Выбрать главу

- Няўжо ты сапраўды прынёс мне навіны ад майго бацькі? Кажы хутчэй: што з ім і як ён?

- З тваім бацькам усё добра, Бландзіна, - адказаў Папугай. - Але ён вельмі журыцца, што цябе няма побач. Я паабяцаў яму зрабіць усё, што ў маёй невялікай сіле, каб вызваліць цябе з твайго вязення. Але я змагу зрабіць гэта, толькі калі ты мне дапаможаш.

- З майго вязення? - здзівілася Бландзіна. - Дык ты проста не ведаеш, што Добрая Козачка і Каток-Вуркаток са мной заўсёды вельмі добрыя і ласкавыя і вельмі клапацяцца пра маё выхаванне! Яны вельмі ўзрадаваліся б, каб у іх была магчымасць вярнуць мяне майму бацьку. Мілы Папугай, калі ласка, хадзі са мной, і я пазнаёмлю цябе з Добрай Козачкай.

- Ах, Бландзіна, - адказаў Папугай сваім траскучым галаском, - ты не ведаеш яшчэ Добрае Козачкі і Катка-Вуркатка. Яны ненавідзяць мяне, бо мне ўжо некалькі разоў удавалася ратаваць іхніх ахвяраў. Ніколі табе не ўбачыць свайго бацькі, Бландзіна, і ніколі не выйсці з гэтага леса, калі ты сама не здымеш таго талісмана, які цябе тут трымае.

- Якога талісмана? - зноў здзівілася Бландзіна. - Я ніякага талісмана не ведаю. Дый якая карысць Добрай Козачцы і Катку-Вуркатку трымаць мяне тут у палоне?

- А тая карысць, Бландзіна, што ім тут сумна жыць у адзіноце. Што ж да талісмана, дык гэта звычайная Ружа. Калі ты яе сарвеш, яна вызваліць цябе з твайго вязення, і ты зноў апынешся ў абдымках у свайго бацькі.

- Але ж у садзе няма ніводнае Ружы... Як жа мне яе сарваць?

- Прыйдзе дзень, і я скажу табе гэта. Але сёння мне болей нельга з табою гутарыць: хутка сюды прыйдзе Добрая Козачка. Але каб ты магла пераканацца ў цудадзейнай якасці Ружы, спытай пра яе ў Добрае Козачкі, і ты ўбачыш, які ў яе будзе выгляд. А цяпер - да заўтра, Бландзіна, да заўтра.

І Папугай паляцеў задаволены, што яму ўдалося закінуць у душу Бландзіне першыя зярняткі няўдзячнасці і непаслушэнства.

Як толькі Папугай знік, у пакой увайшла Добрая Козачка. Было відаць, што яна вельмі ўсхваляваная.

- З кім гэта ты тут гутарыла? - спытала яна, насцярожана пазіраючы на расчыненае акно.

- Ні з кім, пані, - адказала Бландзіна.

- Але я ўпэўненая, што чула тут галасы.

- Гэта я, відаць, размаўляла сама з сабою.

Добрая Козачка нічога не адказала, але твар у яе быў сумны, і з вачэй нават выкаціліся некалькі слязінак.

Бландзіна таксама была вельмі ўсхваляваная: Папугаевы словы прымусілі яе зусім іначай зірнуць на тое, што яна робіць у Добрай Козачкі і Катка-Вуркатка. І замест таго, каб падумаць, што козачка, якая ўмее гаварыць па-чалавечы і надзяляць розумам іншых жывёл; якая змагла на сем год усыпіць дзяўчынку і ўвесь гэты час прысвяціла яе выхаванню; якая жыве ў палацы, дзе ёй прыслугоўваюць, як сапраўднай каралеве, што гэтая козачка - незвычайная; і замест таго, каб адчуць да яе ўдзячнасць, Бландзіна слепа паверыла Папугаю, якога зусім не ведала і верыць словам якога ў яе не было ніякай прычыны, як і ў Папугая не было ніякай прычыны дапамагаць Бландзіне, рызыкуючы сваім жыццём. Яна паверыла яму толькі таму, што ён увесь час расхвальваў яе таленты. Цяпер яна ўжо не глядзела з былой удзячнасцю на прыемнае і шчаслівае жыццё, якое ёй падарылі Каток-Вуркаток і Добрая Козачка: яна вырашыла зрабіць усё так, як параіў ёй Папугай.

У той жа дзень, нібы незнарок, яна спытала ў Добрае Козачкі:

- Скажыце, Добрая Козачка, чаму ў Вашым садзе столькі розных прыгожых кветак, а сама чароўнай і сама прыгожай - Ружы - няма?

Пачуўшы гэтае пытанне, Добрая Козачка чамусьці вельмі збянтэжылася і з дрыготкаю ў голасе адказала:

- Бландзіна, ах, Бландзіна, не думай пра гэтую каварную кветку, якая коле кожнага, хто да яе дакранецца. І ніколі не гавары са мною пра Ружу. Ты не ўяўляеш, якая небяспека крыецца для цябе ў гэтае кветцы.

У Добрае Козачкі быў такі суровы выгляд, што Бландзіна не асмелілася болей нічога спытаць.

Дзень скончыўся сумна. Бландзіна адчувала сябе няёмка, Добрая Козачка была незадаволеная, а Каток-Вуркаток - журботны.

Назаўтра Бландзіна, прачнуўшыся, падбегла да акна і ледзь паспела яго адчыніць, як у пакой уляцеў Папугай.

- Ну, што, Бландзіна, - спытаў ён, - бачыла, як збянтэжылася Добрая Козачка, калі ты спытала ў яе пра Ружу? Я абяцаў табе расказаць, як здабыць гэту чароўную кветку, дык вось: табе трэба выйсці з парка і пайсці ў лес. Я палячу разам з табой і пакажу месца, дзе расце найпрыгажэйшая Ружа ў свеце.

- Але як жа я выйду з парка? Са мной на шпацыр заўсёды ходзіць Каток-Вуркаток.

- Пастарайся яго адаслаць, - сказаў Папугай. - А калі ён заўпарціцца, усё роўна не слухай яго і выходзь за агароджу.

- Але ж калі гэтая Ружа расце далёка, у палацы абавязкова заўважаць, што мяне надта доўга няма.