быў вельмі натурысты і ўпарты, і, хутка стаміўшыся ад цяжкага куфра, ён пачаў кідацца з боку ў бок, брыкацца і нарэшце такі скінуў Гурмандзінэ разам з усімі яго цукеркамі. Хлопец яшчэ не ўмеў добра ездзіць нават на кані, не тое, што на муле, і, зляцеўшы на зямлю, ударыўся галавой аб камень і тут жа памёр. Ён так і не змог скарыстацца ўзнагародаю за сваё злачынства, бо не паспеў з'есці ніводнае цукеркі, падоранай яму каралевай.
Ніхто яго не пашкадаваў, бо ніхто яго й не любіў у палацы, апроч беднай Бландзіны, якая ў гэты самы час блукала па зачараваным Бэзавым лесе.
Раздзел 3. Бэзавы лес
Апынуўшыся ў лесе, Бландзіна пачала збіраць прыгожыя кветкі. Яна радавалася, што іх так многа і што ў іх такі добры пах. Збіраючы, яна заходзіла ўсё далей і заўважала яшчэ прыгажэйшыя кветкі, тады яна вытрасала фартух і шапку і пачынала збіраць новыя.
Так прайшла цэлая гадзіна. Бландзіне ўжо зрабілася горача, а букет быў такі цяжкі, што яна пачала стамляцца. І тады яна вырашыла, што пара вяртацца ў палац. Яна павярнулася і ўбачыла, што з усіх бакоў яе абступае бэз.
Яна паклікала Гурмандзінэ, але ніхто не адказаў. «Здаецца, я адышлася трошкі далей, чым думала, - сказала Бландзіна. - Што ж, хоць я і стамілася, давядзецца ісці назад. Гурмандзінэ пачуе мяне і выйдзе насустрач.»
Яна рушыла назад па сваіх слядах, але колькі ні йшла, дрэвы і кусты не радзелі і ўскрайку леса было не відаць. Яна зноў доўга клікала Гурмандзінэ, але ёй зноў ніхто не адказаў. І тады ёй зрабілася страшна.
- Што са мной будзе ў гэтым лесе? І што падумае мой бедны тата, убачыўшы, што я не вярнулася? А небарака Гурмандзінэ? Ён жа не адважыцца вярнуцца ў палац без мяне: на яго будуць сварыцца, а можа нават адлупцуюць! І ўсё гэта з-за мяне, з-за таго, што мне захацелася назбіраць гэтага бэзу... Ах, якая я няшчасная! Цяпер я памру ў гэтым лесе ад смагі і голаду, калі ўначы мяне не задзяруць злыя ваўкі.
Бландзіна кінулася пад высокім дрэвам на зямлю і горка заплакала. Яна плакала вельмі доўга, але ўрэшце стома перамагла яе смутак, і, паклаўшы пад галаву букет, яна моцна заснула.
Раздзел 4. Бландзіна прачынаецца першы раз і сустракаецца з Катком-Вуркатком
Так Бландзіна праспала ўсю ноч. Ніводзін драпежны звер не патрывожыў яе спакойнага сну, і холад яна не адчула. Назаўтра яна прачнулася позна і, калі працерла вочы, здзіўлена ўбачыла, што з усіх бакоў яе абступаюць нейкія дрэвы і што ляжыць яна зусім не ў сваім ложку і не ў сваім пакоі. Яна паклікала пакаёўку і пачула ў адказ ціхае мяўканне. Здзівіўшыся і амаль спалохаўшыся, яна пачала азірацца вакол і ўбачыла каля сваіх ног прыгожага белага ката, які ласкава глядзеў на яе і мяўкаў.