Так яно і здарылася: кожны дзень раніцай, апоўдні і ўвечары Бяляначка прыходзіла да Бландзіны і частавала дзяўчынку сваёю простаю ежай.
А Бландзіна ўвесь час аплаквала сваіх няшчасных сяброў і горка папракала сябе за свае памылкі.
- Сваёю непаслухмянасцю я прынесла вялікае гора і цяпер ніколі не здолею яго выправіць, - казала яна. - Я не толькі страціла сваіх добрых і мілых сяброў, але і сябе пазбавіла адзінай магчымасці вярнуцца да бацькі. Бедны мой бацька! Ён, напэўна, яшчэ чакае сваю няшчасную Бландзіну, але цяпер ёй наканавана навечна застацца тут і памерці адной у гэтым страшным лесе, якім кіруе злы чарадзей.
Бландзіна старалася чым-небудзь развеяць свае цяжкія думкі і займала сябе сама рознаю працай. Яна ўладкавала ўсё ў сваёй хатцы: зрабіла ложак з моху і лісця; спляла з тоўстых прутоў крэсла; з доўгіх і тонкіх калючак зрабіла голкі і шпількі, а раскудзеліўшы некалькі сцяблін высокай травы, што расла каля хаткі, спляла нешта накшталт тоўстай ніткі і зацыравала свае падраныя шыпамі чаравікі і вопратку. Так яна жыла цэлых шэсць тыдняў. І ўвесь гэты час яе не пакідала туга.
Але журылася яна зусім не з-за таго, што жыццё ў яе было сумнае і самотнае, а з-за таго, што яе па-ранейшаму мучыў папрок і яна шчыра шкадавала свайго ганебнага ўчынку. Яна з радасцю пагадзілася б правесці ўсю рэшту свайго жыцця ў гэтым лесе, каб толькі гэта магло вярнуць жыццё Катку-Вуркатку і Добрай Козачцы.
Раздзел 9. Чарапаха
Аднойчы Бландзіна сядзела перад сваёю хаткай і, як зазвычай, думала пра сваіх сяброў і пра бацьку. І раптам проста перад сабой яна ўбачыла вялікую Чарапаху.
- Бландзіна, а Бландзіна, - сказала ёй Чарапаха хрыпатым старэчым голасам. - Калі хочаш, я магу ўзяць цябе пад сваю апеку і вывесці з гэтага небяспечнага лесу.
- Дарагая Чарапаха, - адказала Бландзіна. - Нашто мне пакідаць гэты лес? Тут па маёй віне памерлі мае сябры, і я таксама хачу тут спаткаць сваю смерць.
- А ты ўпэўненая, што твае сябры памерлі?
- Як? Хіба не?.. Але ж я сама бачыла руіны іхняга замка. Дый Папугай і Жаба казалі, што іх болей няма. Вы па сваёй дабрыні, напэўна, хочаце мяне супакоіць. Але я, на жаль, не спадзяюся іх калі-небудзь убачыць. Каб яны не памерлі, хіба яны кінулі б мяне адну ў такой страшнай роспачы, каб я думала, што паслужыла прычынай іхняе смерці?
- А хіба, па-твойму, яны не маглі быць вымушаныя кінуць цябе? Хіба іх не мог прымусіць да гэтага чарадзей, які мае болей магутную ўладу? Але ж ты ведаеш, Бландзіна, што раскаянне акупае шмат якія памылкі.
- Ах, дарагая Чарапаха, калі яны сапраўды жывыя і ў вас ёсць ад іх вестка, скажыце, што я не вінаватая ў іх смерці і яшчэ змагу ўбачыцца з імі. Я згодная на любое выпрабаванне, каб толькі заслужыць гэтае шчасце.
- Бландзіна, мне не дазволена казаць табе пра лёс, які напаткаў тваіх сяброў. Але калі ў цябе стане мужнасці залезці да мяне на спіну і паўгода, пакуль не скончыцца нашае падарожжа, не злазіць з мяне і не прамаўляць ні слова, то я занясу цябе туды, дзе ты пра ўсё даведаешся.
- Я абяцаю зрабіць усё, што вы скажаце, дарагая Чарапаха, толькі б ведаць, што сталася з маімі сябрамі.
- Сцеражыся ж, Бландзіна! Шэсць месяцаў ты павінна будзеш не сыходзіць з маёй спіны і ўвесь час маўчаць! Калі ж па дарозе ты не вытрымаеш выпрабавання, ты навечна застанешся пад уладаю чарадзея Папугая і ягонае сястры Ружы. І тады я не змагу ўжо даць нават той малой дапамогі, якая дазволіла табе выжыць у гэтыя апошнія шэсць тыдняў.
- Я згодная, дарагая Чарапаха, і гатовая зараз жа выправіцца ў дарогу. Няхай я лепей памру ад нуды і стомы, чым ад хвалявання і тугі. Цяпер, калі вашыя словы адрадзілі ўва мне надзею, я адчуваю ў сабе сілу выцярпець нават яшчэ цяжэйшае падарожжа, чым тое, пра якое вы кажаце.
- Няхай жа будзе па-твойму, Бландзіна. Сядай да мяне на спіну і не бойся ні смагі, ні голаду, ні сну і ніякага ліха. Пакуль мы будзем ісці, нічога гэтага ты можаш не апасацца.
Бландзіна хуценька ўзлезла Чарапасе на спіну, і тая прамовіла:
- А цяпер - болей ні слова! Маўчы да той самай хвіліны, пакуль мы не прыйдзем і я сама першая не загавару з табой.
Раздзел 10. Падарожжа і вяртанне
Як і казала Чарапаха, падарожжа доўжылася цэлыя шэсць месяцаў. Калі мінулі першыя тры месяцы, яны выйшлі з леса і апынуліся на высушанай раўніне, па якой ішлі яшчэ шэсць тыдняў. Нарэшце на даляглядзе ўзнік велічны замак, вельмі падобны да таго, які быў у Катка-Вуркатка з Добраю Козачкай. Яшчэ месяц яны дабіраліся да шырокай дарогі, што вяла да замкавай брамы. Бландзіна згарала ад нецярпення. «Няўжо гэта і ёсць той замак, дзе я даведаюся пра лёс маіх дарагіх сяброў?» - думала яна. Але нягледзячы на вялікае жаданне, яна баялася спытаць пра гэта ў Чарапахі. Каб яна магла злезці на зямлю з Чарапахінай спіны, яна дабегла б да замка ўсяго за дзесяць хвілін, але Чарапаха ўсё йшла і йшла, і Бландзіна памятала, што ёй нельга гаварыць і злазіць са спіны. Таму, нягледзячы на пякучае жаданне, яна вырашыла чакаць. Але замест таго, каб паскорыць хаду, Чарапаха, здавалася, пачала яшчэ марудней перастаўляць ногі і йшла да замка яшчэ доўгіх пятнаццаць дзён, якія падаліся Бландзіне пятнаццаццю гадамі. Бландзіна не зводзіла з замка вачэй і ўвесь час глядзела на яго браму. Замак здаваўся пакінутым: з яго не далятала ніводнага гуку, быццам за яго мурамі зусім не было жыцця. Нарэшце, на сто васьмідзесяты дзень падарожжа Чарапаха спынілася і сказала Бландзіне: