Выбрать главу

Але што яна адчула, убачыўшы, што на месцы чароўнага замка ляжалі адны руіны, а замест прыгожых кветак і дрэваў раслі брыдкія калючкі, ваўчкі ды крапіва?!

У жаху і вялікае роспачы Бландзіна паспрабавала прабрацца паміж руінаў, каб паглядзець, што сталася з яе сябрамі. Але раптам з-пад каменя вылезла вялікая Жаба, якая села перад ёй і прамовіла:

- Што табе трэба? Ці не ты сваёю няўдзячнасцю прынесла пагібель сваім сябрам? Ідзі ж прэч і не зневажай іхняй памяці сваёю прысутнасцю!

- Ах! - закрычала Бландзіна. - Бедныя мае сябры, Добрая Козачка і Каток-Вуркаток! Няхай я лепей памру, толькі б гэта магло выправіць гора, якое я вам прычыніла!

І горка заплакаўшы, яна ўпала на зямлю сярод камення і калючага пустазелля. На душы ў яе быў такі боль, што яна не адчувала ўколаў вострых камянёў і шыпоў. Яна плакала вельмі доўга, але нарэшце села і пачала шукаць якога-небудзь прытулку, дзе можна было б схавацца. Але вакол былі толькі камяні ды калючкі.

- Ну, што ж, - сказала яна, няхай мяне раздзяруць лютыя звяры, няхай я памру ад голаду і пакуты, але я ўсё роўна застануся тут, на магіле маіх мілых Катка-Вуркатка і Добрае Козачкі!

І толькі яна прамовіла гэтыя словы, як аднекуль пачуўся голас, які сказаў: «Раскаянне акупае шмат якія грахі!»

Яна падняла галаву і ўбачыла вялікага чорнага Крумкача, што кружыў па-над ёю ў небе.

- Шкада! - адказала яна. - Але ж як бы я ні раскайвалася, гэта наўрад ці верне жыццё Добрай Козачцы і Катку-Вуркатку.

- Будзь мужная, Бландзіна! - зноў пачуўся голас з вышыні. - Акупі свой ганебны ўчынак сваім раскаяннем, не давай нудзе і маркоце завалодаць табою!

Бедная Бландзіна ўстала і рушыла прэч з гэтага месца, якое навявала на яе вялікую роспач. Па маленькай сцяжынцы яна дабралася да той часткі леса, дзе высокія, магутныя дрэвы не давалі разрасціся калючкам. Увесь дол тут быў пакрыты мяккім імхом. Бландзіна зусім знемаглася ад тугі і стомы і, упаўшы пад высокім дрэвам на зямлю, зноў горка заплакала.

- Будзь мужная, Бландзіна! Не страчвай надзеі! - зноў крыкнуў ёй голас.

Яна азірнулася і ўбачыла побач Жабу, якая глядзела на яе са спагадай.

- Мілая Жаба, - сказала Бландзіна. - Ты мне спачуваеш. Але, Божа, што цяпер са мной будзе, калі я засталася адна ў цэлым свеце?

- Захоўвай надзею і мужнасць! - паўтарыў голас.

Бландзіна ўздыхнула і пачала шукаць які-небудзь плод ці ягадку, каб наталіць смагу і голад. Але нічога вакол не было, і яна зноў пачала ліць горкія слёзы.

Раптам яе сумныя думкі развеяла дзіліньканне грамкоў; яна падняла вочы і ўбачыла дзябёлую карову, якая паволі падыходзіла да яе. Карова спынілася і, нахіліўшыся, паказала Бландзіне місу, якая вісела ў яе на шыі.

Узрадаваўшыся нечаканаму паратунку, Бландзіна адчапіла місу і, падаіўшы карову, пачала з асалодаю піць свежае малачко. Малако было такое смачнае, што Бландзіна выпіла ажно дзве місы запар.

Калі яна нарэшце напілася, карова паказала знакам, каб яна прычапіла місу назад, і Бландзіна, усё так і зрабіўшы, пацалавала карове ў шыю і сумна прамовіла:

- Дзякуй, Бяляначка. Я ведаю, цябе, напэўна, паслалі мне ў дапамогу мае няшчасныя сябры. Яны, відаць, з таго свету бачаць раскаянне іх беднай Бландзіны і хочуць палегчыць яе бяду.

- Раскаянне акупае шмат якія грахі! - зноў пачуўся голас.

- Ах! - сказала Бландзіна. - Нават калі я праплачу цэлую сотню гадоў - усё роўна я нічога сабе не дарую. Мне ніколі не будзе прабачэння.

Тым часам набліжалася ноч. І нягледзячы на скруху, Бландзіна падумала, што трэба паклапаціцца пра сховішча, у якім можна было б уратавацца ад лютых звяроў, рык якіх ўжо чуўся ў лясное нетры.

На шчасце, за некалькі крокаў ад сябе яна ўбачыла нешта накшталт невялічкай хаткі, якую ўтваралі шчыльна пераплеценыя галіны густых хмызоў. Трошкі схіліўшыся, яна пралезла пад імі і, калі выпрасталася, убачыла, што тут можна зрабіць вельмі добры прытулак.

Пакуль дзень канчаткова не згас, Бландзіна ўзялася ўладкоўваць сваю каморку: яна прынесла трошкі моху і зрабіла з яго матрац і падушку, а потым, наламаўшы галінак, уторкнула іх у зямлю і схавала ўваход. Скончыўшы працу, яна раптам адчула вялікую стому і ледзь толькі лягла спаць, як адразу заснула.

Прачнулася яна, калі ўжо зусім развіднела. У першую хвіліну яна нават не магла добра ўспомніць, як тут апынулася, але сумная праўда хутка нагадала пра сябе, і Бландзіна зноў, як і ўчора, горка заплакала.

Неўзабаве яе пачаў мучыць голад, і яна занепакоена задумалася, дзе знайсці ежу. І тут да яе зноў даляцела ціхае дзіліньканне. Праз некалькі хвілін карова была каля Бландзінінай каморкі. Бландзіна, як і ўчора, адчапіла місу, надаіла малачка і напілася яго, колькі хацела. Потым павесіла місу карове на шыю і, пацалаваўшы Бялянку, яшчэ доўга глядзела ёй услед з надзеяй, што і заўтра яна прыйдзе таксама.