І яна кінулася ўпрочкі, ратуючыся ад полымя. Яна доўга бегла, сама не ведаючы куды, потым яшчэ некалькі гадзін ішла і нарэшце, не адчуваючы ног ад стомы і паўжывая ад голаду, адважылася падысці да нейкай добрай кабеты, якая сядзела на парозе сваёй хаты.
— Пані, — сказала ёй Разалі, — ці не дасцё вы мне прытулак? Я паміраю ад стомы і голаду, дазвольце ж мне ўвайсці ў вашу хату і правесці ў вас ноч.
— Але чаму такая прыгожая дзяўчынка цягаецца адна па дарогах? — здзівілася кабета. — І што гэта з вамі за брыдкая мыш з такой страшнаю пысай?
Разалі азірнулася і ўбачыла побач шэрую Мыш, якая глядзела на яе кплівым позіркам.
Яна хацела яе прагнаць, але Мыш упарта стаяла на месцы. Убачыўшы іх барацьбу, добрая кабета заківала галавой і сказала:
— Ідзіце, красуня, сваёй дарогай. Я не даю ў сябе прытулку нячыстай сіле і тым, хто з ёй знаецца.
Заплакаўшы, Разалі пайшла далей, і паўсюль, дзе яна ні пыталася, яе не хацелі пускаць, таму што ўсе бачылі брыдкую Мыш, якая ні на крок не адставала ад дзяўчынкі. Неўзабаве Разалі ўвайшла ў дрымучы лес. На шчасце, яна знайшла ў ім чыстую ручаіну і змагла наталіць смагу. У лесе было шмат арэхаў і ягад; і вось, папіўшы ды паеўшы, Разалі села, прытулілася да дрэва і з трывогай пачала думаць пра свайго бацьку ды пра тое, што ёй рабіць і як быць адной усе гэтыя два тыдні. Думаючы так, Разалі заплюшчыла вочы, каб не бачыць праклятае шэрае Мышы; стома і прыцемак пачалі наганяць на яе дрымоту, і яна заснула глыбокім сном.
Раздзел 3. Чароўны прынц
Пакуль Разалі спала, у лес на паляванне з паходнямі прыехаў Чароўны прынц. Ён сабакамі атутаваў аленя, і той, перапалоханы, схаваўся ў хмызах непадалёк ад месца, дзе спала Разалі. Сабачая зграя і мысліўцы былі ўжо зусім блізка, яны гатовыя былі накінуцца на аленя, калі сабакі раптам перасталі брахаць і ціха скупіліся вакол Разалі. Прынц сышоў з каня, каб пусціць сабак зноў у пагоню. Але якое ж было яго здзіўленне, калі ён убачыў прыгожую маладую дзяўчыну, якая спакойна спала пасярод дрымучага леса! Ён паглядзеў вакол, але нікога болей не ўбачыў: яна была адна, зусім адна, пазабытая ўсімі. Разгледзеўшы яе ўважлівей, прынц заўважыў на яе твары сляды ад слёз, якія і цяпер каціліся з яе заплюшчаных вачэй. На Разалі была простая сукенка, але пашыта яна была з вельмі дарагога ядвабу, яе прыгожыя белыя ручкі, тонкія пальчыкі, акуратныя каштанавыя валасы, дбайна зашпіленыя залатым грабянцом, зграбныя чаравічкі і нізка дробных перлаў на шыі — усё сведчыла пра яе высокае паходжанне.
Дзяўчына спала, хоць вакол тупалі капытамі коні, брахалі сабакі, шумна перагукаліся загоншчыкі і мысліўцы. Здзіўлены прынц не мог звесці вачэй з Разалі, але ніхто з прыдворных не ведаў, хто яна і адкуль. Прынц пачаў хвалявацца, чаму дзяўчына спіць такім непрабудным сном? Ён ціхутка ўзяў яе за руку, але Разалі не прачнулася. Тады ён крыху пакратаў яе за плячо, але ўсё роўна не змог пабудзіць.
— Я не магу пакінуць тут гэтае няшчаснае дзіця, — сказаў прынц сваім афіцэрам. — Нехта, відаць, наўмысна завёў яе ў гэты лес і кінуў. Яна, напэўна, ахвяра нейкага злоснага ашуканства. Але як яе можна адсюль забраць, каб не пабудзіць?
— Прынц, — сказаў яму галоўны мысліўца Губэр, — мы маглі б зрабіць з галля насілы і занесці на іх дзяўчыну ў які-небудзь заезны двор па суседстве. А вы тым часам маглі б паляваць далей.
— Ты ўсё добра прыдумаў, дарагі Губэр, — ухваліў прынц. — Аддавай загад! Няхай зробяць насілы і на іх пакладуць дзяўчыну, але вы панесяце яе не ў заезны двор, а да мяне ў палац. Гэтая асоба, як відаць, знатнага роду. І апроч таго, яна прыгожая, як анёлак. Я сам буду сачыць, каб ёй прыслугоўвалі, як гэта належыць яе сану.
Губэр з афіцерамі хутка зрабілі насілы, а прынц паслаў на іх сваю накідку і акуратна паклаў на яе Разалі, якая па-ранейшаму спала. Якраз у гэтую хвіліну Разалі, напэўна, прысніла сон, яна ўсміхнулася і шэптам прамовіла: «Бацька, мой бацька!.. Ты будзеш уратаваны!.. Каралева феяў... Чароўны прынц... я бачу яго... які ён прыгожы!»
Прынц вельмі здзівіўся, калі пачуў, што дзяўчына прамовіла яго імя. Цяпер ён ужо не сумняваўся, што яна прынцэса і што на яе насланыя нечыя злыя чары. Ён загадаў, каб слугі, якія трымалі насілы, ішлі вельмі ціха і каб ніводзін іх рух не пабудзіў Разалі. Сам ён сеў на каня і таксама паехаў побач, ні на хвіліну не адлучаючыся ад насілаў.
Неўзабаве яны прыбылі ў палац. Чароўны прынц загадаў, каб Разалі падрыхтавалі каралевіну спальню, і, не дазваляючы нікому да яе дакрануцца, сам панёс у пакой і паклаў там на ложак. Ён сказаў фрэйлінам, якія павінны былі ёй прыслугоўваць, каб яны адразу папярэдзілі яго, калі дзяўчына прачнецца.