Выбрать главу

- Ах, ты, Каток-Вуркаток, які ж ты прыгожы! - сказала Бландзіна і пагладзіла ката па яго белай, як снег, ільснянае поўсці. - Я вельмі радая цябе бачыць. Ты ж завядзеш мяне да сваёй хаткі? Але я такая галодная, што напэўна, нікуды не змагу дайсці, пакуль не паем.

Толькі яна сказала гэтыя словы, як Каток-Вуркаток мяўкнуў яшчэ раз і паказаў сваёй маленькаю лапкай на невялікі пакунак, які ляжаў побач з ёй. У чыстай белай тканіне было нешта загорнута. Бландзіна разгарнула тканіну і ўбачыла некалькі лусценяў з маслам.

Яна пакаштавала адзін і адразу адчула, што лусцені вельмі смачныя. Тады яна адламала некалькі кавалачкаў Катку-Вуркатку, і той з вуркатаннем пачаў іх есці. Было відаць, што лусцені яму таксама вельмі падабаюцца.

Калі Бландзіна добра пад'ела, яна нахілілася да Катка-Вуркатка, палашчыла яго і сказала:

- Дзякуй табе, Каток-Вуркаток, за тое, што ты прынёс мне сняданак. Можа, цяпер ты завядзеш мяне да майго бацькі? Бо ён, напэўна, вельмі хвалюецца, што мяне так доўга няма.

Каток-Вуркаток зірнуў на Бландзіну і апусціў галаву.

- Ах, Каток-Вуркаток, дык ты мяне разумееш? - здагадалася Бландзіна. - Тады, калі ласка, пашкадуй мяне, завядзі хоць да якой-небудзь хаткі. Бо адна я загіну ў гэтым страшным лесе ад холаду, голаду і розных жахаў.

Каток-Вуркаток зноў зірнуў на Бландзіну і, кіўнуўшы ў знак таго, што ўсё разумее, устаў, ступіў некалькі крокаў і азірнуўся, каб паглядзець, ці ідзе Бландзіна за ім.

- Я іду-іду, Каток-Вуркаток, - сказала Бландзіна, - іду за табой. Але як мы зможам прабрацца скрозь гэты гушчар? Тут жа няма ніякай сцяжынкі.

Замест адказу Каток-Вуркаток смела рушыў наперад. І раптам кусты пачалі самі сабой расступацца, даючы ім дарогу, а потым зноў злучаліся ў іх за спінаю, утвараючы непралазны гушчар. Так Бландзіна ішла цэлую гадзіну.

Лес паступова пачынаў святлець, трава рабілася болей мяккая, вакол раслі рознакаляровыя кветкі, спявалі, хаваючыся ў лістоце, прыгожыя птушкі, па галінках бегалі вавёркі. Бландзіна не сумнявалася, што хутка ўжо зможа выйсці з гэтага лесу і ўбачыць свайго дарагога бацьку. Усё, што яна цяпер бачыла вакол, вельмі радавала яе. Ёй нават хацелася спыніцца і назбіраць трошкі кветак, але Каток-Вуркаток увесь час бег наперадзе і кожны раз, як яна спынялася, пачынаў жаласна мяўкаць.

Так прайшла яшчэ гадзіна, і нарэшце Бландзіна ўбачыла велічны замак. Каток-Вуркаток падвёў яе да мура з магутнымі залачонымі кратамі і спыніўся. Але краты былі апушчаныя, і Бландзіна не ведала, як увайсці, бо нідзе не было нават званка. Яна пачала азірацца і ўбачыла, што Каток-Вуркаток знік і яна засталася адна.

Раздзел 5. Добрая Козачка

А Каток-Вуркаток прайшоў у маленечкую фортку, якая была зроблена, відаць, спецыяльна дзеля яго. Ён, напэўна, кагосьці папярэдзіў у замку, бо краты раптам падняліся, і Бландзіна ўвайшла на двор.

Тут зноў нікога не было, і дзверы ў замак адчыніліся самі сабой, прапускаючы Бландзіну ў вялікую залу, дзе ўсё было з рэдкага белага мармуру. Бландзіна пайшла наперад і пачала пераходзіць з аднаго пакоя ў другі, і ўсе дзверы, як і раней, самі адчыняліся перад ёю. Нарэшце яна трапіла ў чароўную залу, пафарбаваную ў блакітны і залацісты колер, і ўбачыла ў дальнім куце козачку, якая адпачывала на ложы з духмяных траваў. Побач з Козачкай сядзеў і Каток-Вуркаток. Убачыўшы Бландзіну, Козачка ўстала, падышла да яе і прамовіла:

- Шчыра вітаю цябе, Бландзіна. Мы з маім сынам Катком-Вуркатком даўно ўжо чакаем цябе.

Ад нечаканасці Бландзіна крыху спалохалася. І таму Козачка ёй сказала:

- Не бойся, Бландзіна, мы твае сябры. Я ведаю твайго бацьку-караля і люблю яго гэтаксама, як і ты.

- О, пані! - адказала Бландзіна. - Калі вы ведаеце майго бацьку, завядзіце мяне да яго. Ён, напэўна, вельмі хвалюецца, што мяне так доўга няма.

- Дарагая Бландзіна, - прамовіла Добрая Козачка, уздыхнуўшы, - я не магу вярнуць цябе твайму бацьку. Ты знаходзішся тут пад уладаю чарадзея Бэзавага леса. І мы з Катком-Вуркатком таксама яму падпарадкуемся, бо ён магутнейшы за мяне. Але я магу паслаць твайму бацьку сны, якія яго супакояць і раскажуць пра ўсё, што з табою здарылася. У сне я паведамлю яму, што цяпер ты знаходзішся ў мяне.